Знаёмым шляхам — за новымі адкрыццямі

Культура

Маршрут выхаднога дня: Валожын-Дубіна-Забрэззе-Гародзькі-Лоск-Славенск-Кражына-Валожын
Наш маршрут пралягае ад цэнтра Валожына па вуліцы Пушкіна (былой Палачанскай) у бок г. Маладзечна. За некалькі соцень метраў ад нашага горада месціцца былы маёнтак Шапавалы. Тут графам М. Тышкевічам у 1902 годзе быў заснаваны бровар, які ў той час вырабляў каля 30 тысяч вёдзер піва ў год. У 1944 годзе адразу пасля вызвалення Валожына ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў была адноўлена работа Валожынскай МТС, якой адвялі землі з усімі пабудовамі маёнтка Шапавалы. Ужо ў студзені 1945 года ў МТС было 5 трактароў, 4 малатарні, 12 трактарных плугоў. Для аказання дапамогі калгасам і сялянам працаваў коннапракатны пункт, у абавязкі якога ўваходзіла апрацоўка зямлі сем’ям загінуўшых удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. У жніўні 1944 года ў Шапавалах пачаў свой працоўны летапіс Валожынскі маслазавод, які размясціўся побач з МТС.
Далей наш маршрут пралягае па тэрыторыі былога калгаса “17 верасня”. Гістарычная падзея ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР у верасні 1939 года паслужыла назвай калгасу, які быў створаны з 28 сялянскіх двароў в. Бурмакі для сумеснага вядзення гаспадаркі і быў адным з першых на тэрыторыі нашага раёна.
У адным кіламетры ад перакрыжавання Маладзечанскай шашы і аўтадарогі Хохлава-Гародзькі месціцца невялікая вёсачка Дворышча. Тут падчас вызвалення нашага раёна ў ліпені 1944-га больш за тры гадзіны грымеў кровапралітны бой. Нашы воіны адну за другой адбівалі атакі азвярэлых фашыстаў, якія спрабавалі прарвацца праз Дворышча, Дубіну, Забрэззе і далей да свайго ўмацаванага рубяжа на лініі Трабы-Гальшаны. Гэту матарызаваную калону фашыстаў падтрымлівалі танкі, артылерыя і звыш дзесятка самалётаў. Ад узрываў снарадаў і мін уздымалася на дыбкі зямля, гарэлі дамы, гінулі салдаты і мірныя жыхары. У час бою панеслі цяжкія страты чырвонаармейцы: 16 салдат і афіцэраў, сярод якіх адна дзяўчына-санінструктар, загінулі геройскай смерцю і пахаваны тут жа ля вёскі ў брацкай магіле.
Працягваючы падарожжа праз вёску Дубіну, нельга не ўспомніць, што гэты населены пункт у 16-17 стагоддзях належаў магнацкаму роду Кішкаў, пра які мы ўзгадаем трошкі пазней. Згодна з архіўнымі данымі за 1886 год, у Дубіне былі дзве праваслаўныя царквы і багадзельня (прытулак для старых і інвалідаў).
У пачатку 20 стагоддзя Стары Улас пісаў: “10 вёрст ад Валожына ёсць вялікае сяло Дубіна, і чутно аб ім далёка-далёка. Мае яно, мусіць, са 300 хат, ёсць там і манаполька, і карчма…” Сапраўды, і сёння пра гэту вёску чуваць вельмі далёка. Дубіна – радзіма раённага фестывалю гумару “Дубінскія жартачкі”. У той дзень, калі праходзіць свята, з аднаго краю вёскі і да другога не бывае месца для суму. Таму што дубінцам і гасцям чакаць няма калі, усё трэба зрабіць за адзін дзень: і пасмяяцца, і пажартаваць, і пазмагацца за перамогу. Галоўнае, каб было нечакана і смешна, каб можна было зарадзіць свае душэўныя батарэйкі аптымізмам на доўгі час.
Вёска Забрэззе вядома з пісьмовых крыніц з 1432 года. Мела статус маёнтка, была ўласнасцю вялікага князя Жыгімонта Кейстутавіча, які потым падараваў гэту мясцовасць Юрыю Рымавідавічу (Забярэзінскаму). Гэтаму заможнаму магнацкаму роду Забрэззе належала некалькі стагоддзяў.
Асаблівую цікавасць выклікае знаёмства з жыццём мясцовага жыхара Вікенція Антонавіча Ралаўца. У яго біяграфіі ёсць факт, які раўняе яго са знакамітымі фельдмаршаламі М. Кутузавым і Барклай дэ Толі. Славутыя военачальнікі былі поўнымі Георгіеўскімі кавалерамі, бо ўзнагароджаны 4 ваеннымі ордэнамі – Георгіеўскімі крыжамі. Такія ж высокія ўзнагароды меў і наш легендарны зямляк.
