ПРА ВЕЧНЫЯ КАШТОЎНАСЦІ

Культура

У мінулую суботу ў Заслаўі ўрачыста завяршылася мерапрыемства ў рамках рэспубліканскай духоўна-асветніцкай акцыі “Сям’я – Паяднанне – Айчына”.

Людзі розных узростаў, прадстаўнікі розных сацыяльных слаёў, святары, сабраліся ў гэтым старажытным горадзе на заключны этап акцыі. Яе трохдзённая праграма ўмяшчала нямала разнапланавых мерапрыемстваў, выстаў, кніжных кірмашоў. Але мэта ў іх была адна – акцэнтаваць увагу на вечных каштоўнасцях, якія робяць чалавека высакародным, сям’ю – моцнай, а нашу дзяржаву –  квітнеючай і шчаслівай. У аснове гэтай піраміды, па меркаванні многіх, вядома ж, знаходзіцца ячэйка грамадства – СЯМ’Я. Гэта думка была ключавой і ў выступленні кіраўніка абласной вертыкалі Барыса Васільевіча Батуры, які разам з іншымі афіцыйнымі асобамі прыняў удзел у акцыі.

Разважаючы пра праблемы дэмаграфічнай бяспекі, ён заўважыў, што ў краіне няма эпідэмій, няма вострых эканамічных праблем, паспяхова развіваюцца многія сферы, але чамусьці ўсё роўна нараджальнасць па-ранейшаму вельмі нізкая. Старшыня аблвыканкама справядліва падкрэсліў, што важна ўсімі сіламі і сродкамі ўзнімаць значнасць і аўтарытэт сям’і, бо яна – маленькая царква, дзе ёсць, вобразна кажучы, свой пастар і свая паства, і гэта царква асвечана дабрынёй і любоўю.

Пісьменнік з Расіі, выступаючы перад аўдыторыяй, ахарактарызаваў геапалітычнае знаходжанне Беларусі як цэнтр  маральнай бітвы за душу чалавека. І ў Беларусі, з яе менталітэтам, багатай культурай, выключным парадкам у гарадах і вёсках, многім краінам блізкага замежжа можна многаму павучыцца.

У час акцыі звярталася ўвага на тое, як важна захаваць набыткі мінулых пакаленняў,  смела процістаяць негатыўным з’явам, як важна пастаянна ўмацоўваць статус сапраўднай сям’і, дзе выхоўваюцца шчаслівыя дзеці. У гэтым плане шмат робіць і Праваслаўная Царква.

У той суботні дзень у Заслаўі адбыўся Хрэсны ход, а таксама малебен на адкрытай пляцоўцы каля гарадскога Палаца культуры. Тут была ўстаноўлена для пакланення вернікамі цудатворная ікона са святой гары Афон.

Заключным акордам мерапрыемства стаў вялікі святочны канцэрт. У значнай ступені ён быў падрыхтаваны прафесіянальнымі артыстамі і таленавітымі сямейнымі калектывамі Міншчыны, у тым ліку і святарскімі, на сцэне сярод артыстаў было і багата адораных дзетак.

Ірына ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий