ПАКЛІКАЛІ СПАБОРНІЦТВЫ

Спорт

У час школьных канікулаў на базе Гародзькаўскага НПК была праведзена таварыская сустрэча па рухомых гульнях «Вас выклікае спартландыя». Яе гасцямі сталі вучні Падбярэзскага НПК. Перамогу святкавалі гаспадары.

Баскетбольны турнір правялі ў Вішнеўскім НПК трэнеры ДЮСШ агульнай фізічнай падрыхтоўкі райцэнтра. Прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам: 1-е месца і сярод хлопчыкаў, і сярод дзяўчынак занялі вішнеўцы, 2-е – вучні Багданаўскага і вучаніцы Падбярэзскага НПК, а 3-е – наадварот, падбярэзскія вучні і багданаўскія вучаніцы.

У шахматна-шашачным клубе прайшло асабістае першынство раёна па рускіх шашках сярод мужчын, у якім прынялі ўдзел 11 чалавек. Найбольшую колькасць ачкоў набраў Вячаслаў Косік з ДРБУ-167 і заняў 1-е месца. Міхаіл Шыян з СШ № 2 райцэнтра стаў другім, на трэцім месцы – Сяргей Матус, які зараз займаецца ў Пінскай вышэйшай духоўнай семінарыі.

Нядаўна ў гімназіі адбыліся і камандныя спаборніцтвы па настольным тэнісе, рускіх шашках і стральбе з пнеўматычнай зброі ў рамках раённай круглагадовай спартакіяды сярод калектываў фізічнай культуры арганізацый. У спаборніцтвах па рускіх шашках прызёрамі сталі каманды лясгаса, ДРБУ-167 і мясцовай воінскай часці, па настольным тэнісе – ДРБУ-167, ЖКГ, воінскай часці, стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі – лясгаса, воінскай часці, ЖКГ.

Мікалай РАБЦАЎ,

інструктар-метадыст ФАЦ «Надзея».

 



Добавить комментарий