Наступны пункт нашага падарожжа – вёска Гародзькі. Сёння Гародзькі з царквой 1866 года, з шэрагам крамаў і базарнай плошчай, са старым і новым вакзаламі чыгуначнай станцыі Валожын, са школай, дзіцячым садком, музычнай школай, з вуліцамі Сонечнай, Маладзёжнай ды іншымі, выглядаюць як даволі вялікі населены пункт са сваёй гісторыяй і адметнасцю.
На картах Беларусі канца 16 стагоддзя (Ашмянскі павет) вы не знойдзеце Гародзькаў. Хутчэй за ўсё, вёска не была яшчэ такой вялікай, каб адзначыць яе на карце. На карце Ашмянскага павета ў 2-ой палове 19 стагоддзя Гародзькі не толькі ёсць, але і пазначаны як цэнтр воласці, хоць назва воласці была Забрэжская. У “Слоўніку геаграфічным Каралеўства Польскага і іншых краёў славянскіх” (выдадзены на польскай мове ў 1884 годзе ў Варшаве) чытаем: “Гародзькі – вёска, павет Ашмянскі, над рэчкай без назвы, якая ўпадае ў Бярэзіну. Гміна Гародзькаўская налічвае 715 дамоў, 5760 жыхароў. Валасное праўленне ў вёсцы Гародзькі…”
Самая старая вуліца – Гагарына. Гэта яна зараз так называецца. Раней яна была адна, таму яе пасля, як ўтвараліся другія вуліцы, называлі Старой. Яе і цяпер мала хто са старажылаў называе Гагарына.
Цікава будзе даведацца, як будавалася чыгунка. Дарэчы, будаўніцтва яе было завершана ў 1907 годзе.
Вясной 1919 года ў Гародзькі прыязджаў Я. Купала. Ён наведваў суседнюю вёску Седлішча, дзе ў той час месціўся дзіцячы прыют, каб пазнаёміцца з жыццём дзяцей-сірот, бацькі якіх загінулі на вайне.
Калі звярнуць трошкі ўбок ад дарогі з Гародзькаў на Лоск, можна патрапіць у Гарадзечна і наведаць мясцовы Дом майстроў. Гэта месца сустрэчы вясковых майстроў-самародкаў, носьбітаў традыцыйнай культуры, аднадумцаў, людзей, апантанных народнай творчасцю. Тут можна набыць на добрую памяць сувенірную прадукцыю з лазы, саломы, фларыстыку, мяккую цацку.
Лоск… Авеянае легендамі старажытнае сяло валожыншчыны. Па цэнтры пагорка праходзіць галоўная брукаваная вуліца, паабапал яе цягнуцца дамы. У канцы сяла сярод буйных клёнаў стаіць Свята-Георгіеўская царква. Прыемна адпачыць ля святой крынічкі, якая бруіцца побач з храмам. Асвечана яна ў гонар лекара вялікамучаніка Панцеляймона. Кожны ідзе да крынічкі са сваім – у чаканні цуда, пазбаўлення ад немачы ці проста для таго, каб душой дакрануцца да Святыні. Вада ў купальні амаль ледзяная, але, акунуўшыся ў яе, адчуваеш цяпло, душэўны ўздым і радасць, нібы, абмываючы цела, змываеш усё дрэннае, цяжкае з душы.
На гэтай жа вуліцы ў цэнтры сяла – драўляны касцёл, які з’яўляецца прыкладам народнага драўлянага дойлідства. Але самая вялікая адметнасць сяла – трыццаціметровая замкавая гара. Выраўнены на яе вяршыні пляц і зараз нагадвае сабой зрэз, старанна расчышчаны і размераны пад будаўнічую пляцоўку. Такое ўражанне складваецца ад самой гары: яна правільнай авальнай формы, яе ўмацаваныя крутыя адхоны – добрая апора для магутных сцен і высокіх пабудоў.
Згодна з адным са старых паданняў, сцены Лоскага замка-крэпасці клалі не з цэглы або прывазнога граніту, а з валуноў і камення, якіх багата было раней на лоскіх палях. Але муры гэтыя заклалі шырынёй у сем крокаў, і хутка на адзін такі падмурак, апушчаны на многа метраў у глыб гары пайшлі ледзь не ўсе сабраныя на палях камяні. Вось тады і быў выдадзены строгі загад: не ўпускаць у Лоск ні пешага, ні коннага без камянёў. Коннаму – не менш тузіна камянёў прывезці на возе, пешаму – хоць адзін, замест пропуска.
