ТУРЫСТЫЧНАЯ НАВІНКА: суб’ектыўныя нататкі журналіста

Общество

Нядаўна на пасяджэнні ў Міністэрстве спорту і турызму, а потым на 19-й Міжнароднай турысцкай выставе «Турбізнэс-2012» адбылася прэзентацыя новага прадукту – мадэльнага турысцка-экскурсійнага «зялёнага» маршруту «Валожынскія гасцінцы». Заданне на яго стварэнне сфармулявала Нацыянальнае агенцтва па турызме, распрацоўкай жа займалася грамадскае аб’яднанне «Адпачынак на вёсцы».

Упершыню маршрут распрацаваны на аснове агульнаеўрапейскай канцэпцыі «зялёнага шляху». Гэта павінна зрабіць яго не проста навіной для беларускіх аматараў падарожжаў і экскурсій, але ж і паставіць у адзін шэраг з іншымі вядомымі еўрапейскімі маршрутамі падобнага кшталту.

 

«Зялёныя шляхі» Еўропы

Больш за дзесяцігоддзе таму ў межах праграмы развіцця ААН і ва ўстаўных дакументах Еўрапейскай асацыяцыі зялёных маршрутаў былі сфармуляваны асноўныя прынцыпы новай з’явы. За мінулы час тэарэтычныя выкладкі набылі «плоць і кроў» у многіх краінах. Дзеючыя «зялёныя маршруты» з’явіліся і вынікова працуюць у Польшчы, Славакіі, Венгрыі, Аўстрыі, Чэхіі, Румыніі, Сербіі, Харватыі, Ліхтэнштэйне. У Беларусі дзейнічаюць многія дзясяткі звыклых экскурсійных “сцяжынак”, але ж да катэгорыі “зялёных” яны не адносяцца. Чаму?

Якім павінен быць турысцкі маршрут, каб трапіць у новую катэгорыю?

Паводле сучаснага разумення “зялёны” маршрут павінен адпавядаць цэламу шэрагу патрабаванняў. Так, неабходна, каб перамяшчацца па маршруце было найбольш мэтазгодна і даступна, не карыстаючыся ўласным аўтамабілем. Найбольш рэкамендавана рухацца пешшу, на веласіпедзе, мясцовым грамадскім транспартам, конна.

Наступным пунктам з’яўляецца ўсебаковая прапаганда здаровага ладу жыцця, актыўных відаў турызму, адпачынку на свежым паветры на ўлонні прыроды. Пры гэтым дзейнасць маршруту павінна прыводзіць да павышэння жыццёвага ўзроўню мясцовага насельніцтва.

Па-сапраўднаму “зялёныя” маршруты павінны падтрымліваць і актывізаваць дзейнасць мясцовых супольнасцей, стымуляваць развіццё прадпрымальніцтва, ствараць новыя працоўныя месцы і дадатковыя крыніцы прыбытку для мясцовай грамады. Важнай асаблівасцю з’яўляецца таксама выкарыстанне выключна мясцовых рэсурсаў, пачынаючы ад устаноў пражывання і харчавання, разнастайных турыстычных атракцый, і заканчваючы паслугамі гідаў.

Не менш важнымі з’яўляюцца і ахова прыроднай і культурнай спадчыны, дапамога ў фарміраванні і ўмацаванні мясцовымі супольнасцямі ўласнай культурнай і сацыяльнай самасвядомасці, стварэнне магчымасцей для больш глыбокага пазнання турыстамі праблематыкі рэгіёна, мясцовых падзей і ініцыятыў.

 

Сябе паказаць

Прыемна і невыпадкова тое, што менавіта Валожыншчына стала пляцоўкай для распрацоўкі першага мадэльнага “зялёнага” турысцкага маршруту ў Беларусі. Як слушна заўважаюць даследчыкі, наша зямля прапануе цікаўнаму госцю абсалютна непаўторнае спалучэнне прыроднай, гістарычнай, культурнай і сацыяльнай адметнасці з унікальным наборам помнікаў і элементаў інфраструктуры, рэалізаваных на сённяшні дзень у сектары агратурызму.

Працягласць маршруту больш за 200 кіламетраў. Аднак з улікам усіх, прыведзеных вышэй, патрабаванняў пераадолець яго за адзін дзень наўрад ці ўдасца. Таму распрацоўшчыкі вылучылі так званыя “тэматычныя петлі”, якія дазволяць спланаваць падарожжа такім чынам, каб даследаваць пэўную тэму, сустрэцца з цікавымі людзьмі, але не ператварыць адпачынак у “гонку з перашкодамі”.

У поўным варыянце мадэльны зялёны маршрут “Валожынскія гасцінцы” ўключае ў сябе наведванне некалькіх музеяў – “Ракаўская цывілізацыя” Фелікса Янушкевіча ў Ракаве, “Свет пчол” у вёсцы Барок, старых музычных інструментаў на сядзібе “Хутар Дудара”, “Брама ў Налібокі” недалёка ад вёскі Малая Люцінка. Амаль што ўсе яны прапануюць наведвальнікам не проста статычную экспазіцыю, але ж цэлае інтэрактыўнае дзеянне. Можна таксама навучыцца вырабу лялек-абярэгаў, коўцы крэсіваў, сакрэтам старадаўняй беларускай кухні. Аматараў асабліва актыўнага турызму чакае сучасны “вяровачны горад”, а прыхільнікаў прыродазнаўства – “экалагічныя сцяжынкі” ў Налібоцкай пушчы.

Асобную, не менш важную частку маршруту складае наведванне падарожнікамі размешчаных у раёне яго пралягання аграсядзіб, якія закліканы прадэманстраваць дасягненні ў сферы індустрыі гасціннасці, прапанаваўшы гасцям размяшчэнне, харчаванне, разнастайныя анімацыйныя праграмы.

