АДСТОЙВАЦЬ РЭГІЯНАЛЬНЫЯ ІНТАРЭСЫ

Общество

Член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь С. Р. Сарока правяла першы прыём грамадзян у Валожыне.

Вынікі яго прыёму яна пракаменціравала наступным чынам:

Падобныя сустрэчы – вельмі карысныя. Можна зразумець, што хвалюе людзей, як яны адносяцца да дзейнасці органаў улады, такія сустрэчы дазваляюць правільна арганізоўваць работу. Дзяржава стараецца нікога не пакідаць сам-насам са сваімі праблемамі.  Але адна справа — пажылыя, адзінокія, інваліды, мнагадзетныя сем’і, і зусім іншая – людзі, якія маюць працу, сілы і здароўе…

Статыстыка сведчыць, што на месцах больш прадметна пачалі працаваць са зваротамі грамадзян. Актывізацыя гэтай работы на ўсіх узроўнях дазваляе сказаць: і ў свядомасці людзей умацоўваецца разуменне ўласнай адказнасці за свой лёс. Разам мы можам пазбавіцца ад многіх праблем, якія турбуюць і ўладу, і чалавека.

Я маю сур’ёзны настрой на канструктыўную, грунтоўную працу ў сваіх акругах: Валожынскай, Маладзечанскай і Стаўбцоўскай.

Мы прызваны адстойваць рэгіянальныя інтарэсы, асабліва востра павінны адчуваць тое, як жывуць і развіваюцца раёны, аграгарадкі, пасёлкі і вёскі.

Разлічваю на самыя цесныя сувязі з раённай выканаўчай і прадстаўнічай уладамі, на узаемадзеянне з дэпутатамі раённых Саветаў, з актывістамі грамадскіх фарміраванняў. Толькі ўсе разам мы зможам дасягнуць поспеху ў вялікіх і малых справах дзеля канкрэтнага чалавека. Менавіта ў сваёй акрузе  член Савета Рэспублікі атрымлівае ідэі і прапановы, якія затым крышталізуюцца ў артыкулы новых законаў.

Валожынскі рэгіён у вышэйшым заканадаўчым органе краіны – Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання прадстаўляе Святлана Рыгораўна Сарока, дырэктар Палаца культуры г. Маладзечна.

Нарадзілася ў 1968 годзе. У 1987 годзе скончыла Мінскае культурна-асветніцкае вучылішча, затым – Белдзяржуніверсітэт культуры.

Святлана Рыгораўна з’яўляецца членам Рэспубліканскага грамадскага Савета па справах культуры і мастацтва пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь, членам Маладзечанскай раённай арганізацыі Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь».

Прызнана лепшай па прафесіі ў намінацыях: «Дырэктар года-2003», «Лепшы кіраўнік калектыву – 2006, 2009 гадоў», Беларускім Саюзам жанчын прызнана «Жанчынай года-2009».

За 10 гадоў працы ў Палацы культуры пад кіраўніцтвам Святланы Рыгораўны на высокім арганізацыйным і прафесійным узроўні былі арганізаваны і праведзены 4012 мерапрыемстваў, з іх 121 –міжнародных, рэспубліканскіх, 112 – абласных. Штогод на базе Палаца культуры праводзіцца больш за 400 мерапрыемстваў.

Узнагароджана Ганаровымі граматамі Савета Міністраў, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Мінскага абласнога выканаўчага камітэта.

 



Добавить комментарий