На пабудову Лоскага замка людзі сабіралі каменне з палёў і лясоў на сто вёрст вакол. Сёння можна ўявіць сабе, як за старажытнымі замкавымі сценамі ўзвышаўся палац з прыёмнымі заламі, трапезнай, пакоямі для адпачынку. Тут былі размешчаны і дзесяткі самых розных дапаможных памяшканняў: кладоўкі, сховішчы для прадуктаў і зброі, асобныя памяшканні для гасцей і чэлядзі, казармы для воінаў і варты, канюшні для коней. Крута ўзнімаліся парадныя лесвіцы і калідоры, але недзе па вузкім, цёмным праёме спускалася і другая патайная лесвіца, якая, магчыма, прама з келлі вучонага вяла ў склеп, дзе стаяў друкарскі станок Сымона Буднага…
Мясцовыя жыхары тут заўсёды рады турыстам і гадоў яшчэ колькі таму выносілі ў кошыках ім на памяць асколкі каляровай і фігурнай кафлі, глінянага і шклянога посуду, кавалачкі шлаку. Яны самі здзіўляюцца: “Ужо столькі гадоў аром гэта самае замчышча і кожны раз кош, а то і два-тры назбіраем…”.
Лоская зямля славіцца і працавітымі людзьмі. Тут жыла і працавала Лізавета Валадкевіч, звеннявая па вырошчванні льну. Яна першая на Валожыншчыне атрымала ганаровае званне Героя Сацыялістычнай Працы. Яе зямлячкі Аляксандра Паўлюкевіч і Галіна Сліж таксама ўзнагароджаны за працоўныя поспехі ордэнам Леніна.
З Лоска накіроўваемся ў бок шашы Мінск-Вільнюс, а затым выязджаем на дарогу да вёскі Славенск.
Вёска Славенск атрымала сваю назву, напэўна, ад пасяліўшыхся тут у далёкай старажытнасці сярод прыбалтыйскіх плямён нашых продкаў, якіх у той час называлі славянамі. Гэты населены пункт у пачатку 19 стагоддзя меў статус мястэчка, тут было больш за сотню двароў, царква, царкоўнапрыходская школа і багадзельня.
Вялікую цікавасць выклікае славенская Свята-Мікалаеўская царква, якая з’яўляецца помнікам архітэктуры псеўдарускага стылю. Пабудавана яна ў 1871 годзе. Немалаважным застаецца факт, што грошы на пабудову Славенскай царквы сабрала ў Пецярбургу княжна Таццяна Пацёмкіна. Царква з такой жа назвай існавала тут з 1700 года, а першая царква ў Славенску згадваецца прыблізна з 1600 года.
Цікава будзе наведаць Рэспубліканскі ландшафтны геолага-геамарфалагічны заказнік прыроды, які знаходзіцца па абодвух берагах Заходняй Бярэзіны паміж вёскамі Сакаўшчына, Калдыкі, Кражына і Стайкі. Уяўляе сабой тыповую скразную прадаліну, што ўзнікла прыкладна 220-150 тысяч гадоў таму ў часы ўразання расталых водаў у перыферыйныя ільды. Вось тут, на беразе хуткаплыннай ракі, дакраніцеся да жывой прыроды, адпачніце і напоўніце сваю душу паэзіяй і прыгажосцю!
Недаязджаючы некалькі кіламетраў да Валожына, нельга не заглянуць у невялікую ўтульную вёсачку Кражына. Мы добра ведаем Хатынь, спаленую разам з яе жыхарамі. На карце нашага раёна – 64 родныя сястры Хатыні, і звоняць яе званы па 213 кражынцах, лёс якіх абарвала жудасная трагедыя ў маі 1943 года. Давайце схілім галовы і хвілінай маўчання аддадзім даніну павагі кожнаму, хто спачывае ў гэтай брацкай магіле.
Каля вёскі Аўгустова знаходзіцца Рэспубліканскі геалагічны помнік прыроды – Васькаў камень. Па расказах мясцовых жыхароў, даўней штогод ля яго адзначалі свята збору ўраджаю. Гэта камлыга мае таксама назву Чортаў камень. Па легендзе, раней тут жыў чорт, які добра шыў адзенне – варта было пакласці на камень манету, як назаўтра рэч была гатовая. Хутчэй за ўсё, што ў далёкія язычніцкія часы гэта было месца пакланення нашых продкаў, але з прыходам хрысціянства яму была дадзена назва “Чортаў” дзеля таго, каб адахвоціць насельніцтва ад язычніцкай рэлігіі.
Ну вось і гарадская ўскраіна, ад якой да цэнтра вас давядзе вуліца Савецкая. Тут, на развілцы дарог Вішнева-Гародзькі, стаяў слуп-капліца – масіўнае трохметровае мураванае збудаванне, якое завяршалася купалам. Збудаванне мела культавае прызначэнне, таму ўнутры і на строме было прымацавана па крыжу. З пакалення ў пакаленне перадаваліся легенды і паданні, звязаныя з гісторыяй і прызначэннем гэтай пабудовы.
Колькі цікавых людзей і мясцін можна сустрэць пры падарожжах і вандраванях! Можна бясконца ездзіць, хадзіць, шукаць, знаёміцца, гутарыць – і пры гэтым рабіць шматлікія цікавыя адкрыцці!

Наталля ЛОЎЧАЯ, дырэктар раённага музея.



Добавить комментарий