УЗЯЦЬ У ЖЫЦЦІ ВЫСОКУЮ НОТУ

Люди и судьбы

Няскораная воля да перамогі, амбіцыйнае жаданне заўсёды быць першай з маленства фарміравалі натуру гэтай невысокай па росце дзяўчынкі.

У дзіцячым садку № 2 горада Валожына аднойчы выхавальнікі аб’явілі, што гонар узняць флаг на ўрачыстасці ўдастоіцца толькі той з выхаванцаў, хто першы прыйдзе да фінішу. Дыстанцыя пакаралася ўсім з цяжкасцю. Нялёгка прыходзілася і Таццяне. Але яна вельмі хацела перамагчы. І яе ўдача ў той дзень не пакідала. Здавалася вось-вось можна будзе спачываць на лаўрах. Але юная спартсменка нечакана аступілася і ўпала ніц. Збіла да крыві калені, падрапала рукі. Сапернікі-равеснікі дружнай чародкай пранесліся міма. Таццяна зразумела, што яна безнадзейна прайграла, хаця перамога і была так блізка. Калі б не ўпала…

Балельшчыкі і суддзі не маглі не ацаніць яе спрыт і волю, і, вядома ж, не маглі ўстаяць перад шчырымі слязамі гэтай шасцігадовай дзяўчынкі, якія нястрыманымі ручаямі ліліся з карых вялізных вачэй. Параіўшыся, суддзі ўсё ж вырашылі, што права ўзняць флаг на свяце, трэба, нягледзячы ні на што, усё ж аддаць Таццяне.

Гэта была, напэўна, першая сур’ёзная сітуацыя ў жыцці дзяўчынкі, якая дапамагла ёй пераканацца, што шлях да перамогі і зорак амаль заўсёды і сапраўды вядзе праз церні. Таццяна зразумела, што нічога так лёгка ў жыцці не даецца.

Прафесія, якую ўгатаваў ёй лёс, не мела нічога агульнага з фізічнымі нагрузкамі, але дынаміка, сіла волі, настойлівасць у яе прафесіянальным жыцці ўсё ж былі вызначальнымі на крутых паваротах лёсу.

Ужо з маленства жыццё гэтай дзяўчынкі ўяўляла доўгую дыстанцыю з дзясяткамі бар’ераў. Як у спрынце, ёй прыходзілася пастаянна выпрабоўваць сябе, сваю моц, сваю волю.

У сем гадоў яна пакінула родны бацькоўскі дом у Валожыне і стала навучэнкай прэстыжнай Рэспубліканскай дзіцячай школы-інтэрната па музыцы і выяўленчым мастацтве імя Ахрэмчыка ў Мінску. Займалася на аддзяленні харавога дырыжыравання і фартэпіяна. Таццяна праходзіла тут і першыя ўніверсітэты самастойнасці. А пачыналася ўсё так…

Шмат гадоў таму ў дзіцячыя сады горада Валожына прыехаў прадстаўнічы дэсант прафесіяналаў-музыкантаў з Мінска. Яны выбіралі найбольш адораных дзяцей для стацыянарнай вучобы ў рэспубліканскай спецыялізаванай установе. Абсалютным музычным слыхам іх скарыла шасцігадовая Таццянка Журкевіч. Яна была ў ліку найпершых прэтэндэнтаў. Але маці падумала-паразважала і вырашыла пакуль што дачку на вучобу ў Мінск не аддаваць – “зусім жа яшчэ малеча”. А каб здольнасці развіваліся, павяла яе паступаць у Валожынскую музычную школу. Педагог ад Бога – Валерый Фёдаравіч Хахлоў – як далікатную кветачку, пеставаў гэты ўнікальны юны талент. Настаўніку імпаніравала незвычайнае старанне дзяўчынкі, зайздросная прага да ведаў. В. Ф. Хахлоў усю сваю душу ўкладаў ва ўрокі з гэтай здольнай выхаванкай. Ды і вучаніца старалася не падводзіць. Калі адчувала, што практычнае дамашняе заданне падрыхтавала не бездакорна, нават ноччу нярэдка ўставала і прабіралася да піяніна. Садзілася за інструмент і шліфавала будучы ўрок. Бацькі ўстрывожыліся, папрасілі педагога не быць такім патрабавальным да вучаніцы. А той нават і думаць не мог, што Таццяна так самаахвярна вывучае музычны прадмет. Ён доўга пераконваў яе адмовіцца ад непатрэбных начных “рэпетыцый”, ішоў на розныя паблажкі. Па-бацькоўску шчыра апякаў дзяўчынку. Нярэдка здаралася, пакуль Таццянка зімой дабярэцца з вуліцы Набярэжнай у музычную школу, то і абутак, і рукавіцы намочыць. Педагог клапатліва  сустрэне, падсушыць адзенне ля печкі, нярэдка і чайком гарачым пачастуе. Даўно няма гэтага дабрадушнага чалавека на белым свеце, а ў сэрцы жывуць пра яго цёплыя ўспаміны.

Менавіта гэты педагог, напэўна, і сыграў вядучую ролю ў прафесіянальным жыцці Т. Журкевіч. Ён усяліў у душу дзяўчынкі вялікую веру, што ў яе ўсё атрымаецца на нялёгкім шляху музыканта. Так і склалася. Яна паспяхова скончыла Рэспубліканскую мастацкую школу-інтэрнат імя Ахрэмчыка. Затым узнялася на больш высокую прыступку прафесіянальнага росту: паступіла на вакальнае аддзяленне Мінскага музычнага вучылішча імя Глінкі. Наступны этап – вучоба ў кансерваторыі па класе “вакал”. З маленства яна жыла ўдалечыні ад роднага дому. Да самастойнасці няпроста было прывыкнуць. Сумавала па родных, ды і яны пастаянна перажывалі за яе. У адаптацыйны перыяд маці ездзіла ў праведкі праз дзень.

У перыяд сталічнага жыцця было нямала гастроляў, рознага роду выступленняў. Але мэтанакіраваная Таццяна з усімі шматлікімі нагрузкамі спраўлялася на выдатна. Самастойнае з малых гадоў жыццё без апекі бацькоў дало ёй многія ўрокі. Яна навучылася быць удзячнай людзям, якія ёй хоць аднойчы нечым дапамаглі. Напрыклад, калі маці прывозіла з дому розныя гасцінцы хатняй выпечкі – пячэнне, пірожныя, Таццяна заўсёды несла пачастунак і спагадлівай жанчыне-вахцёру інтэрната. Бо тая нярэдка ў абыход устаноўленых строгіх правілаў дазваляла дзяўчынцы пазваніць бацькам са службовага тэлефона.

Аднойчы яна падслухала, як выкладчыцы абмяркоўвалі пік тагачаснай моды – нейлонавыя калготкі, якія тады толькі ўваходзілі ў моду і лічыліся ў нашай краіне вялікім дэфіцытам. У час гастроляў у Югаславію Таццяна купіла гэты прадмет туалету і прывезла ў якасці прэзента выкладчыцам. Гэта не быў падхалімаж. Гэта быў учынак добразычлівага сэрца. Выкладчыцы нават разгубіліся ад такога нечаканага сюрпрызу. Каб не пакрыўдзіць дзяўчынку, імпартную пакупку ўсё ж прынялі, заплаціўшы спаўна за такі дэфіцытны тавар і ўвагу.

Яе любілі аднакашнікі, з ёй многія імкнуліся сябраваць. Яна заўсёды была душой студэнцкай кампаніі. Любоў да музыкі зрабіла яе светлым, пазітыўным чалавекам. За добрае сэрца і вялікія карыя вочы палюбіў Таццяну і адзін сталічны бізнэсмен. Яна сустрэла сваю палавінку, калі, будучы ўжо студэнткай кансерваторыі, разам са сваёй сяброўкай запаўнялі музычную паўзу ў абедзеннай зале аднаго з прэстыжных і папулярных сярод сталічнай эліты кафэ. У іх з Аляксандрам завязалася каханне з першага погляду. Разам яны ўжо 17 шчаслівых гадоў.

Так склалася, што мужа, які займаецца рэалізацыяй аўтамабіляў бізнэс-класа, лёс закінуў у далёкую Амерыку. Жонка паехала разам. Хаця і няпроста было паставіць кропку ва ўдалай мінскай артыстычнай кар’еры. Яшчэ са студэнцкай пары Таццяна супрацоўнічала з філармоніяй, выступала ў камерным хоры, а неўзабаве стала салісткай праслаўленай капэлы “Санорус”.

Таццяна Журкевіч стала цяпер Таццянай Галіцкай. З малых гадоў у яе характары засталася яркая эмацыянальнасць, шчырая любоў да прафесіі музыканта. Апынуўшыся ў Філадэльфіі, яна пачала наноў будаваць сваю музычную кар’еру. І ёй гэта ўдалося.

…З дзіцячага садка ёй скараліся любыя няпростыя жыццёвыя дыстанцыі. Гэта яе загартавала. І заўсёды стартам да поспеху была вялікая праца, а таксама самаадукацыя, жаданне не спыняцца на дасягнутым. На яе канцэрты і там, у прагматычнай Амерыцы, з вялікім задавальненнем ідуць шматлікія паклоннікі.

Спачатку наша зямлячка вяла ўрокі ў адной з тамтэйшых музычных школ, выступала з канцэртнымі нумарамі. А цяпер яна заснавала ўласную школу ў Філадэльфіі.

Штогод стараецца наведаць родны Валожын. Таццяна заўсёды рада матэрыяльна дапамагчы сваім блізкім. І атрымлівае ад гэтага імпульс пазітыву. Сёлета паездку з Амерыкі ў Валожын спланавала так, каб пабываць на дні нараджэння бацькі – Расціслава Уладзіміравіча. А для яго і маці прыезд дачкі з далёкага кантынента і так заўсёды вялікае свята. Адзначалі бацькаў юбілей у мясцовым рэстаране. Дачка поўнасцю аплаціла багаты банкетны стол. А пляменніку падарыла адпачынак на моры, пра які юнак даўно марыў. Чараду аналагічных фактаў можна прадаўжаць.

Аб тым, што дачка на чужыне вельмі сумуе па родным Валожыне, маці здагадваецца ўжо па адным характэрным моманце. У дзень прыезду, калі ўсе разам яны садзяцца за стол падсілкавацца, Таццяна абавязкова возьме лустачку чорнага валожынскага хлеба і з любоўю яго пацалуе. У час знаходжання ў Беларусі яна стараецца знайсці час, каб зрабіць паломніцкія туры па праваслаўных святынях.

Лепшым падарункам не толькі для родных, але і для ўсіх, хто добра памятае і любіць творчасць Таццяны Журкевіч, вядома ж, з’яўляецца яе сольны канцэрт. Сёлета ён адбыўся ў раённым Цэнтры культуры ў верасні. Артыстка выглядала на ім, як на вялікай прэстыжнай сцэне. Адпаведныя прычоска, макіяж, ды і самыя лепшыя строі былі спецыяльна прывезеныя з Амерыкі. Гэтым самым яна падкрэсліла сваю вялікую павагу да гледачоў. Яна не дзеліць аўдыторыю на правінцыяльную і выбраную. Як сапраўдны майстар, заўсёды трымаецца высокіх крытэрыяў творчасці.

Гэта быў ужо другі па ліку яе канцэрт у Валожыне. Але і на гэты раз ён стаў для публікі і шматлікіх прыхільнікаў таленту спявачкі доўгачаканым сюрпрызам. Таццяна ўмее кожнае сваё выступленне ператварыць у сапраўднае свята для гледачоў.

Вельмі кранальна было, калі на сцэну яна выйшла разам са сваёй матуляй Аляксандрай Канстанцінаўнай і старэйшай сястрой Аленай. Дарэчы, ва ўсіх іх цудоўныя галасы, добрыя артыстычныя здольнасці. Выканалі на біс песню “Ой, сівы конь бяжыць…” А потым пачалася сольная частка праграмы.

Многія ў зале тады плакалі ад замілавання. Былі сярод шматлікіх гледачоў і аднакурснікі, сябры, выкладчыкі музычнай школы, была і першая тагачасная выхавальніца дзіцячага садка № 2 горада Валожына Юзэфа Уладзіміраўна Іода. Яна з непрыхаванай радасцю глядзела на сваю колішнюю выхаванку. Ад той маленькай дзяўчынкі не засталося і следу. Адно толькі было нязменным, як на тым дзетсадаўскім спартыўным свяце – жаданне быць толькі першай. І на сцэне Таццяна была ў той дзень сапраўднай прымай.

Ірына ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий