Матэрыялы рубрыкі «Землякоў славутыя імёны»

Знайсцi сябе на жыццёвым шляху

Гэты сівы мужчына з барадой нагадвае Хэмінгуэя – такі ж інтэлігентны твар, разумныя вочы, у якіх столькі мудрасці і разумення, што, здаецца, ён ведае адказы на ўсе пытанні.

Сённяшні мой суразмоўца – жыхар Валожына Васіль Уладзіміравіч ШАКУН, вядучы інжынер па паляўніцтвазнаўстве Рэспубліканскага ландшафтнага заказніка “Налібоцкі”, краязнавец, гаспадар аграсядзібы “Налібоцкія васількі”.

–­ Васіль Уладзіміравіч, я ведаю, што ў хуткім часе Вы адзначыце прыгожую юбілейную дату. У сувязі з гэтым скажыце, жыццё – яно доўгае ці кароткае? Чытаць далей »

Гучала музыка ў гонар знакамiтага земляка

У Івянцы адбыўся I Адкрыты рэгіянальны фестываль-конкурс выканаўцаў на народных інструментах імя Канстанціна Іосіфавіча Паплаўскага, які сабраў каля 100 удзельнікаў з дзіцячых школ мастацтваў Міншчыны.

У конкурсе прынялі ўдзел выхаванцы школ мастацтваў са Стоўбцаў, Нясвіжа, Жодзіна, Маладзечна, Мінска, Снова. Наш раён прадстаўлялі вучні ДШМ з Валожына, Ракава, Івянца і яе Дорскага філіяла. Кожны ўдзельнік выконваў па два рознахарактарныя і рознастылявыя творы. Паміж сабой спаборнічалі як салісты, так і ансамблі. Чытаць далей »

Парадуемся шчыра за землякоў

Многія карэнныя выхадцы з Валожыншчыны і людзі, якія рабілі першыя прафесіянальныя крокі на нашай зямлі, сталі вядомы далёка за межамі рэспублікі. Яны ўпісалі свой радок у летапіс не толькі раёна, вобласці, але і свету. На змену гістарычным асобам прыходзяць іх нашчадкі, маладое пакаленне.

 Ураджэнец вёскі Сакаўшчына, выпускнік Валожынскай музычнай школы Валянцін Сухадолец – вядомы ў музычных колах спявак, славуты тэнар.

Амаль дзесяць гадоў ён спяваў у гурце “Хор Турэцкага”, калі той быў яшчэ не такі раскручаны, калі таксама толькі набіраўся прафесіянальных сіл. Потым Валянцін пайшоў у “свабоднае плаванне”. Чытаць далей »

Рэгiянальныя навiны

Рэгiянальныя навiны ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

 

У гэтыя красавіцкія дні ў раёне працягваецца добраўпарадкаванне населеных пунктаў, воінскіх пахаванняў, мемарыялаў і брацкіх магіл. Арганізавана пасадка дрэў. У акцыі прымаюць удзел работнікі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, актывісты БРСМ, школьнікі, работнікі жылкамунгаса. Чытаць далей »

Урок даў прафесар

У рамках рэалізацыі праекта “Знакамітыя выпускнікі” ў СШ № 1 г. Валожына была арганізавана сустрэча вучняў старшых класаў з выпускніком 1964 года, членам-карэспандэнтам Нацыянальнай Акадэміі Навук, прафесарам, загадчыкам кафедры функцыянальнага аналізу Белдзяржуніверсітэта, віцэ-прэзідэнтам беларускага матэмачычнага таварыства, лаўрэатам прэміі камсамола Беларусі і Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Якавам Валянцінавічам РАДЫНАМ.

За кароткі час, які правёў у сценах школы, ён паспеў вельмі многа расказаць пра сябе, пра сваю работу, з радасцю прыгадаў школьныя гады, сяброў, настаўнікаў. Чытаць далей »

Самародак з-пад Ракава

Хутар і бліжэйшую вёску Крывічы злучала адзіная прасёлачная дарога, накатаная яшчэ сялянскімі вазкамі і санямі.

