ВУСНАМІ ДЗІЦЯЦІ ГАВОРЫЦЬ ІСЦІНА

Молодежный курьер

Вершы рознай тэматыкі гучалі ў раённым туры міжнароднага конкурсу дэкламатараў польскай паэзіі імя Адама Міцкевіча “Крэсы-2012”.

На конкурс у Валожын з усяго раёна з’ехаліся больш за 40 школьнікаў, якія па-польску размаўляюць не горш, чым па-беларуску, вывучаючы мову краіны-суседкі ў дзіцячых гуртках і факультатывах.

Школьнікі акрамя вершаў пра шчаслівае і бесклапотнае дзяцінства, паспяховую і светлую будучыню, не згаворваючыся, прадставілі на конкурс і творы вострай сацыяльнай тэматыкі.

Адзінаццацігадовая Наташа Бондар з Ракава вершам “Як Маці Божая па зямлі хадзіла” ўзняла праблему чуласці і абыякавасці чалавечага сэрца. Белы верш “Дзіцячы дом” пранікнёна чытала васьмікласніца з гімназіі Насця Рафаловіч.

З галоўнай умовай паэтычнага спаборніцтва – выразнай, артыстычнай дэкламацыяй двух вершаў польскіх аўтараў – лепш за ўсіх справіўся чатырнаццацігадовы Аляксей Дзеніс з гімназіі райцэнтра. Ён пакарыў журы пранізлівым вершам “Салдаты Вестэрплятэ”, якія першымі прынялі на сябе агонь Другой Сусветнай вайны. Бездакорна ведаць польскую мову падлетку дапамагаюць заняткі ў гуртку “Юны паланіст” раённага Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, якія праводзіць І. С. Ваньковіч.

Сярод малодшых школьнікаў першае месца заняла Паліна Шчарбачэвіч з Багданава. У паўкроку ад перамогі была і адзінаццацігадовая Аня Шчэрбітава з СШ № 1 горада Валожына.

У якасці падарунка за цягу да навукі і стараннае вывучэнне замежнай мовы ўсе канкурсанты пабывалі ў захапляльнай аўтобуснай вандроўцы ў старажытны Гродна.

Сямікласніца Насця Сафонава – лаўрэат рэспубліканскага тура конкурсу – чацвёрты год вывучае польскую мову пад умелым кіраўніцтвам настаўніцы А. А. Макарэвіч на факультатыўных занятках у СШ № 1 райцэнтра.

Алена ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий