ЁСЦЬ ПАДСТАВЫ ДЛЯ ГОНАРУ

Официально

У мінулую суботу Маладзечна гасцінна прымала дэлегацыі з усіх куточкаў Міншчыны. Тут прайшло абласное свята, прысвечанае Дню работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК.

Заслужаныя ўзнагароды лепшым прадстаўнікам галіны, кіраўнікам калектываў-пераможцаў, старшыням райвыканкамаў за найбольшы ўклад у развіццё сельскай гаспадаркі сталічнай вобласці ўручыў старшыня аблвыканкама Барыс Васільевіч БАТУРА.

Дэлегацыю нашага раёна ў складзе 27 чалавек узначаліў старшыня райвыканкама Уладзімір Антонавіч НАУМОВІЧ.

Вянцом слаўнай хлебаробскай працы можна назваць традыцыйнае восеньскае свята тых, хто заняты ў аграрным сектары эканомікі.

Міншчыне ёсць чым ганарыцца. Яна заваявала пачэсны статус жытніцы Беларусі. Сёлета ў нашай вобласці сабраны небывалы ўраджай. З улікам зернебабовых і кукурузы намалочана 2 мільёны 500 тысяч тон. І з гэтай працоўнай перамогай  кіраўнік абласной вертыкалі Барыс Васільевіч Батура шчыра павіншаваў усіх, хто быў запрошаны на абласное свята ў Маладзечна.

Старшыня аблвыканкама ўручыў заслужаныя ўзнагароды пераможцам абласнога спаборніцтва.  Б. В. Батура зазначыў, што ў вобласці нямала зроблена ў плане мадэрнізацыі вытворчасці, па рэалізацыі інвестпраектаў і інш.

Адзначалася, што абсалютным рэкардсменам у рэспубліцы па намалоце збожжа стаў камбайнер з агракамбіната “Ждановічы” М. Саладуха. Яго ўклад у агульны каравай Міншчыны – 7700 тон хлеба. А самыя важкія ўраджаі, як паказваюць вытворчыя здабыткі, умеюць вырошчваць у Нясвіжскім, Мінскім, Капыльскім, Стаўбцоўскім, Клецкім, Любанскім і іншых раёнах.

Нямала красамоўных  рэкордных паказчыкаў у сваім святочным дакладзе прыводзіў і першы намеснік старшыні аблвыканкама А. Замжыцкі. Адрасаваў словы прывітання землякам і Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Л. Заяц.

Ганаровыя дыпломы, прэміі, а таксама і больш чым проста каштоўныя падарункі – дакументы ад новых трактароў і іншай сельгастэхнікі былі ўручаны на абласным свяце калектывам-перадавікам  і лідарам індывідуальнага спаборніцтва ў асноўных галінах АПК і перапрацоўчай прамысловасці.

На сцэне ва ўтульнай глядзельнай зале ў той дзень гаспадарылі самадзейныя артысты – лепшыя творчыя калектывы Міншчыны.

Не без гонару зазначым, што рэпертуар святочнага канцэрта ўпрыгожылі і таленты нашай Валожыншчыны. Дарэчы, яны па колькасці нумароў трымалі пальму першынства.

На адкрытых пляцоўках горада ў раёне Маладзечанскага Палаца культуры ў той суботні дзень шумеў багаты восеньскі кірмаш, дэманстраваліся і ўзоры высокапрадукцыйнай сельскагаспадарчай тэхнікі.

Ірына ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий