Разуменне і падтрымку – сацыяльным праектам

Общество

Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Белая Русь” – адна з самых дзейсных і ўплывовых арганізацый. Яна пастаянна на слыху, яе члены ўдзельнічаюць у большасці значных мерапрыемстваў рознага ўзроўню, пастаянна ладзяць новыя ўласныя акцыі.

У гэтыя дні ў нашай краіне разгорнута кампанія па выбарах Прэзідэнта, а старшыня ГА “Белая Русь” А. М. Радзькоў узначаліў ініцыятыўную групу па вылучэнню дзеючага кіраўніка дзяржавы А. Р. Лукашэнкі кандыдатам у Прэзідэнты Беларусі. Безумоўна, не застануцца ў баку ад значнай палітычнай кампаніі і ўсе падраздзяленні “Белай Русі”. Менавіта з гэтага і пачалася размова са старшынёй раённай арганізацыі Наталляй Анатольеўнай ЧАРНЫШОВАЙ.

– Вы можаце акрэсліць прыярытэтныя напрамкі дзейнасці ў бягучым годзе?

– Безумоўна, асноўная справа – удзел у выбарчай кампаніі. Дарэчы, яна трэцяя ў гісторыі нашай маладой арганізацыі. Не здымаецца з парадку дня і развіццё арганізацыйнай структуры, актыўнае ўключэнне членаў у рэалізацыю практычных спраў.

Падчас выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў, якія таксама адбыліся сёлета, набылі значны практычны вопыт. Плануецца, што ў падрыхтоўцы і правядзенні бягучай выбарчай кампаніі на ўсіх этапах будуць таксама задзейнічаны актывісты “Белай Русі”. 23 чалавекі ўжо ўвайшлі ў ініцыятыўную групу па збору подпісаў па вылучэнню кандыдатам у дэпутаты дзеючага Прэзідэнта А. Р. Лукашэнкі. Прыклад падаў старшыня аб’яднання міністр адукацыі А. Радзькоў, які з’яўляецца кіраўніком гэтай ініцыятыўнай групы. У раённай камісіі працуюць 7 членаў нашай арганізацыі, а Л. А. Махніцкая вылучана менавіта ад “Белай Русі”, астатнія – іншымі шляхамі. У раённай камісіі ўжо акрэдытаваны ў якасці назіральнікаў ад Савета ГА “Белая Русь” настаўніца гімназіі І. У. Уланчык і настаўніца СШ № 2 райцэнтра А. А. Кербедзь. Будзем удзельнічаць і ў рабоце ўчастковых выбарчых камісій, і ў якасці назіральнікаў на выбарах.

– Наталля Анатольеўна, давайце ўспомнім найбольш значныя мерапрыемствы, у якіх удзельнічала ваша арганізацыя ў гэтым годзе.

– У першую чаргу – святкаванне 65-ай гадавіны Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Выдаткавалі сродкі на арганізацыю салдацкага прывалу для ўдзельнікаў раённай акцыі “Эстафета памяці”. Таксама была праведзена акцыя “Слава табе, Салдат Перамогі”: унеслі ўклад у арганізацыю святочнага стала для яе ўдзельнікаў і набылі памятныя падарункі. Актывісты пярвічных арганізацый правялі рамонт і добраўпарадкаванне помнікаў і воінскіх пахаванняў, наведалі ветэранаў на даму і ўручылі ўсім віншавальныя паштоўкі. У гімназіі № 1 г. Валожына выдалі альманах пра ветэранаў – “Перамога ў сэрцы кожнага жыве”.

– “Белая Русь” – адна з арганізацый, дзе вялікая ўвага надаецца практычнай рабоце і менавіта сацыяльнай накіраванасці многіх праектаў. Раскажыце пра гэта больш падрабязна.

– У нас ёсць такая акцыя, як “Белая Русь” – з любоўю да дзяцей”. Напярэдадні Дня абароны дзяцей мы ўручылі падарункі пераможцам творчых конкурсаў, а перад 1 верасня набылі школьныя партфелі для выхаванцаў сацыяльнага прытулку, а таксама развіваючыя гульні і цацкі для гэтай установы. На раённым выпускным балі ўручылі каштоўныя падарункі многім выпускнікам школ раёна. Увогуле, падтрымліваем цікавыя маладзёжныя праекты і ініцыятывы, асабліва патрыятычнай накіраванасці.

Нязменна прымаем удзел у Святах горада. Уручаем кветкі самаму маладому і самаму пажылому жыхарам, а таксама набываем для іх падарункі. Сёлета ўручылі тры камплекты для нованароджаных іх матулям у радзільным аддзяленні райбальніцы.

Не засталіся ў баку ад акцыі “Беларусь – гэта мы”: ветэранам педагагічнай справы, членам народнага хору “Спяваючыя сэрцы” ўручылі 10 білетаў на канцэрт Мікалая Скорыкава. Для ўдзелу ў першым міжрэгіянальным турніры па валейболу “Белая Русь” – за здаровы лад жыцця” набылі для каманды раёна шапачкі і шалікі.

– Бачна, што на ўсе падарункі і прызы патрэбны немалыя грошы. Адкуль яны бяруцца?

– Яно так. З пачатку года на правядзенне раённых мерапрыемстваў ужо выдаткавалі 4 мільёны 57 тысяч рублёў. Справа ў тым, што ўсе члены плацяць узносы – 0,3 працэнта ад заработнай платы. Вось і набягае пэўная сума, якую з радасцю аддаём на добрыя справы.

– Наталля Анатольеўна, мы ўжо не раз пісалі пра вашу арганізацыю. Колькі, дарэчы, у раёне пярвічак і членаў? Хто можа ім стаць і якім чынам? Давайце напомнім пра гэта яшчэ.

– У склад раённай арганізацыі ўваходзіць 41 пярвічная, агульная колькасць членаў – 784. Пярвічкі створаны ва ўсіх буйных працоўных калектывах і сельвыканкамах. Аднак рэзерв, безумоўна, ёсць. Калі хто жадае ўступіць у рады “Белай Русі”, трэба звярнуцца з заявай у пярвічку ў тым калектыве, дзе працуе. Сваю работу не ўтойваем, заўсёды рады сустрэцца з прадстаўнікамі СМІ. У рэспубліканскай арганізацыі створаны сайт, куды мы таксама пастаянна пастаўляем інфармацыю. Дзейнасць аб’яднання больш шырока  асвятляецца ў “Народнай газеце”. Дарэчы, за свае сродкі для некаторых пярвічак выпісалі 6 экзэмпляраў гэтай рэспубліканскай газеты.

– Нядаўна прайшоў абласны семінар, надзвычай гучна разрэкламаваны ў сродках масавай інфармацыі. Хто з актывістаў нашай арганізацыі прымаў удзел у гэтым форуме?

– Гэта быў метадычны семінар са старшынямі раённых арганізацый, таму прысутнічала толькі адна я. “Роля пярвічных арганізацый у пытаннях яднання грамадзянскага грамадства і структурнае ўмацаванне грамадскага аб’яднання “Белая Русь” – так гучала яго тэма, і прайшоў ён на базе Мінскага раёна, быў насычаны практычнымі мерапрыемствамі. На пленарным  пасяджэнні выступіў старшыня аб’яднання А. М. Радзькоў, абмеркавалі работу на месцах, сітуацыю ў рэгіёне і перспектывы. Дарэчы, менавіта ў той дзень пачаўся збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у Прэзідэнты. Лепшым старшыням былі ўручаны Ганаровыя граматы і падзячныя пісьмы. У рабоце семінара бралі ўдзел таксама намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама В. Шчэцька і старшыня Мінскага райвыканкама П. Ярмош. Вопыт набыла каштоўны, хаця і ў саміх назапашаны пэўныя напрацоўкі. Пазнаёміліся з практычнай работай пярвічак Папярнянскага сельвыканкама, вучэбна-педагагічнага комплекса дзіцячы сад-агульнаадукацыйная сярэдняя школа в. Бараўляны, агракамбіната “Ждановічы”, ТДА “Белінтэртранс”.

– Плённых вам поспехаў і рэальных спраў на карысць грамадства! Дзякуй за размову.

Гутарыла  Наталля ШТЭЙНЕР.



Добавить комментарий