Менавіта ўнікальнае спалучэнне багатай культурна-гістарычнай і прыроднай спадчыны, высокі ўзровень развіцця агратурызму, наяўнасць зацікаўленых людзей і наладжанага кантакту паміж органамі ўлады і ініцыятарамі развіцця “зялёных” маршрутаў і прывялі да таго, што першая ластаўка новай плыні ў турызме бярэ свой старт на нашай зямлі.

 

Не разбіцца аб побытавыя камяні

Ці азначае ўсё сказанае раней, што цяпер цэлыя турысцкія натоўпы рушаць да нас, каб пазнаёміцца з новым прадуктам? Нягледзячы на тое, што спецыялісты лічаць распрацаваны маршрут гатовым прымаць да 10 тысяч чалавек у год, у тым, што мы гатовы на самой справе прапанаваць, далёка не ўсё так гладка.

Выклікае абгрунтаванае падазрэнне сцвярджэнне аб тым, што “Валожынскія гасцінцы” гатовы прымаць “нематыразаваных” турыстаў. Няглездячы на тое, што энтузіястамі ГА “Мінскае роварнае таварыства” сумесна з ініцыятыўнай групай валожынскіх аграсядзіб пачалася праца па разметцы веласіпедных маршрутаў на тэрыторыі Налібоцкай пушчы, самым зручным, калі не адзіна магчымым сродкам перамяшчэння паміж кропкамі новага маршруту застаецца асабісты аўтатранспарт.

Якім чынам здолее сталічная сям’я дабрацца з уласнымі веласіпедамі да пачатковых пунктаў маршруту? Вырашыць праблему маглі б пункты пракату адпаведнага веларыштунку, але ж іх стварэнне – пытанне будучыні. Грамадскі транспарт ні паводле маршрутаў руху, ні паводле сваёй загрузкі і камфортнасці падарожжа фактычна не можа быць скарыстаны. Нягледзячы на наяўнасць рэальных магчымасцей у конна-гістарычным клубе “Залатая Шпора”, які размяшчаецца ў вёсцы Міжрэчча пад Ракавам, прапанаваць свае паслугі для пераадолення ўчасткаў “Валожынскіх гасцінцаў” конна, пытанне толькі пачынае разглядацца.

Не менш слабым месцам з’яўляецца і патрабаванне выкарыстання выключна мясцовых рэсурсаў. За выключэннем літаральна некалькіх аграсядзіб, ніхто не гатовы сёння якасна і легальна прымаць гасцей, у тым ліку замежных. Асобную праблему складае патрэба ў мясцовых гідах. Акрамя некалькіх актывістаў агратурыстычнага бізнэсу раёна, якія і без таго занятыя на ўласных сядзібах і па сутнасці не з’яўляюцца ні экскурсаводамі, ні перакладчыкамі, ніхто сёння не гатовы распачаць працу ў новай сферы.

Не менш трывожыць і тая лакальная прадукцыя, якую мы гатовы прапанаваць. Прадуманай, скаардынаванай схемы вытворчасці сувеніраў і блізкай да іх прадукцыі ў раёне не існуе. Крыху ратуюць сітуацыю толькі івянецкія цукеркі і збанкі разам з лялькамі з Петрусоўшчыны, якія вырабляюць жыхары экапаселішча “Росы”. Амаль усё астатняе, што прапануюць сёння гаспадары аграсядзіб гасцям, вырабляецца дзесьці за межамі раёна, калі ўвогуле не за межамі краіны.

У разрэзе прыняцця “Валожынскімі гасцінцамі” замежных турыстаў таксама паўстае цэлы шэраг праблем. Гаспадары аграсядзіб, зразумела, імкнуцца забяспечыць сваіх гасцей хоць якой іншамоўнай прадукцыяй. Але ці знойдзе замежны турыст хоць адно слова на адной з інтэрнацыянальных моў хаця б на якім з аб’ектаў сэрвісу раёна? Ці зможа ён без асаблівых прыгод набыць элементарную бутэльку пітной вады ў вясковай ці нават гарадской краме? Якім чынам здолее зарыентавацца на развілку дарог, не маючы ні патрэбнай друкаванай прадукцыі, ні адпаведных указальнікаў? Адказы на гэтыя пытанні, на жаль, большай часткай несуцяшальныя.

 

Праблема, як стымул да развіцця?!

Дзіўная сумесь унікальнасці і праблемнасці можа спарадзіць у кагосьці пэўнае расчараванне. Сапраўды, каб выведзены спецыялістамі на паперы праект распачаў рэальную плённую працу, трэба яшчэ зрабіць шмат намаганняў на самых розных узроўнях. Але ж і тое, што мы сёння маем, таксама з’явілася не ў адзін дзень і не без карпатлівай працы людзей, якія не пабаяліся пачаць з “белага аркуша”.

Дакладна акрэсленыя патрабаванні да “зялёных” маршрутаў хаця і ствараюць пэўныя праблемы, але ж і паказваюць накірунак далейшага развіцця. Паняцце Беларусі ў якасці сучаснай еўрапейскай краіны, складаецца з многіх фрагментаў. Калі прэзентаваны зараз мадэльны маршрут “Валожынскія гасцінцы” здолее з часам разгарнуцца ў паўнавартасны, дзеючы, пабудаваны на еўрапейскіх прынцыпах турыстычны праект, гэта станоўча адаб’ецца на турыстычным і культурным іміджы не толькі Валожыншчыны, але ж і ўсёй краіны.

Андрэй ЗАХАРАНКА.

 



Добавить комментарий