У ЗЕМЛЯКОЎ – УПЭЎНЕНАЯ ПЕРАМОГА

Спорт

Старты адкрытага першынства спартыўнай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву “Дынама” па лёгкай атлетыцы прынеслі поспех юным спартсменам-івянчанам, выхаванцам трэнераў Валожынскай ДЮСШ АФП А. С. Чарняўскага і А. В. Паталей.

У першынстве ўдзельнічалі легкаатлеты з Мінска, Баранавічаў, Маладзечна, Барысава, Стаўбцоў, Пухавічаў, Слуцка і іншых гарадоў. Спаборніцтвы праводзіліся ў трох узроставых групах, каманда нашых землякоў у складзе дзесяці чалавек выступіла больш чым дастойна. У ліку пераможцаў і прызёраў – Дзіяна Сакалоўская, на спартыўным рахунку якой адразу два медалі: “золата” ў бегу на 1000 метраў і “серабро” на дыстанцыі 600 метраў. З такім жа вынікам скончыў спаборніцтвы і Уладзімір Княжэвіч, юны спартсмен стаў першым, прабегшы 600 метраў і другім пераадолеў тысячаметровую адзнаку. Сярэбраныя медалі заваявалі і прадстаўнікі малодшай групы Яўген Бурачэўскі і Аляксей Чорненькі. Трэцяе месца на п’едэстале гонару ў іх аднагодкі Юліі Адамовіч. Бронзавай фіналісткай адкрытага першынства стала і Сняжана Бурачэўская, прадстаўнік старэйшай узроставай групы Сяргей Халапук пераадолеў дыстанцыю ў 1000 метраў з другім вынікам. Узнагародай таленавітым і перспектыўным спартсменам сталі Дыпломы адпаведных ступеняў.

Цяпер у каманды нашага раёна няма часу на перадых: пад умелым кіраўніцтвам трэнераў яны рыхтуюцца да адкрытага першынства СДЮШАР “Атлет” у Мінску і “Залатой мілі”, якая пройдзе ў Маладзечне. Не за гарамі і заключны старт сёлетняга сезона – спартакіяда сярод ДЮСШ у сталіцы нашай краіны.

Сяргей САДОЎСКІ.

 



Добавить комментарий