Праекты ўвасабляюцца ў жыццё

Общество

Развіццё прадпрымальніцкай сеткі. Пашырэнне інфраструктуры. Прыцягненне інвестыцый… Гэтыя эканамічныя паняцці цесна звязаны з Ракавам, які сёння рыхтуецца да імклівага сацыяльна-эканамічнага ўздыму. Такая магчымасць ёсць, і дасягнуць яе можна, дзякуючы перспектывам, адкрытым падчас дзелавых сустрэч кіраўніцтва рэгіёна з зацікаўленымі прадпрымальніцкімі і інвестарскімі коламі. Падзяліцца апошнімі навінамі ў данай сферы мы папрасілі старшыню Ракаўскага сельвыканкама А. А. Мякінку.

– Аляксандр Антонавіч, раскажыце пра апошнія адкрытыя ў мястэчку інвестпраекты. Па чутках, тутэйшай мясцовасцю нават прадстаўнікі буйнейшага горада Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў – Дубая – зацікавіліся?

– Гэта не чуткі. Такія сустрэчы на самай справе мелі месца. Дубайцы зацікаўлены ў стварэнні ў Ракаўскай зоне аж двух сумесных арабска-беларускіх прадпрыемстваў. Больш да сказанага дадаць пакуль нічога не магу.

Акрамя гэтага, у лік буйнейшых інвестпраектаў уваходзіць будаўніцтва лагістычнага цэнтра. Распрацоўваецца таксама праект “Беларускага нафтавага гандлёвага дому”, гэта арганізацыя мае намер пабудаваць побач з Ракавам заправачную станцыю, гасцініцу і, магчыма, гандлёвы комплекс. Фірма “Адзімакс”, якая валодае 20 працэнтамі продажу электрычнай бытавой тэхнікі на беларускім спажывецкім рынку, плануе размясціць у нашай мясцовасці аптова-рэалізацыйныя склады. Ужо распрацаваны неабходныя дакументы і створаны праект, справа за самой фірмай. Вялікія перспектывы адкрывае і новая кальцавая аўтадарога, якая пройдзе праз Ракаў.

– Што сёння рэальна робіцца, якія з названых праектаў увасабляюцца ў жыццё?

– Шпаркімі тэмпамі вядзецца будаўніцтва лагістычнага цэнтра, ён расце на вачах. Да таго ж падвозяць і падсыпаюць пяском месца, дзе праляжа кальцавая, вядзецца разметка ўчасткаў. Аднак там пакуль ёсць свае пытанні, і толькі пасля іх канчатковага вырашэння будаўніцтва разгорнецца ў поўным маштабе. Для рэалізацыі астатніх задум патрэбны пэўны час.

– Адчуўшы падтрымку з боку дзяржавы, актывізаваліся і прадпрымальнікі. Што сёння яны прапануюць Ракаву і яго жыхарам?

– Акрамя камерцыйных крам, якія сёння ў поўнай меры задавольваюць пакупніцкі попыт на спажывецкія тавары, разгортваюць дзейнасць і іншыя прыватнікі. Напрыклад, адзін з іх мае намер наладзіць вытворчасць элітнай мэблі з дарагіх сартоў драўняных парод (дарэчы, таксама інвестыцыйны праект!). Відавочна, даныя вырабы пойдуць і на экспарт, а гэта – дадатковая крыніца даходаў у бюджэт. Расшырае рынак паслуг прадпрыемства “Белвальд” – уводзіцца новая лінія пад вытворчасць халадзільнага абсталявання. Таму, акрамя новых тавараў, людзі атрымаюць дадатковыя рабочыя месцы, што, пагадзіцеся, не так і мала.

– Аляксандр Антонавіч, якія ў сувязі са ўсім сказаным перамены чакаюць ракаўчан?

– Прагнозы складаюцца досыць аптымістычныя. Напрыклад, скарачэнне ўзроўню беспрацоўя і павышэнне якасці жыцця ў сувязі з запаўненнем новых вакансій (адзін толькі лагістычны цэнтр пасля адкрыцця прадаставіць каля 150 рабочых месцаў). Даплюсуем сюды і ўзбуйненне самога Ракава за кошт будаўніцтва службовага і прыватнага жылля, добраўпарадкаванне, пашырэнне рынкаў тавараў і паслуг. Зрэшты, загадваць на будучае не ў маіх прынцыпах, найлепш усё пакажа час. Але факт, што Ракаў стане іншым, бясспрэчны…

– Дзякуй Вам за размову.

Гутарыў Сяргей САДОЎСКІ.



Добавить комментарий