МАЛАДЫЯ ЖУРНАЛІСТЫ СУСТРЭЛІСЯ Ў ГОМЕЛІ

Общество

Зазірнуць у будучыню паспрабавалі ўдзельнікі беларуска-расійскага форуму маладых журналістаў, які з 15 па 16 лістапада праходзіў у Гомелі. У абласны цэнтр – месца яднання трох братэрскіх славянскіх народаў – акрамя беларускіх прадстаўнікоў масмедыя з’ехаліся дэлегацыі з Масквы, Смаленска і Бранска, прыбылі і спецыяльна запрошаныя ўкраінскія госці.

Назва гэтага маштабнага мерапрыемства – “Агульны погляд у будучыню” – была абрана не выпадкова. Як вядома, адзін – у полі не воін, асабліва ў інфармацыйным. У сучасным свеце, дзе разам са станоўчымі тэндэнцыямі назіраецца падзенне нораваў, напластаванне хлусні, выстаяць можна толькі аб’яднаўшыся, узяўшыся, вобразна кажучы, за рукі. Магчыма, тады атрымаецца захаваць славянскія традыцыі, духоўныя набыткі, справіцца з гістарычным нігілізмам.

Бясспрэчна, што СМІ фарміруюць грамадскую думку. Таму адказнасць сучаснага журналіста перад аўдыторыяй каласальная. Нават Напалеон заўважыў аднойчы: “Адно слова каштуе некалькіх дывізій”. Што ўжо казаць пра сённяшні дзень, калі катэгарычныя, прадузятыя, назойлівыя навіны лягчэй руйнуюць лучнасць і згоду, чым ствараюць. Як навучыцца завастраць увагу на важнейшых момантах жыцця? Як кранаць сэрца і душу людзей? Як пры касмічных хуткасцях распаўсюджвання фактаў, каментарыяў і меркаванняў “вывудзіць” у інфармацыйным моры трапныя і праўдзівыя словы?

Разабрацца ў асаблівасцях нашай складанай і ўнікальнай прафесіі маладым журналістам дапамагалі знакамітыя і мудрыя калегі па цэху. На адкрыцці форуму з прывітальным словам выступілі памочнік Прэзідэнта Беларусі У. В. Янчэўскі, першы сакратар цэнтральнага камітэта БРСМ І. І. Бузоўскі, старшыня Беларускага саюза журналістаў А. І. Лемяшонак і іншыя.

Зараз 2,5 мільярда людзей у свеце чытаюць газеты. Таму, па меркаванні многіх спікераў форуму, web-выданні не паглынуць друкаванае слова. Да таго ж, інтэрнэт апусціў планку журналістыкі ніжэй плінтуса: татальны непрафесіяналізм, недасведчанасць, дэфіцыт праўдзівасці (усё большая катэгарычнасць) пануюць на многіх сайтах.

Насычаную праграму медыяфоруму можна параўнаць з мнагаслойным пірагом. Камусьці спадабалася “начынка” – дыскусіі “Журналістыка ў XXI стагоддзі: традыцыі і навацыі”. Хтосьці знайшоў свае “изюминки” ў чарадзе майстар-класаў і сесій на розныя тэмы: ад спецыфікі ўзаемадзеяння СМІ з маладзёжнай аўдыторыяй да інфармацыйнага суправаджэння рэалізацыі праектаў Саюзнай Дзяржавы. Хтосьці запісаў для сябе карысныя “рэцэпты” журналісцкай “кухні” на выставе работ маладых журналістаў Беларусі і Расіі, на прэзентацыі саюзных праектаў. Падчас кава-паўз удзельнікі форуму маглі пазнаёміцца і пагутарыць нефармальна, абмяняцца кантактамі, запрасіць адзін аднаго ў госці. Такі ўзаемакарысны і прыемны абмен вопытам і ідэямі спарадзіў энергетыку са знакам плюс.

Яркім упрыгажэннем гэтага “медыя-пірага” стала экскурсія ў галоўную славутасць і гордасць Гомеля – палацава-паркавы ансамбль Румянцавых і Паскевічаў, які быў закладзены ў 1777 годзе. У палацавым парку расце каля 100 відаў дрэў і кустоў. Графскі будынак захоўвае адну з лепшых у рэспубліцы калекцый камінных гадзіннікаў. Да рэвалюцыі тут знаходзілася больш за тры тысячы прадметаў мастацтва: калекцыі фарфору, мастацкага шкла, габелены, карціны. У 1919 годзе з палаца толькі золата і срэбра было вывезена каля двух тысяч кілаграмаў.

Прыемны сюрпрыз для маладых прадстаўнікоў массмедыя падрыхтаваў Беларускі саюз журналістаў. Прэміяй “Дэбют” на форуме былі ўзнагароджаны лепшыя рэпарцёр, аглядальнік, вядучы радыё-, тэлепраграм, фотакарэспандэнт.

Арганізавалі медыяфорум Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Пастаянны Камітэт Саюзнай Дзяржавы, Беларускі саюз журналістаў, БРСМ і Гомельскі абласны выканаўчы камітэт. Падтрымку ў арганізацыі аказалі Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь і Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі.

Закончылася гэта двухдзённае мерапрыемства на пазітыўнай ноце. Арганізатары выказалі надзею, што “першае спатканне” маладых журналістаў стане традыцыйным.

Алена ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий