“Бізон” уступае дарогу “Палессю”

Общество

На сёлетнім жніве ў раёне працавалі 154 зернеўборачныя камбайны, сярод іх – 25 з далёкага замежжа, 55 – вытворчасці РА “Гомсельмаш”, 51 – “Ліда-1351”, 23 – “Дон-1500Д” і 1 – “РСМ-142” “Акрас”.

Сярод айчынных камбайнаў хлебаробы Валожыншчыны адзначылі гомельскі “КЗС-1218” “Палессе”. Яго прапускная магчымасць па хлебнай масе – 12 кілаграмаў за секунду, прадукцыйнасць па зерню – 18 тон у гадзіну. Камбайн працуе ў любым дыяпазоне ўраджайнасці і спраўляецца з прамой і раздзельнай уборкай зерневых каласавых культур. Акрамя таго, пры аснашчэнні спецыяльнымі адаптарамі ён здольны драбніць салому, убіраць кукурузу на зерне, сланечнік, рапс, зернебабовыя і крупяныя культуры, семяннікі траў. Па тэхнічных характарыстыках “КЗС” значна апераджае аналагічныя камбайны, што выпускаюцца ў СНД.

28 камбайнаў маркі “КЗС” сёлета былі задзейнічаны на хлебнай ніве раёна. Эксплуатаваліся яны амаль бесперабойна, ад механізатараў паступіла толькі дзевяць сігналаў аб паломках, якія выпраўляліся за адзін-два дні. Гарантыйнае абслугоўванне тэхнікі ажыццяўляла ААТ “Мінскаблаграсэрвіс”.

Зернеўборачныя камбайны прасцейшага класа рамантаваліся самімі механізатарамі, прадстаўнікамі інжынерна-тэхнічнай службы, спецыялістамі з райаграпрамтэхнікі, а пры складаных паломках дапамогу аказвалі спецыялісты дылерскіх цэнтраў. Вышуквалі любую магчымасць, каб пазбегнуць прастояў.

Уборачная кампанія збожжавых толькі што завершана, а аграрыі ўжо думаюць пра наступную. Да новага жніва плануецца спісаць усе замежныя “Бізоны” і замяніць іх айчыннымі “КЗС-1218”, якія выдатна зарэкамендавалі сябе сёлета.

Алена ЗБІРЭНКА.



Добавить комментарий