ЦАНА РУПЛІВАСЦІ – ХЛЕБ, ДАБРАБЫТ…

Общество

Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці, прайшло ў пятніцу ў кінатэатры “Юнацтва” райцэнтра. Традыцыйна на яго запрасілі перадавікоў вытворчасці, рупліўцаў, хто чарговы раз не пашкадаваў уласных сіл і часу, каб забяспечыць хлеб і да хлеба на нашых сталах…

Усе мы разумеем, як няпроста даводзіцца людзям, занятым у сельскай гаспадарцы. Але сапраўдную цану гэтай нялёгкай і надзвычай адказнай працы ведаюць толькі яны – хлебаробы, механізатары, жывёлаводы, спецыялісты і кіраўнікі сельскагаспадарчых арганізацый. Урачыстасць аказалася душэўнай і цёплай: арганізатары мерапрыемства, шматлікія выступоўцы не скупіліся адрасаваць героям сёлетняга сельскагаспадарчага сезона заслужаную глыбокую падзяку і пашану.

Добры тон усяму мерапрыемству задаў вакальна-харэаграфічнай кампазіцыяй на тэматыку вясковага жыцця Заслужаны калектыў “Гасцінец” Ракаўскага Цэнтра фальклору.

Іх змяніў народны хор ветэранаў працы “Спяваючыя сэрцы”. А з уступным словам пасля выдатнага выступлення звярнуўся да прысутных першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання П. У. Жалняровіч.

Апладысментамі запрошаныя і госці ўрачыстасці сустрэлі на сцэне каравай з ураджаю 2012 года. І па традыцыі вялікага залацістага прыгажуна ўручылі кіраўніку раёна Уладзіміру Антонавічу Наумовічу.

Віталі работнікі сельгаспрадпрыемстваў і ганаровых гасцей, запрошаных на свята – члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі С. Р. Сароку, дэпутата Палаты прадстаўнікоў С. Ф. Куляша, дырэктара абласнога вучэбнага Цэнтра камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Э. С. Скуратовіч. У іх знайшлося шмат чаго добрага сказаць рупліўцам Валожыншчыны, падзякаваць за іх працавітыя рукі, вопыт і старанне.

Адным з самых прыемных момантаў мерапрыемства стала ўручэнне ўзнагарод і прэмій кіраўнікам прадпрыемстваў, перадавікам вытворчасці, якія сталі пераможцамі раённага спаборніцтва. Ганаровую місію выканаў асабіста старшыня райвыканкама У. А. Наумовіч. Лепшай гаспадаркай па сяўбе яравых зерневых і зернебабовых культур, лёну, цукровых буракоў, пасадцы бульбы быў прызнаны СВК “Пяршаі-2003”, за гэтым жа сельгаскааператывам – і найвышэйшыя ў раёне вынікі ў галіне жывёлагадоўлі. Лепш, чым у іншых, нарыхтоўка кармоў праходзіла ў ААТ “Багданаўскае”, а ўборачная кампанія найбольш шпаркімі тэмпамі вялася ў сельгасфіліяле “Бабровічы” УП “Мінскаблгаз”.

Вядома ж, поспехі перадавых гаспадарак былі б немагчымыя без самаадданай працы кожнага работніка. З гонарам у той дзень запрашалі на сцэну па заслужаную ўзнагароду механізатараў-сейбітаў Сяргея Танюкевіча, Уладзіміра Ковеля, Аляксандра Матуса, Мікалая Бацяна, Антона Токара, Дзмітрыя Санкоўскага і Дзмітрыя Грышалевіча. Залатыя часцінкі прызнання і славы падзялілі між сабой і маладыя механізатары Валерый Рагачэвіч, Яўген Арцюкевіч і Юрый Казлоўскі. У нарыхтоўцы кармоў лепшымі сталі Іван Наркевіч, Юрый Аўтушкоў, Юрый Болвах, Віктар Пралат і Валянцін Косік. Ільвіная доля заслугі ва ўборцы раённага ўраджаю – у камбайнераў Івана Саломкі і Дзмітрыя Ліштвана, Віктара Шніпа і Васіля Казелькі, Анатоля Жамоздзіка і Андрэя Іоды. Раўненне на гэтых заслужаных і паважаных людзей трымаў і маладзёжны экіпаж Аляксея Мігановіча і Аляксандра Былінскага. З гонарам выстройваліся на сцэне плячо ў плячо вадзіцелі, якія вызначыліся на адвозцы зерня – Аляксандр Русіновіч, Сяргей Ткачэнка і іх малады калега Юрый Новік. Да іх неўзабаве далучыліся машыніст зернесушыльнага комплексу Дзмітрый Жохавец і механізатар Мечыслаў Мікулевіч, які стаў лепшым ва ўборцы саломы. Уладальнікамі Ганаровых грамат за дасягненні ў галіне жывёлагадоўлі сталі Тамара Лапо, Леанід Тулько, Іван Вяршыцкі, Соф’я Лоўчая і Рамуальда Рыбінская…

Уручаючы ўзнагароды, У. А. Наумовіч ніводнага чалавека не абышоў, каб не сказаць добрага пра яго працоўныя заслугі, яшчэ больш прыўзняць у вачах калег, натхніць на новыя поспехі-перамогі. З такой жа ўдзячнасцю старшыня райвыканкама запрасіў на сцэну і кіраўнікоў некаторых арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў Валожыншчыны, якія аказвалі дапамогу сельгасарганізацыям ў правядзенні палявых работ. Іх уклад адзначаны Падзякамі…

Цёпла і сардэчна віталі перадавікоў вытворчасці ў той дзень самадзейныя калектывы. Выдатныя, умела падабраныя і зрэжысіраваныя песні і танцы, музычныя кампазіцыі ўздымалі настрой, надавалі святу цеплыню.

Сяргей САДОЎСКІ.

Фота Андрэя ЗАХАРАНКІ.

 

 

 



Добавить комментарий