 Чатырохгадовы Сяргей заставаўся на хутары адзін і паслухмяна выконваў распараджэнні мамы і таты: са двара не выходзіць, да студні не лезці, ніякай шкоды не чыніць. Небяспечныя прадметы: нажы, нажніцы, запалкі на ўсялякі выпадак ад малога старанна хаваліся, але яны і не патрэбны былі хлопчыку. Ён меў чым заняцца – ён збіраў гукі.

Вось той шнурок, на якім мама сушыць бялізну, гудзіць, як чмель, пусты збан ад удару спачатку рэзка завішчыць, а потым віск пакрысе робіцца ўсё больш лагодным, аж покуль не сціхне. Свой голас маюць вокны, бярвенні, ганак, клямка… Чытаць далей »

Землякоў славутыя імёны

Алег Ігнатавіч Таўгень

Вучоны. Валожын – радзіма доктара фізіка-матэматычных навук Алега Ігнатавіча Таўгяня (1962 – 2011). Вельмі рана, у 1993-м, ён абараніў доктарскую дысертацыю. Праз два гады атрымаў званне прафесара. У коле навуковых інтарэсаў вучонага былі розныя праблемы, методыка выкладання матэматыкі, алгебры, інфарматызацыя адукацыі.

У 2000 годзе Алега Ігнатавіча прызначылі рэктарам Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Вучоны-матэматык унёс вялікі ўклад у развіццё  сістэмы адукацыі нашай краіны.

 

Антон Іосіфавіч Рагойша

Вучоны.  Нарадзіўся 25 студзеня 1925 года ў вёсцы Пярэжары. У 1948 годзе скончыў фізіка-матэматычны факультэт Гродзенскага педагагічнага інстытута. У 1955-1958 гадах вучыўся ў аспірантуры Мінскага педагагічнага інстытута па спецыяльнасці «Матэматычны аналіз». З 1958 па 1985 год працаваў асістэнтам, старшым выкладчыкам кафедраў элементарнай матэматыкі, вышэйшай матэматыкі, матэматычнага аналізу і алгебры, матэматычнага аналізу фізіка-матэматычнага (з 1975 года – матэматычнага) факультэта Гродзенскага педагагічнага інстытута. З 1960 па 1975 год – дэкан факультэта педагогікі і методыкі пачатковага навучання. Асноўны накірунак навуковых даследаванняў – дыдактыка матэматыкі.

 

Уры Фінкель

Выкладчык рускай мовы і літаратуры, таленавіты літаратурны крытык, белетрыст.

Нарадзіўся ў Ракаве 8 кастрычніка 1896 года ў яўрэйскай сям’і. У 1915 годзе паступіў у Харкаўскае політэхнічнае вучылішча. Затым вучыўся на эстэтыка-філасофскім факультэце Маскоўскага ўніверсітэта. Выкладаў гісторыю яўрэйскай літаратуры ў Мінскім педінстытуце. У час вайны вымушаны быў эвакуіравацца. У ракаўскім гета загінулі яго бацька, брат, дзве сястры. У вайну не стала і дзвюх дачок-школьніц. Паля вайны Уры Фінкель з 1949 па 1953 год жыў у Ракаве на вуліцы Чырвонаармейскай. Працаваў у школе, пісаў новыя даследаванні па яўрэйскай, беларускай і рускай літаратурах. Ён валодаў не толькі літаратуразнаўчымі здольнасцямі, але і дарам празаіка.

 

Анатоль Іосіфавіч Яблонскі

Беларускі вучоны. Нарадзіўся ў 1928 годзе ў Багданаве ў  шматдзетнай сялянскай сям’і.  З адзнакай скончыў Белдзяржуніверсітэт, працаваў у сістэме адукацыі на Віцебшчыне. У 1956 годзе паступіў у аспірантуру пры Інстытуце фізікі і матэматыкі АН  БССР. Пазней загадваў кафедрай вышэйшай матэматыкі Беларускага дзяржаўнага інстытута народнай гаспадаркі, а ў апошнія гады працаваў прафесарам гэтай кафедры. У 1971 годзе абараніў доктарскую дысертацыю, у 1977 годзе ўзначаліў кафедру вышэйшай матэматыкі ў Беларускім эканамічным універсітэце.

Анатоль Іосіфавіч – аўтар больш за 95 навуковых работ, у асноўным прысвечаных  аналітычнай і якаснай тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў. Ім праведзена дэталёвае даследаванне ўласцівасцяў рашэнняў ураўненняў Пенлеве. А. І. Яблонскі  ўдзельнічаў у арганізацыі ўсесаюзнага часопіса «Дыферэнцыяльныя ўраўненні». Ён падрыхтаваў больш  за 20 кандыдатаў і 2 дактароў навук.

 

Таццяна Уладзіміраўна Ліхачова

Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь.

Нарадзілася ў 1952 годзе ў Валожыне. Працуе ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа ў горадзе Віцебску з 1972 года. Прынята ў тэатр па выніках конкурснага адбору, у студзені-жніўні 1972 года працавала па дагаворы. За гэты час выдатна сыграла ролі Эйке ў спектаклі «Свой востраў» Р. Каўгвера і Мажэйкі ў «Амністыі» М. Матукоўскага. Мастацкае кіраўніцтва тэатра рэкамендавала Таццяну Ліхачову для паступлення ў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. У 1976 годзе яна вярнулася ў тэатр спецыялістам з вышэйшай адукацыяй. Таццяна Ліхачова – актрыса шырокага творчага дыяпазону. Прафесіяналізм, адметная сцэнічная культура, працавітасць, ініцыятыва дазволілі ёй заняць вядучае месца ў коласаўскай трупе. Артыстка стварыла шэраг адметных вобразаў у спектаклях па творах беларускіх аўтараў.

У 1998 годзе Таццяна Ліхачова стала лаўрэатам гарадской прэміі «Сузор’е муз» у намінацыі «Тэатральнае мастацтва». За высокае выканальніцкае майстэрства пры стварэнні вобразаў нашых сучаснікаў і класічных персанажаў, актыўную прапаганду беларускага тэатральнага мастацтва ў 2001 годзе яна  ўдастоена ганаровага звання «Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь», з’яўляецца ўладальніцай многіх тэатральных прэмій.

Крытыкі адзначаюць яе  выдатныя ролі ў спектаклях “Сымон-музыка” па Я. Коласу, “Пакахай мяне, салдацік!” па В. Быкаву, “Дзядзя Ваня”, “Вішнёвы сад” А. Чэхава, “Рамэа і Джульета”, “Кароль Лір” У. Шэкспіра.

Таццяна Уладзіміраўна з’яўляецца старшынёй Віцебскай арганізацыі Беларускага саюза тэатральных дзеячаў. Вядзе вялікую работу па папулярызацыі творчасці артыстаў Коласаўскага тэатра.

 

Вікенцій Антонавіч Ралавец

Кавалер чатырох Георгіеўскіх крыжоў.

Нарадзіўся ў мястэчку Забрэззе былога Ашмянскага павета 2 лістапада 1894 года. Паходзіць з сялянскай сям’і. Скончыў Забрэзскую царкоўна-прыходскую школу. Служыў у лейб-гвардыі ў Сямёнаўскім палку. З пачаткам Першай сусветнай вайны – у кавалерыі на Паўночна-Усходнім, а затым на Заходнім франтах.

Апошні – чацвёрты Георгіеўскі крыж 1-ай ступені старшы ўнтэр-афіцэр Вікенцій Антонавіч Ралавец атрымаў у баях каля родных мясцін.

У 1918-1950 гадах працаваў у сельскай гаспадарцы. У 1950 годзе ўдзельнічаў у арганізацыі калгаса, быў брыгадзірам. Затым працаваў паштальёнам.

 

Радзівон Канстанцінавіч Шукевіч-Трацякоў

Нарадзіўся 23 лістапада 1893 года ў вёсцы Навіны. Скончыў Мінскае рэальнае вучылішча, пасля чаго стаў студэнтам політэхнічнага інстытута ў Петраградзе. Ведаў рускую, беларускую, украінскую, французскую і нямецкую мовы. У 1914 годзе пайшоў на фронт добраахвотнікам. Быў паранены і трапіў у палон. 18 месяцаў працаваў на германскай фабрыцы ў якасці ваеннапалоннага. У 1918 годзе Радзівон Шукевіч-Трацякоў вярнуўся з Германіі. Вёў партыйную работу ў Беларусі ў якасці агента 1-га разраду Празкамбеду. Затым узначаліў Слуцкае бюро народных суддзяў. У кастрычніку 1919 года  ў Смаленску яго выбралі ў бюро камуністаў фронту. Два гады працаваў рэдактарам газеты 16-й арміі, у маі 1921 года газету закрылі ў сувязі з расфарміраваннем арміі. Пазней яго назначылі адказным рэдактарам «Чырвонаармейскай праўды».

У 1922-1924 гадах працаваў у галоўным упраўленні палітыка-асветнай работы, быў старшынёй галоўнага ўпраўлення па справах літаратуры і мастацтва Наркамасветы  БССР, сакратаром Мінскага павятовага камітэта КП(б)Б. Затым Р. К. Шукевіч-Трацякоў стаў рэдактарам газеты «Беларуская вёска» –  папярэдніцы рэспубліканскай газеты «Беларуская ніва.»

Рэцэпт творчага шчасця

Лідар групы “Дразды”, наш зямляк з вёскі Сівіца, Віталій Карпанаў прэзентаваў у Мінску альбом “Шчасце”.

Гэта чацвёрты студыйны альбом пасля леташняга “Тры рублі”, “Героя-палюбоўніка” (2008 год) і “Прыляцелі” (2005 год). Новая пласцінка складаецца з 10 трэкаў. У яе ўвайшлі ўжо ратыруемыя ў радыёэфіры “Дэнамінацыя кахання”, “Сыпле сняжок” і “Вясна”, а таксама першая беларускамоўная кампазіцыя “Драздоў” – “Каханая дзяўчына”. Артыст запэўніў, што “Шчасце” раскрывае калектыў у досыць нечаканым ракурсе і дазваляе ўбачыць новыя магчымасці групы як у музычных рашэннях, так і ў тэкстах. Чытаць далей »

СЛАВУТЫЯ АСОБЫ

Паплаўскі Канстанцін Іосіфавіч

Нарадзіўся 20 (7) чэрвеня 1912 года ў вёсцы Сівіца на Валожыншчыне ў сялянскай сям’і Язука і Міхаліны Паплаўскіх.

К. Паплаўскі – выдатны беларускі хормайстар, адзін з заснавальнікаў Дзяржаўнага народнага хору БССР, нястомны збіральнік і добры знаўца беларускай народнай песні, аўтар многіх вакальных і інструментальных твораў, непараўнаны майстар апрацоўкі народных песень. Чытаць далей »

СВЯТЛО ДРЭВА ЧАС НЕ ПРЫГЛУШЫЦЬ…

Да 120-годдзя з дня нараджэння майстра.

Прыемна ўспамінаць пра чалавека, які быў для цябе не толькі бясспрэчным аўтарытэтам у творчасці, але і блізкім па духу сябрам, хаця ўзроставая мяжа сягала каля шасцідзесяці сонцазваротаў.

