Общество

Валоданне сучаснымі тэхналогіямі, жвавы розум і жаданне рухацца наперад робяць моладзь здольнай па праве ўваходзіць у кагорту лепшых работнікаў. Менавіта да яе адносіцца і Віталій ПУПА, начальнік аперацыйнага аддзела Цэнтра банкаўскіх паслуг № 605 ААТ “Беларусбанк” у горадзе Валожыне.

Выпускніком Маладзечанскага гандлёва-эканамічнага каледжа прыйшоў ён на працу ў адну з самых буйных банкаўскіх устаноў раёна на пасаду старэйшага касіра. Нават за ўласцівай Віталію сціпласцю нельга было не заўважыць яго высокага прафесіяналізму.

Неўзабаве ён узначаліў аперацыйны аддзел, супрацоўнікі якога штодзень прымаюць не адну сотню наведвальнікаў. Пад кіраўніцтвам В. Пупы трынаццаць спецыялістаў ажыццяўляюць каля пяцідзесяці розных відаў фінансавых аперацый для кліентаў банка – фізічных асоб.

За час працы Віталій не толькі паказаў сябе сапраўдным прафесіяналам, але ж і чалавекам, здольным уласнымі рукамі будаваць сваё жыццё.

У яго маладой сям’і падрастаюць двое дзетак, для якіх клапатлівы бацька, атрымаўшы льготны банкаўскі крэдыт, пабудаваў новае жыллё.

У будучым годзе ў адукацыйную скарбонку ляжа яшчэ адзін дыплом. В. Пупа завочна заканчвае Інстытут парламентарызму і прадпрымальніцтва па спецыяльнасці “Бухгалтарскі ўлік. Аналіз. Аўдыт”.

Тэкст і фота Андрэя ЗАХАРАНКІ.

 



Добавить комментарий