ДОМ-ІНТЭРНАТ ДАПАМАГЧЫ РАД

Общество

Паважаныя чытачы! Хто рэгулярна чытае газету «Працоўная слава», напэўна не прамінулі артыкул «Сацыяльная перадышка – дапамога на справе».  У ёй расказвалася пра новы праект дзіцячага хоспіса, які рэалізуецца з 1 студзеня 2012 года пры падтрымцы Прадстаўніцтва Дзіцячага Фонду ААН (ЮНИСЕФ) – «Развіццё мадэляў сацыяльнай дапамогі сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей з інваліднасцю ў Рэспубліцы Беларусь».

Асноўная задача праекта  – развіццё ў дзяржаве паслугі «Сацыяльная перадышка» на базе, як грамадскіх арганізацый, так і дзяржаўных устаноў.

Партнёрамі праекта, нароўні з Беларускім дзіцячым хоспісам, з’яўляюцца ГА «Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам», ДУ «Бабіцкая дапаможная школа-інтэрнат» (Гомельская вобласць) і ДУ «Івянецкі дом-інтэрнат для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця”.

“Сацыяльная перадышка” – гэта кароткі адпачынак для бацькоў ці асоб, якія выхоўваюць дзіця з інваліднасцю, на перыяд ад некалькіх дзён да трох тыдняў (у залежнасці ад запатрабаванняў сям’і), каб бацькі маглі аднавіць сілы, вырашылі сямейна-бытавыя пытанні, у той час, як іх дзіця будзе знаходзіцца пад апекай кваліфікаваных спецыялістаў.

Паслуга «Сацыяльная перадышка» ўключае догляд за дзецьмі, аказанне ім неабходнай медыцынскай дапамогі, арганізацыю вольнага часу (творчая і гульнявая дзейнасць), забеспячэнне пры неабходнасці ўмоў  навучання дзіцяці.

З 1 студзеня 2013 года “Сацыяльную перадышку” будзе практыкаваць і Івянецкі дом-інтэрнат. Дзеці, якія паступяць у дом-інтэрнат у рамках гэтай паслугі, будуць уключаны ў адукацыйны працэс, які прадугледжвае навучанне па адпаведнай праграме, забаўляльныя мерапрыемствы, праграмы рэабілітацыі. Для гэтага тут існуюць прасторныя класы, зручныя майстэрні, дзе дзяцей навучаюць розным відам творчасці. Ва ўстанове маюцца сучасная актавая зала, розныя музычныя  інструменты і інш. Вельмі важна, што тут працуюць прафесіяналы, якія любяць дзяцей.

Якія ж сем’і могуць скарыстаць паслугу па сацыяльнай перадышцы? Перш за ўсё сем’і, якія выхоўваюць дзяцей з інваліднасцю ва ўзросце ад 4 да 18 гадоў, з 1-4 ступенню страты здароўя, якія маюць патрэбу ў спецыялізаваным і медыцынскім доглядзе.

Такая сям’я павінна пражываць у Мінскай вобласці ці ў горадзе Мінску. Бацькі (апекуны) прадастаяўляюць дакумент аб інваліднасці дзіцяці, выпіску з амбулаторнай карты пра наяўнасць захворвання, даведку пра прызначэнне лекавых сродкаў. Падпісваецца дагавор з бацькамі на аказанне паслугі ў дадзенай установе.

Паслуга «Сацыяльная перадышка» ажыццяўляецца бясплатна на тэрмін да 28 дзён на працягу года.

Дарагія сябры!

Мы запрашаем усіх зацікаўленых асоб на Дні адчыненых дзвярэй у Івянецкі дом-інтэрнат з 18 па 20 лістапада бягучага года.

Кантактная асоба: дырэктар Алена Сігізмундаўна Петрашкевіч. Мабільны тэл. (044)783-30-97, (029)763-30-97. Стацыянарны тэл. 53975.

Са студзеня 2012 года ў рамках праекта ЮНИСЕФ  “Сацыяльную перадышку” рэалізуе Беларускі дзіцячы хоспіс і ГА «Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам».

З 1 студзеня 2013 года гэты від паслугі  будзе практыкаваць і Івянецкі дом-інтэрнат.

 

Ірына Байдакова,

галоўны спецыяліст па сацыяльнай рабоце Беларускага дзіцячага хоспіса.

 



Добавить комментарий