У ягонай майстэрні, напоўненай цёплым водарам дрэва, мы маглі бясконца весці бяседу, атрымліваючы асалоду ад узаемаразумення ў пытаннях гісторыі, літаратуры, культуры. Нас яднала ідэя адраджэння Бацькаўшчыны. На даляглядзе – 70-я гады мінулага стагоддзя. Адбылася першая персанальная выстава Майстра  ў Мінску, якая прынесла заслужаную вядомасць аўтару на Радзіме. Чытаць далей »

ПАЛІТРА ВІШНЕЎШЧЫНЫ

Да 90-годдзя Шымона Перэса студэнты-другакурснікі архітэктурнага факультэта БНТУ правялі пленэр у Вішневе, каб пры дапамозе фарбаў адлюстраваць тыя мясціны, дзе нарадзіўся гэты вядомы палітычны дзеяч. У выніку атрымалася даволі вялікая калекцыя, якая пад назвай «Паштоўкі з Вішнева» выстаўляецца зараз на другім паверсе раённай цэнтральнай бібліятэкі. Фундатарам пленэра выступіла ААТ «Прыорбанк», старшыня праўлення якога Сяргей Аляксандравіч Касцючэнка таксама ўраджэнец Вішнева. Чытаць далей »

ЗАСНАВАЛЬНІК СЯМЕЙНАЙ ДЫНАСТЫІ

Жыццё складаецца з сустрэч і развітанняў, набыцця і страт… Заўсёды балюча, калі свет пакідае блізкі чалавек, сябар і паплечнік, з якім кожны дзень вітаўся за руку, які заўсёды гатоў быў прыйсці да дапамогу ці падтрымаць шчырым словам.

Сёлетняй вясной заўчасная смерць абарвала жыццё старшага прапаршчыка ўнутранай службы, начальніка пажарнага аварыйна-выратавальнага паста № 16 г. п . Івянец Валянціна Лушнікава. Чытаць далей »

СЛАВУТЫЯ АСОБЫ

СІКОРСКІ Анатоль Віктаравіч

Кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт, рэктар Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.

Нарадзіўся ў 1956 годзе ў вёсцы Гінтаўшчына. У 1971 годзе паспяхова скончыў Сугваздаўскую васьмігодку, а праз два гады – Валожынскую СШ № 1. з медыцынай звязаў свой лёс адразу пасля школы – паступіў у тагачасны Мінскі медінстытут. Скончыў педыятрычны факультэт. Яго ўклад у развіццё медыцынскай адукацыі і навукі неаднаразова быў адзначаны высокімі ўрадавымі ўзнагародамі. Чытаць далей »

ПА СЛЯДАХ ДЗЕДА І БАЦЬКІ

Уладзімір Рэут памятае, як бацька прыходзіў з работы і падкідаў яго, малога, аж да столі, потым апускаў долу, адзяваў на галаву міліцэйскую фуражку і хваліў: «Малайчына! Не з баязліўцаў! Міліцыянерам вырасцеш…» А сын глядзеў на бацьку ва ўсе вочы і нічога больш не жадаў, абы тата падкідаў яго ўгору яшчэ і яшчэ… Толькі жорсткі лёс распарадзіўся па-свойму. Валодзю было шэсць гадоў, як яго тата, следчы Валожынскага РАУС, старшы лейтэнант міліцыі Уладзімір Міхайлавіч Рэут загінуў пры выкананні службовых абавязкаў. Чытаць далей »

ЗЯМЛЯК ДАЎ КАНЦЭРТ…

З вялікай радасцю скарысталі валожынцы магчымасць пабываць на канцэрце нашага знакамітага земляка, ураджэнца Сакаўшчыны Валянціна Сухадольца, які прайшоў у Маладзечанскім Палацы культуры.

