Прызванне – берагчы спакой

Общество

Ігар Сухадолец – участковы інспектар міліцыі РАУС. Сёння яго малой радзімай, мясцінай, дзе ён глыбока і прафесійна ведае, як гаворыцца, усіх і ўсё, стаў Узбалацкі сельсавет. Нават у рухах, поглядзе гэтага чалавека адчуваецца веданне сваёй справы, аўтарытэтнасць, невычэрпная ўнутраная сіла. Нешта з гэтага падаравала родная сям’я, школа, але ж значная частка прыйшла праз агромністы жыццёвы вопыт.

Кагосьці жыццё вучыць паступова і няспешна, хтосьці ж адразу трапляе ў самую гушчу падзей. Менавіта па апошнім сцэнарыі праходзіў жыццёвае “навучанне” Ігар Уладзіміравіч. Ледзь толькі скончыўся “курс маладога байца” пасля ваеннага прызыву, як неабстраляную яшчэ моладзь накіравалі ў сапраўдныя “гарачыя кропкі”. Спачатку ў складзе “дывізіі Дзяржынскага”, потым у якасці байца Софрынскай аператыўнай брыгады спецыяльнага прызначэння давялося “наведаць” усе неспакойныя мясціны былога СССР, дзе застарэлыя праблемы ў той трывожны час спрабавалі вырашыць моваю зброі. Ерэван, Баку, Ферганская даліна, Нагорны Карабах, Тбілісі – вось няпоўны пералік кропак на карце, дзе Ігар Сухадолец праходзіў сваю “школу жыцця” пад посвіст куль і выбухі гранат.

У пачатку “паваротнага” дзевяностага года сённяшні ўзбалацкі ўчастковы вярнуўся дадому і пачаў сваю службу на роднай старонцы. У паслужным спісе таго дзесяцігоддзя – патрульна-паставая служба, праца інструктарам баявой і фізічнай падрыхтоўкі, нялёгкі хлеб оперупаўнаважанага. Паўсюды Ігар Уладзіміравіч паказваў сябе самым лепшым чынам, але ж толькі далёкі ўжо дзевяноста шосты год падараваў тую пасаду, у якой былы спецназавец знайшоў сваё прызванне. Менавіта шаснаццаць гадоў таму спецыяліст кадравай службы зрабіў запіс: “Сухадолец І. У., участковы інспектар міліцыі Валожынскага РАУС”.

Сённяшні ўчастковы інспектар – гэта не залётны сталічны “рэвізор”, што мае адзінаю мэтай адшукаць парушэнні ці хібы, і не суровы супрацоўнік крымінальнага вышуку, асноўная задача якога – адшукаць і прыцягнуць да адказнасці таго, хто ўчыніў якоесьці злачынства. Участковы – у першую чаргу гаспадар, у якога шчыра баліць душа за любое бязладдзе, ці то ў сферы правапарадку, ці то ў чалавечай душы, ці то ў звычайнай арганізацыі побыту вясковай грамады.

Андрэй ЗАХАРАНКА.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий