ПАРАТУНАК ДЛЯ ПАКАЛЕЧАНЫХ ДУШ

Общество

«Круглы стол» пад назвай «Знайсці сваю дарогу» прайшоў нядаўна ў ТЦСАН. Сюды былі запрошаны асобы, якія не так даўно вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі і стаяць на ўліку ў РАУС.

З пачатку года 23 чалавекі з гэтай катэгорыі звярнуліся за рознага віду дапамогай у цэнтр. На сустрэчу ж змаглі прыйсці толькі 5 жанчын і 10 мужчын, большасць з якіх — даволі маладога ўзросту.

Намаганнямі толькі адной міліцыі, без дапамогі грамадства, прымусіць змяніць лад жыцця гэтых людзей складана. Таму падчас мерапрыемства прысутныя мелі магчымасць пракансультавацца па хвалюючых пытаннях у прадстаўнікоў пашпартна-візавай і юрыдычнай службаў, пракуратуры, аддзела занятасці, медыкаў. Невялікія відэаролікі аб тым, што і каго губляюць людзі, галоўнай мэтай жыцця якіх становіцца спіртное, паказалі псіхолагі ТЦСАН В. Л. Акульская і А. В. Жданюк, якія таксама займаюцца сацыяльна-псіхалагічнай рэабілітацыяй раней судзімых грамадзян. Духоўна-маральныя аспекты жыцця закрануў у сваім выступленні настаяцель Свята-Канстанціна-Аленінскай царквы райцэнтра айцец Дзмітрый Агіевіч.

Падобныя сустрэчы арганізоўваюцца ў цэнтры не ўпершыню. Яны накіраваны на тое, каб людзі, якія ўжо аступіліся і трапілі на лаву падсудных, перагледзелі свае жыццёвыя арыенціры, атрымалі рэгістрацыю, уладкаваліся на працу, пачалі клапаціцца пра сям’ю, дзяцей. На жаль, не кожны станоўча рэагуе на такія заклікі. Аднак большасці ўсё ж патрэбна і маральная, і матэрыяльная дапамога. Таму напрыканцы сустрэчы ўсім яе ўдзельнікам былі ўручаны візітныя карткі з адрасамі, нумарамі тэлефонаў тых службаў, куды можна звярнуцца. Маладым жанчынам растлумачылі, дзе і як яны змогуць атрымаць ільготнае дзіцячае харчаванне, а салон «Міласэрнасць», што існуе пры ТЦСАН, аказаў усім жадаючым гуманітарную дапамогу.

Святлана СУХАДОЛЕЦ.

 



Добавить комментарий