Жадаючых пачуць лірычны голас экс-удзельніка “Хору Турэцкага”, а цяпер вядомага ў Расіі, Еўропе спевака, ледзь умясціла прасторная зала. Чытаць далей »

СМАК ЖЫТНЯГА ХЛЕБА або Мой шлях у навуку

Колькі часу таму рэдакцыя атрымала пісьмо. Наш сталы чытач і аўтар, у мінулым настаўніца Пяршайскай сярэдняй школы, Данута Шаўлоўская прапаноўвала размясціць у рубрыцы «Славутыя асобы» звесткі аб адным са сваіх колішніх вучняў, а цяпер вядомым беларускім вучоным, доктары сельскагаспадарчых навук, намесніку генеральнага дырэктара па навуцы РУП «Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук па земляробстве», загадчыку лабараторыі селекцыі, насенняводства і тэхналогіі вырошчвання азімага жыта Эроме УРБАНЕ. Каб удакладніць скупыя біяграфічныя звесткі, мы звярнуліся да самога навукоўца. Атрыманая вусна інфармацыя напоўніла адну з «галінак» рубрыкі, а праз нейкі час у рэдакцыйнай электроннай паштовай скрыні з’явіўся аўтабіяграфічны нарыс самога Эромы Пятровіча, з якім мы сёння з радасцю знаёмім нашых чытачоў.

Нарадзіўся я ў вёсцы Бурбаўшчына Пяршайскага сельсавета 30 ліпеня 1954 года, хаця бацькі сцвярджаюць, што на самой справе адбылося гэта двума месяцамі раней – 31 мая. У выніку па сённяшні дзень даводзіцца атрымліваць віншаванні двойчы – у маі ад сваякоў і сяброў і ў ліпені ад тых, хто знаёмы са мной больш афіцыйна.

Маці Антаніна Канстанцінаўна і бацька Пётр Канстанцінавіч усё жыццё працавалі ў калгасе імя К. Маркса, яна – у паляводстве, ён – у жывёлагадоўлі. Людзі іх пакалення стаялі ля вытокаў зараджэння новага тыпу гаспадарання. Усё сваё жыццё і здароўе яны прысвяцілі служэнню зямлі, калгасу. Уручную жалі жыта, на вазах звозілі снапы ў сховішча і абмалочвалі на перасовачных малатарнях. Церабілі лён, вымочвалі трасту, на прымітыўных калгасных машынах атрымлівалі льновалакно. Даглядалі за «дзялкамі» цукровых буракоў і іншых палявых культур. За добрасумленную працу бацькоў неаднаразова адзначала кіраўніцтва гаспадаркі, на чале якой стаяў тады Канстанцін Вікенцьевіч Захарэвіч.

Праблемы з выбарам прафесіі ў мяне не было. Ужо з 12 гадоў разам з іншымі аднагодкамі я ўлетку абганяў на конях калгасную бульбу, вазіў сена, палоў буракі, малаціў на малатарні жыта. Як прыемна было на школьнай лінейцы атрымаць з рук старшыні калгаса падарунак за дапамогу падчас уборкі ўраджаю! Да таго ж з самага ранняга дзяцінства запомніўся водар і смак свежага жытняга хлеба – духмянага, з храбусткай скарыначкай, спечанага маці на хатняй заквасцы ў печы на дубовым лісці.

Яшчэ падчас вучобы ў Пяршайскай сярэдняй школе вызначыўся са сваімі інтарэсамі. З года ў год удзельнічаў у школьных, раённых і абласных алімпіядах па батаніцы і біялогіі. Таму пасля заканчэння ў 1969 годзе васьмі класаў без сумненняў абраў прафесію агранома і паступіў на вучобу ў Марьінагорскі саўгас-тэхнікум, які скончыў у 1973 годзе. Адразу ж пасля заканчэння вучобы быў накіраваны на працу памочнікам брыгадзіра ў саўгас «Праца» роднага Валожынскага раёна.

Сярод сваіх школьных настаўнікаў з пачуццём глыбокай пашаны і ўдзячнасці хачу сёння ўзгадаць Д. В. Шаўлоўскую (беларуская мова і літаратура), Н. П. Бялькевіч (руская мова), К. М. Зянько (батаніка, біялогія), А. І. Макрыцкую (матэматыка) і шматлікіх іншых. Дзякуючы іх старанням, я набыў той неабходны пачатковы запас ведаў, які вельмі спатрэбіўся мне ў наступным.

Адслужыўшы ў арміі, у 1975 годзе я працягнуў вучобу ў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. Скончыўшы яе з адзнакай у 1980 годзе, быў накіраваны на працу малодшым навуковым супрацоўнікам ў Беларускі навукова-даследчы інстытут земляробства.

Усё наступнае маё жыццё звязана з селекцыяй раслін, у прыватнасці – азімага жыта. Працуючы пад кіраўніцтвам вядомага селекцыянера, Героя Сацыялістычнай працы, прафесара М. Д. Мухіна, я паспяхова асвоіў селекцыйны працэс, методыку закладкі палявых вопытаў, адчуў усю высокую культуру вопытнага поля. Займацца селекцыяй – справа цікавая, але ж і клапатлівая, адказная. Толькі ўявіце – з тысяч і нават з дзясяткаў тысяч раслін даследчык мусіць вылучыць і адабраць менавіта тую, якая ў будучым можа даць пачатак новаму сорту!

У 1982 годзе я паступіў у аспірантуру, у 1987-м абараніў дысертацыю на атрыманне навуковай ступені кандыдата сельскагаспадарчых навук.

Праз дзесяць гадоў быў абраны па конкурсе загадчыкам лабараторыі селекцыі, насенняводства і тэхналогіі вырошчвання азімага жыта. У 2006 годзе абараніў дысертацыю на атрыманне навуковай ступені доктара сельскагаспадарчых навук. З 2010 года з’яўляюся намеснікам Генеральнага дырэктара па навуцы РУП «Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук па земляробстве».

Вынікам шматгадовай працы ў рэчышчы селекцыі стаў 21 сорт азімага жыта, уключаны ў Дзяржаўны рэестр Рэспублікі Беларусь і дапушчаны да выкарыстання. Яшчэ чатыры новыя сарты праходзяць дзяржаўнае сортавыпрабаванне. Пасевы ўсіх гэтых сартоў займаюць сёння ў Беларусі больш за 400 тыс. га альбо 98,6% плошчаў, адведзеных пад азімае жыта. Чатыры сарты ўключаны ў Дзяржаўныя рэестры замежных краін: Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы. Распрацавана тэхналогія апрацоўкі новых сартоў азімага жыта, якая забяспечвае ураджайнасць на ўзроўні 55-65 ц/га. Больш таго, упершыню ў Беларусі створаны гібрыды азімага жыта (Галінка, Пліса, Лабел 103) з патэнцыялам ураджайнасці звыш 100 ц/га. Вынікі даследаванняў увасобіліся ў больш за 90 навуковых публікацыях, сярод якіх 2 манаграфіі.

Доўгія гады ў навуцы прывучылі здабываць усё ўласнай працай. Але ж адным з галоўных жыццёвых правіл для мяне заўсёды было – ніколі не забывацца, што ўсім дасягнутым у навуцы і жыцці ты абавязаны ў першую чаргу настаўнікам-педагогам, бацькам, сям’і, сваякам, калегам па працы і сябрам.

У нас выдатная сям’я. Клапатлівая, спагадлівая жонка Галіна Іванаўна, з якой мы пражылі разам у міры і згодзе 32 гады, працуе бухгалтарам. Сям’я ж дачкі Іны нядаўна падаравала нам унучку Ульяну, якая стала нашым маленькім сямейным сонейкам. Жывём і працуем у горадзе Жодзіна.

Завяршаючы сваю кароткую жыццёвую справаздачу, хачу пажадаць сваім землякам – працаўнікам Валожынскага краю – выдатнага здароўя, поспехаў ва ўсіх справах і пачынаннях, штодзённага дастатку і дабрабыту ў сем’ях.

Эрома УРБАН.

 


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars