МАНІТОРЫНГ ВЫЯВІЎ НЕДАХОПЫ

Закон и порядок

З 1 кастрычніка гэтага года ўступіў у сілу Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 332 «Аб некаторых мерах па ўдасканаленні кантрольнай (нагляднай) дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь», у адпаведнасці з якім зацверджана Палажэнне аб парадку правядзення маніторынгу.

Галоўны санітарны ўрач раёна М. С. Стралец прыняў рашэнне аб правядзенні маніторынгу, каб прасачыць выкананне патрабаванняў санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства на аб’ектах гандлю, грамадскага харчавання, прыдарожнага сэрвісу, кірмашах. Бо, нягледзячы на ранейшыя праверкі і прымаемыя меры, шматлікія факты парушэнняў санітарных правілаў і норм пры вытворчасці, захаванні, рэалізацыі харчовай сыравіны і прадуктаў усё роўна маюць месца.

Сёлета за 10 месяцаў на 66-ці суб’ектах разнастайных форм уласнасці зняты з абароту 812,7 кілаграма харчовай прадукцыі, у тым ліку з сышоўшым тэрмінам прыдатнасці – 529,9 кілаграма (46 выпадкаў), без дакументаў, што пацвярджаюць якасць і бяспеку, – 211,8 кілаграма (9 выпадкаў), без маркіроўкі ў адпаведнасці з патрабаваннямі беларускага заканадаўства – 36,5 кілаграма (7 выпадкаў), скорапсавальных прадуктаў, што захоўваліся з парушэннем тэмпературнага рэжыму, – 34,5 кілаграма (5 выпадкаў). З гэтага ліку на кірмашах канфіскаваны 32 кілаграмы пратэрмінаваных харчовых прадуктаў (3 выпадкі), без дакументаў аб якасці і бяспецы — 211,8 кілаграма (7 выпадкаў), скорапсавальных без належных умоў захавання – 20,4 кілаграма (3 выпадкі).

Акрамя гэтага, на 24-х аб’ектах зафіксаваны факты нездавальняючага санітарнага стану, несвоечасовай уборкі памяшканняў і абсталявання. Гэтым прадпрыемствам былі вынесены прадпісанні аб спыненні эксплуатацыі для правядзення пазачарговага санітарнага дня. Такія парушэнні ствараюць пагрозу жыццю і здароўю насельніцтва, могуць прывесці да ўзнікнення кішачных інфекцый і харчовых атручванняў.

Работнікам гандлю, грамадскага харчавання, кірмашоў і аб’ектаў прыдарожнага сэрвісу неабходна навесці парадак на сваіх прадпрыемствах і на тэрыторыях вакол іх. Інакш да парушальнікаў будуць прымацца меры ў рамках заканадаўства.

Святлана МАРЧЫК,

загадчык аддзела гігіены ДУ «Валожынскі райЦГіЭ».

 



Добавить комментарий