IНФЕКЦЫЯ, ЯКАЯ МАЛАДЗЕЕ

Общество

1 снежня – Сусветны дзень барацьбы са СНІДам.

На 1 лістапада ў рэспубліцы зарэгістравана больш за 14000 выпадкаў ВІЧ-інфекцыі (60,3% мужчын і 39,7% жанчын у пераважнай большасці ад 15 да 29 гадоў). Толькі сёлета за 10 месяцаў выяўлена 1046 ВІЧ-станоўчых асоб, дыягназ «СНІД» пастаўлены 492 пацыентам. Ад інфіцыраваных маці нарадзіліся 182 дзіцяці, дыягназ «ВІЧ-інфекцыя» пацверджаны ў 12 нованароджаных.

ВІЧ-інфекцыя – інфекцыйнае захворванне, якое перадаецца ад чалавека да чалавека, характарызуецца працяглым цячэннем. Яно паражае імунную сістэму, арганізм паступова застаецца без ахоўных механізмаў. Гэты працэс незваротны і прыводзіць да лятальнага зыходу.

ВІЧ знаходзіцца ва ўсіх вадкасцях ВІЧ-станоўчага чалавека. Аднак канцэнтрацыю віруса, неабходную для заражэння, маюць толькі кроў, семянная і вагінальная вадкасці, грудное малако. У мачы, сліне, поце і слязах канцэнтрацыя вельмі нізкая. СНІД (сіндром набытага імунадэфіцыту) – тэрмінальная стадыя развіцця ВІЧ-інфекцыі, развіваецца па індывідуальным сцэнарыі, дзе ўсё залежыць ад асаблівасцей арганізма, ладу жыцця і г. д. Асноўныя шляхі перадачы ВІЧ-інфекцыі – парэнтэральны (праз нестэрыльныя шпрыцы, медыцынскія інструменты, пры нанясенні татуіровак і г. д.), вертыкальны (ад маці да дзіцяці ў перыяд цяжарнасці, пры родах, кармленні грудзьмі), палавы. Вынайсці вірус у арганізме можна толькі пры дапамозе спецыяльных тэстаў і не раней, чым на трэцім месяцы захворвання. Для лячэння прымяняецца антырэтравірусная тэрапія – камбінацыя прэпаратаў, што падаўляюць вірус так, каб ён доўгі час не развіваўся. Аднак пакуль няма такога прэпарата, які б цалкам вывеў яго з арганізма. Ад СНІДа, на жаль, няма і вакцыны, таму па-ранейшаму галоўны сродак у барацьбе з распаўсюджваннем інфекцыі — прафілактыка.

Вольга СЯЛІЦКАЯ,

урач-эпідэміёлаг ДУ «Валожынскі райЦГіЭ».

 



Добавить комментарий