ТЭЛЕФОН МІЛІЦЫІ — 102

Закон и порядок

Захацелася цяпла?

Ніякія запоры не змаглі ўтрымаць аматараў чужога дабра ў вёсцы Забрэззе Гародзькаўскага сельсавета. Зламаўшы дзверы, яны трапілі ў памяшканне сталовай, адкуль скралі сем секцый ацяпляльных радыятараў. Кошт скрадзенага быў ацэнены ў суму звыш шасці мільёнаў рублёў. У адносінах да вінаватых у крадзяжы ўзбуджана крымінальная справа.

Крадзеж у гаражах

Адзін з гаражоў у гаражным масіве па вуліцы Горкага ў райцэнтры зрабіўся мішэнню для злачынных дзеянняў. Невядомы зламыснік трапіў у памяшканне і скраў адтуль акумулятар і шэсць аўтамабільных шын, прычыніўшы гаспадару шкоду ў памеры звыш пяці мільёнаў рублёў. Аператыўнікі знайшлі на месцы здарэння след машыны, якой карыстаўся злодзей, каб звезці скрадзенае. Узбуджана крымінальная справа, вядзецца пошук вінаватага.

Крымінальныя грыбнікі

Трое маладых людзей былі затрыманы супрацоўнікамі дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету на тэрыторыі ландшафтнага заказніка “Налібоцкі”, які знаходзіцца пад асаблівай аховай дзяржавы. У іх было знойдзена рэчыва прыроднага паходжання, якое па знешнім выглядзе нагадвала адмысловыя грыбы. Праведзены аналіз паказаў наяўнасць у знаходцы псілацыну і псілацыбіну, небяспечных псіхічна-актыўных рэчываў, якія знаходзяцца пад міжнароднай забаронай згодна з Канвенцыяй аб псіхатропных рэчывах. Пасля праверкі матэрыялу пракуратурай была ўзбуджана крымінальная справа.

Разжыцца не ўдалося

Усіх сваіх грашовых зберажэнняў ледзь не пазбавіўся дзевяностатрохгадовы жыхар вёскі Канюшаўшчына Пяршайскага сельсавета. Невядомы злодзей, зламаўшы акно, залез уночы ў яго хату і скраў адтуль самаробную шкатулку, у якой у гаспадара захоўвалася немалая сума грошай. Прыехаўшы на месца здарэння, агледзеўшы жыллё пацярпелага і апытаўшы яго самога, спецыялісты следчага камітэта і крымінальнага вышуку пачалі пошук вінаватага, які ў хуткім часе і быў затрыманы. Большая частка скрадзенага была вернута гаспадару, аднак пэўную суму аматар чужога дабра, саракадзевяцігадовы ўраджэнец г. Мінска, вартаўнік СВК “Пяршаі-2003” ужо паспеў патраціць.

У вышуку – браканьер

Непадалёк ад вёскі Белакорац Валожынскага сельсавета супрацоўнікамі Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў была знойдзена туша еўрапейскай казулі, незаконна, без адпаведнага дазволу і ўстаноўленай платы здабытай невядомым паляўнічым. Праведзеная балістычная экспертыза пацвердзіла, што адтуліны ў скуры забітай жывёліны з’яўляюцца агнястрэльнымі. Раённым аддзяленнем следчага камітэта ўзбуджана крымінальная справа.

Матэрыял да друку

па міліцэйскіх зводках падрыхтаваў

Андрэй ЗАХАРАНКА.

 



Добавить комментарий