ВАЛОЖЫНСКАЯ ЛАВАНДА

Общество

Галоўны плюс сацыяльных відаў паслуг – якасць і невысокі кошт. У Валожыне ўжо працуюць сацыяльныя цырульня і майстэрня па рамонце абутку. Нядаўна да іх далучылася і пральня, якая адкрылася на вуліцы Партызанскай.

Да таго, як з’явілася пральная машына, людзі для мыцця бялізны выкарыстоўвалі разнастайныя хітрыкі. Маракі на судне, напрыклад, прывязвалі запэцканае адзенне да каната і кідалі яго за борт. Магутны пенны струмень за лічаныя хвіліны распраўляўся з плямамі. Зараз такімі радыкальнымі метадамі ніхто не карыстаецца: разумная бытавая тэхніка бярэ ўсю “брудную” работу на сябе.

Аднак пральныя машыны ёсць не ва ўсіх. Малазабяспечаныя людзі не могуць сабе дазволіць мець такую “прачку”, а нямоглым адзінокім старым складана разабрацца ва ўсіх прамудрасцях сучаснай электронікі. Таму для такіх катэгорый грамадзян, а таксама для інвалідаў, удзельнікаў вайны, шматдзетных і няпоўных сем’яў і тых, хто знаходзіцца на надомным абслугоўванні было вырашана адкрыць пральню. Арганізаваў гэту карысную справу Валожынскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Тут паклапаціліся аб прымальным кошце паслугі і значных скідках ад дзесяці да трыццаці працэнтаў. Работнікі цэнтра ўпэўнены: наведвальнікаў пральні задаволіць якасць мыцця бялізны.

P. S. Дарэчы, даўней чыстае адзенне перакладвалі лавандай, якая надавала рэчам тонкі духмяны пах. Адгэтуль і французскае слова “lavandiere” – “жанчына-прачка” і вытворнае ад яго – “пральня”.

Алена ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий