СЛОВА КІРАЎНІКА

Общество

Генадзь Уладзіміравіч БЫЧКОЎСКІ, дырэктар СГУ “Бабровічы” УП “Мінскаблгаз”:

–      Калі ў цэлым ахарактарызаваць вынікі вытворчасці, то, відаць, можна вылучыць раслінаводства. Гэта найбольш стабільны сектар эканомікі па выніках гэтага сельскагаспадарчага года. Ураджайнасць зерневых і зернебабовых культур сёлета парадавала. На круг сабрана ў сярэднім па 55 цэнтнераў.

Праца людзей на палетках сельгаспрадпрыемства і ў восеньскую пару таксама ўвянчалася поспехам. Забяспечаны неблагі ўраджай цукровых буракоў. З гектара сабрана па 533,9 цэнтнера гэтай культуры. Рэалізавана амаль 10 тысяч тон. Пры здачы цукровых буракоў на прыёмныя пункты ў нас невялікія страты, дзякуючы гранічна нізкаму працэнту засмечанасці. Якасць гэтай раслінаводчай прадукцыі таксама высокая – цукровасць адна з лепшых у раёне – 16,7. За старанную працу на бурачных плантацыях гаспадаркі шчыра дзякую трактарысту Віктару Мікалаевічу Туру.

Няблага ідуць вытворчыя справы і ў мясным цэху, у прыватнасці, на дарошчванні і адкорме маладняку буйной рагатай жывёлы на ферме ў Бабровічах. У паспяховым працоўным тандэме на ферме шчыруюць дзве сямейныя пары: Ірына і Васіль Кульваноўскія, Леанід і Аксана Шакуны. Вынік іх старання – неблагія сярэднясутачныя прывагі жывёлы. Яны склалі амаль 800 грамаў.

Я перакананы, што для інтэнсіўнага развіцця сельскай гаспадаркі ў нас яшчэ ёсць патэнцыял, нявыкарыстаныя рэзервы. Кадры зарыентаваны на поспех, на ажыццяўленне новых планаў. Корпус упраўленцаў сёння – гэта сплаў багатага вопыту старэйшых і амбіцыйных, смелых імкненняў моладзі. Толькі сёлета наш калектыў папоўнілі 6 маладых спецыялістаў. У маёй каманды, лічу, ёсць галоўнае – бачанне перспектывы і вялікае жаданне працаваць з поўнай аддачай. Я шчыра віншую ўсіх працаўнікоў гаспадаркі з надыходзячым прафесіянальным святам.

 



Добавить комментарий