Са старонак крымінальных спраў

Закон и порядок

Колькі існуе чалавечая цывілізацыя, цягнецца яе змаганне з крыміналам. У розных краінах і ў розныя часы меры, якія прымяняліся для пакарання зладзеяў, змяняліся ад адносна мяккіх да самых жорсткіх, і тым не менш на працягу стагоддзяў цёмны бок чалавечай душы знаходзіў сваё ўвасабленне ў самых разнастайных злачынствах.

Хапае працы і сучасным ахоўнікам правапарадку. Штодзень абнаўляюцца крымінальныя зводкі, рэгулярна ўзбуджаюцца крымінальныя справы, выносяцца судовыя рашэнні.

Як ні дзіўна, але ж супрацоўнікі міліцыі і следчых органаў заўважылі: падобна да хранічнай хваробы крымінальная дзейнасць актывізуецца ўвосень і вясной. Не стаў выключэннем і бягучы год.

У верасні на адным з прысядзібных участкаў у вёсцы Пяршаі быў знойдзены труп мужчыны з цялеснымі пашкоджаннямі.

Эксперты канстатавалі чэрапна-мазгавую траўму з кровападцёкамі і ранамі твару і галавы, кровазліццём. Крыміналісты кваліфікавалі выпадак, як нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, якія пацягнулі за сабой смерць па неасцярожнасці. Была ўзбуджана крымінальная справа, пачалося следства.

Праз нейкі час следчым удалося аднавіць карціну трагедыі і адшукаць вінаватага. Ім аказалася дваццацішасцігадовая жанчына, інвалід другой групы, якая стаіць на медыцынскім уліку з дыягназам “умераная разумовая адсталасць”. Яна не мела жылля і таму ў апошні час жыла разам з маці ў спецыяльнай медыцынскай установе.

Сцэнарый жа падзей, якія прывялі да крымінальных вынікаў, разгортваўся дастаткова трывіяльна.

Непасрэдна перад учыненнем злачынства вінаватая разам з маці і загінуўшым распівалі спіртныя напоі. Аднавіць жа больш дробныя дэталі наўрад ці ўдасца. Паводле заключэння судовай псіхіятрычнай камісіі, жанчына нават у цвярозым стане не здольна ўсведамляць фактычны характар і грамадскую небяспечнасць уласных дзеянняў. Калі б падобнае злачынства ўчыніў псіхічна здаровы чалавек, то паводле Крымінальнага кодэкса яго б чакала пазбаўленне волі на тэрмін ад 5 да 15 гадоў. З прычыны ж псіхічнага нездароўя вінаватай яна будзе накіравана на прымусовае лячэнне ў спецыяльную псіхіятрычную бальніцу з узмоцненым наглядам.

Іншая крымінальная гісторыя адбылася напрыканцы верасня ў вёсцы Чартавічы Сакаўшчынскага сельсавета.

Пад самую раніцу, яшчэ ў цемры, у дзверы адной з хат, дзе жыве сям’я пажылых вяскоўцаў, пастукалі. Ці то голас падаўся гаспадыні знаёмым, ці то начны госць знайшоў патрэбныя словы, але ж у выніку сямідзесяцігадовая жанчына адчыніла дзверы.

Пагражаючы кухонным нажом, чалавек з тварам, заматаным шалікам, запатрабаваў грошы. Сціплыя зберажэнні вяскоўцаў не дужа ўзбагацілі рабаўніка. Яму ўдалося адабраць у старых людзей усяго дзвесце сорак тысяч рублёў. А вось характар дзеянняў злодзея, якія паводле Крымінальнага кодэкса караюцца пазбаўленнем волі тэрмінам ад шасці да пятнаццаці гадоў, прымусіў аператыўнікаў дзейнічаць хутка і рашуча.

Літаральна адразу ж “чалавек у масцы” быў выяўлены і затрыманы. Ім аказаўся дваццацігадовы ўраджэнец Валожына, які жыў са сваёй бабуляй у вёсцы Чартавічы з прычыны таго, што з роднай маці ў яго не склаліся адносіны. Нягледзячы на маладосць, ужо некалькі разоў трапляў ён на лаву падсудных, нідзе не працаваў. Як высветлілася падчас следства, у вечар учынення злачынства знаходзіўся ў нецвярозым стане, але ж, выбіраючы ахвяру, з самага пачатку ўлічыў тое, што гаспадары дома – састарэлыя людзі.

Раённы аддзел следчага камітэта Рэспублікі Беларусь узбудзіў і прыняў да вядзення крымінальныя справы па абодвух выпадках.

Юлія Селятыцкая,

старшы следчы раённага аддзела Следчага камітэта

Андрэй ЗАХАРАНКА

 



Добавить комментарий