У НАГУ З ЧАСАМ КРОЧАЦЬ ДРУКАРЫ

Общество

Некалькі новых відаў паслуг прапануе ў хуткім часе вытворчы ўчастак друкарні “Перамога” ў горадзе Валожыне. Начальнік участка Васіль Голас распавёў, што да чорна-белага і каляровага друку і ламініравання хутка дададуцца фальгіраванне і пераплёт пластыкавай спружынай.

Больш за два гады таму друкарня, якая многім запомнілася пахам цынкавых адлівак, якія выкарыстоўваліся да пачатку эры лічбавага друку, перайшла на сучаснае абсталяванне. Гэта пацягнула за сабой чараду змен. Напрыклад, зараз усяго тры чалавекі забяспечваюць увесь вытворчы працэс. Але ж друкарня з лёгкасцю, далёка не на мяжы ўласных магчымасцей, закрывае амаль усе патрэбы раёна ў друкаванай прадукцыі. Адсюль у арганізацыі Валожыншчыны разыходзяцца граматы і віншавальныя адрасы, каталогі і календары, буклеты і праспекты.

“Самы важны, запатрабаваны накірунак сёння – гэта друк бланкаў і канцылярскіх журналаў”, – расказвае Васіль Мікалаевіч. – “Галоўны наш заказчык тут – раённая бальніца. Спецыяльна для яе мы распрацоўваем і друкуем спецыяльныя формы, якія выкарыстоўваюцца ў медыцынскім уліку. Яшчэ адзін наш кліент – масласырзавод, для якога мы вырабляем фасовачныя этыкеткі”.

Сярод заказчыкаў друкарні – жылкамунгас, райспажыўтаварыства, прамысловыя і сельскагаспадарчыя прадпрыемствы. Нягледзячы на тое, што за межамі раёна, у прынцыпе, можна адшукаць крыху таннейшыя паслугі, установы працягваюць размяшчаць заказы ў валожынскай друкарні. Спрыяе гэтаму і знаходжанне “пад бокам”, і спагадлівая палітыка ў адносінах да заказчыкаў.

Тут спадзяюцца ў адносна блізкай будучыні пачаць прымаць заказы на друк па тэкстылі і цвёрдых матэрыялах, мараць таксама адкрыць уласны салон-магазін. Хаця сёння ўсе паслугі даступныя і прыватным заказчыкам, але ж аплату даводзіцца рабіць праз банк, што стварае людзям непатрэбныя цяжкасці.

Перачытваючы ў краязнаўчай літаратуры апісанні таго, што маглі знайсці ў крамах і майстэрнях жыхары Валожына, Ракава, іншых гарадоў і мястэчкаў раёна напачатку мінулага стагоддзя, шчыра здзіўляешся той разнастайнасці паслуг і тавараў, якую прапаноўвалі сваім кліентам установы таго часу. І нават крыху зайздрасці прымешваецца да простай цікавасці і захаплення мінулым Бацькаўшчыны. Ці не варта і нам аднавіць добрыя традыцыі нашых продкаў і адбудаваць тое, што зараз называецца замежным словам “інфраструктура”, такім чынам, каб любыя патрэбы, што ўзнікаюць у сучаснага чалавека, можна было задаволіць без доўгіх затратных паездак у суседнія райцэнтры ці сталіцу?

Андрэй ЗАХАРАНКА.

 



Добавить комментарий