ПРАФІЛАКТЫКА – ДЗЕЙСНАЯ ВАКЦЫНА

Общество

У структурных падраздзяленнях Мінаблвыканкама створана сістэма работы па прафілактыцы ВІЧ/СНІД. Прымаюцца меры па прафілактыцы інфекцыі.

Важна дапамагчы людзям пазбавіцца ад няправільных штампаў і стэрэатыпаў, якія фарміраваліся гадамі. Напрыклад, тэхналогіі запалохвання прызнаны безвыніковымі, бо яны не толькі не працуюць у плане прафілактыкі, але і нагнятаюць спідафобію, спрыяюць адпрэчванню грамадствам праблемы, а ВІЧ-станоўчых людзей часта могуць паставіць у ролю ізгояў.

Нягледзячы на даволі высокія веды сучасных людзей пра шляхі перадачы ВІЧ, некаторыя практыкуюць небяспечныя сэксуальныя паводзіны. Назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя амаладжэння ўзросту першага сэксуальнага кантакту (у 2011 годзе ўзрост пачатку палавога жыцця склаў 17 гадоў).

У Мінскай вобласці развіццё эпідэміі ўдаецца стрымліваць, аднак сітуацыю нельга назваць станоўчай. На 1 кастрычніка ў вобласці зарэгістравана 1927 выпадкаў ВІЧ-інфекцыі, што складае 13,9% ад агульнай колькасці ВІЧ-інфекцыі ў рэспубліцы. За 9 месяцаў  ВІЧ-інфекцыя зарэгістравана ў 163 чалавек, за аналагічны перыяд мінулага года ў 156 чалавек. Большы ўзровень захворвання ВІЧ рэгіструецца ў раёнах з высокімі паказчыкамі наркаспажывання (Салігорскі, Барысаўскі, Мінскі, Пухавіцкі і г. Жодзіна).

Па стане на 01.10.2012 года Мінская вобласць знаходзіцца на другім месцы (пасля Гомельскай вобласці) сярод рэгіёнаў рэспублікі па паказчыку распаўсюджанасці ВІЧ-інфекцыі. На трэцім месцы (пасля Гомельскай вобласці і Мінска) па колькасці зарэгістраваных выпадкаў ВІЧ-інфекцыі. На чацвёртым (пасля Брэсцкай вобласці (30,3 %), Гродзенскай (13,9 %), Віцебскай (8,5%) па тэмпе прыросту ВІЧ-інфекцыі.

Сёння ў кожным раёне вобласці ёсць людзі, якія жывуць з ВІЧ. У 2012 годзе найбольшая колькасць выпадкаў ВІЧ-інфекцыі зарэгістравана ў Салігорскім раёне – 92 чалавекі, у Барысаўскім –14, у г. Жодзіна – 7, у Пухавіцкім, Стаўбцоўскім – па 6 чалавек, у Слуцкім –13.

За апошнія 10 гадоў узровень зноў выяўленых выпадкаў заражэння ВІЧ сярод моладзі ўпаў у 8 разоў. Гэта звязана з прафілактычнай работай, а таксама з арганізацыяй вольнага часу моладзі. За 9 месяцаў 2012 года ва ўзроставай групе 15-19 гадоў зарэгістраваны 4 выпадкі ВІЧ, што складае 2,5 %, 19 выпадкаў ва ўзроставай групе 20-24 – 11,7%.

У эпідэмічны працэс, галоўным чынам, трапіла насельніцтва працаздольнага ўзросту. Аднак за апошнія гады выпадкі ВІЧ-інфекцыі ўсё часцей рэгіструюцца сярод больш старэйшых узроставых груп. Адзначаецца «фемінізацыя» працэсу захворвання. Сярод інфіцыраваных, выяўленых за 9 месяцаў удзельная вага жанчын склала 44%.

Асвета – гэта вакцына ад ВІЧ. У сувязі з гэтым, адным з ключавых кампанентаў прафілактыкі, як сярод неспрыяльных груп, так і сярод шырокіх слаёў насельніцтва павінна быць рэалізацыя комплекснай інфармацыйна-асветніцкай кампаніі, накіраванай на шырокае інфармаванне насельніцтва пра ВІЧ-інфекцыі, пра шляхі яе распаўсюджвання і прафілактычныя меры.

Рашэннем Мінаблвыканкама зацверджаны мерапрыемствы па рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы прафілактыкі ВІЧ-інфекцыі на 2011-2015 гады ў Мінскай вобласці. На раённым узроўні рэалізацыя ажыццяўляецца ў рамках рэгіянальных мерапрыемстваў.

На абласным і раённых узроўнях створаны адзіныя каардынацыйныя органы – міжведамасныя саветы па прафілактыцы ВІЧ-інфекцыі і венерычных хвароб.

У Беларусі пражывае больш 10 000 людзей, у якіх выяўлены ВІЧ. Аднак, колькасць людзей, якія жывуць з ВІЧ, можа дасягаць 18-25 тысяч чалавек.

І гэта звязана ў першую чаргу з тым, што ад моманту інфіцыравання і да з’яўлення клінічных сімптомаў можа прайсці вялікі прамежак часу – 10-15 гадоў.

Наяўнасць ВІЧ-інфекцыі ў арганізме можа вызначыць толькі лабараторны тэст. Па статыстыцы, кожны дзень у Беларусі заражаюцца 3-4 чалавекі.

 



Добавить комментарий