У ЧАЦВЁРЦЫ МАЦНЕЙШЫХ

Общество

Хтосьці са школьнікаў выкарыстаў восеньскія канікулы, каб у літаральным сэнсе адпачыць, а гэта значыць, пабыць дома, паглядзець любімую тэлеперадачу або пачытаць кнігу.

Іншыя выбралі актыўны адпачынак: займаліся спортам, падарожнічалі, наведвалі знакамітыя мясціны Беларусі, дэльфінарыі ды аквапаркі. А ёсць і такія, хто «ахвяраваў» свой вольны час, калі можна так сказаць, каб яшчэ больш папоўніць багаж ведаў, развіць інтэлект, праявіць сябе. Гэтыя вучні ўдзельнічалі ў другім этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах.

Сёлета раённы этап праходзіў на базе гімназіі № 1 райцэнтра. Паспрабаваць свае сілы па 15 прадметах змаглі 192 вучні з усіх устаноў адукацыі — старшакласнікі з 8 па 11 класы. А вось узнагароджаны дыпломамі і пахвальнымі лістамі будуць 48 з іх – лепшыя з лепшых, якія выканалі заданні алімпіяды больш чым на палову. Дыпломаў жа I ступені ўдастоены наогул толькі чацвёра вучняў: гімназісты-дзевяцікласнікі Аляксандр Бітэль і Ігар Арлоўскі па працоўным навучанні (выканалі заданне на 86 і 82 працэнты адпаведна, настаўнік А. А. Кербедзь), дзевяцікласнік Івянецкай СШ Аляксей Сузановіч па матэматыцы (зрабіў заданне на 80 працэнтаў, настаўнік Г. М. Трасцянка) і дзесяцікласніца з гімназіі Кацярына Яблонская па рускай мове (выканала 71 працэнт задання, настаўнік Т. І. Саевіч). Зараз усе работы адпраўлены дзеля пацвярджэння правільнасці вынікаў у Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі.

Святлана СУХАДОЛЕЦ.

 



Добавить комментарий