ТРЭЦІ ГОРАД-ПАБРАЦІМ

Официально

Расійскія гарады Зарайск, Арзамас даўно сталі для жыхароў нашага раёна блізкімі. Мерыдыяны дружбы ўжо доўгія гады звязваюць рэгіёны паміж сабой.

Нядаўна на VII сустрэчы гарадоў-пабрацімаў і партнёраў, якая праходзіла ў Мінску, братэрскія сувязі з суседняй Расіяй набылі новы вектар развіцця. На сімвалічнай карце дружбы паміж Беларуссю і Расіяй цяпер больш блізкім для Валожыншчыны стаў і яшчэ адзін горад у Падмаскоўі.

Афіцыйныя пабрацімскія сувязі ўстаноўлены паміж Валожынам і горадам Лобня. Адпаведны дагавор падпісалі нядаўна старшыня райвыканкама У. А. Наумовіч і першы намеснік кіраўніка адміністрацыі расійскага горада А. А. Куманава (на здымку).

Дзелавое супрацоўніцтва, гандлёва-эканамічныя, тэхнічныя, культурныя сувязі, а таксама актывізацыя інвестыцыйнай дзейнасці, абмен вопытам у развіцці мясцовага самакіравання, міжгарадскім турызме – гэта толькі невялікая частка з перспектыўнага плана двухбаковага супрацоўніцтва, пачатак якому пакладзены ў лістападзе бягучага года.

 

ВІЗІТНАЯ КАРТКА

ЛОБНЯ размешчана ў Маскоўскай вобласці ў 12 кіламетрах ад сталіцы Расіі. Першапачаткова гэта было прыстанцыйнае мястэчка. У 1961 годзе Лобня ператворана ў горад.

Насельніцтва – 71 тысяча жыхароў. У наваколлі Лобні знаходзіцца міжнародны аэрапорт Шарамецьева.

У горадзе працуюць 60 прадпрыемстваў. Тут знаходзяцца Усерасійскі НДІ кармоў, тэхнікум будіндустрыі і прадпрымальніцтва, інстытут права, эканомікі і вытворчасці, інстытут бізнэсу і палітыкі, гуманітарная акадэмія, 11 сярэдніх школ, 2 ліцэі, дзіцячая школа мастацтваў, тры тэатры, два музеі, у тым ліку і Музей танка “Т-34” і многія іншыя ўстановы сацыяльна-культурнага прызначэння.

У гады Вялікай Айчыннай вайны ў раёне Лобні вяліся жорсткія баі. Бітва ля мястэчка Чырвоная Паляна (цяпер уваходзіць у межы горада) стала пераломнай падзеяй у абароне Масквы.

На паўночным захадзе ад горада знаходзяцца ледніковыя азёры. Прыродны заказнік «Возера Кіёва» доўгі час лічыўся найбуйнейшым у Еўропе месцам гнездавання азёрных чаек. Гэта белакрылая птушка з’яўляецца сімвалам горада.

Да друку падрыхтавала Ірына ПАШКЕВІЧ.

Фота Анатоля БАСАВА.

 



Добавить комментарий