У ПАДТРЫМКУ ПРАЦАЎНІКОЎ ВЁСКІ

Общество

На справаздачным пленуме райкама прафсаюза работнікаў АПК падводзіліся вынікі работы за перыяд з 1 сакавіка 2010 па 9 лістапада 2012 года. Важнейшымі накірункамі сваёй дзейнасці раённая прафсаюзная арганізацыя лічыць арганізацыйнае і фінансавае ўмацаванне галіновага прафсаюза, узмацненне адзінства дзеянняў пярвічных прафарганізацый.

На 1 студзеня 2012 года ў ёй налічвалася 4432 члены, аб’яднаныя ў 28 пярвічак, у тым ліку адну вучнёўскую — сельскагаспадарчага ліцэя. За справаздачны перыяд праведзены 3 пленумы райкама і 19 пасяджэнняў прэзідыума. Разгледжана і вывучана работа прафкамаў ААТ «ПМК-188», «Валожынскі льнокамбінат», «Валожынская райаграпрамтэхніка», «Агра-Вішнеўскі», «Лоск», СВК «Пяршаі-2003». У большасці прафарганізацый сходы праводзіліся на належным узроўні, ставіліся пытанні па паляпшэнні аховы працы, стварэнні неабходнага вытворчага быту, своечасовым забеспячэнні спецадзеннем і абуткам. Здавальняючую адзнаку атрымалі ўсе прафкамы.

У будучым плануецца арганізоўваць больш выязных абучаючых семінараў для прафактыву.

Дабівацца павышэння сацыяльнай абароны работнікаў сельскагаспадарчай галіны можна і праз калектыўны дагавор, які павінен быць настольнай кнігай для кожнага кіраўніка і старшыні прафкама. Калектыўныя дагаворы сельгаспрадпрыемстваў прадугледжваюць арганізацыю гарачага харчавання работнікаў у перыяд напружаных палявых работ. Ёсць ільготы членам прафсаюза, пенсіянерам, ветэранам пры апрацоўцы прысядзібных участкаў, прадастаўленні транспарту для дастаўкі сена, паліва, пры продажы ім збожжа, кармоў для жывёлы і г. д. Райкам прафсаюза сістэматычна праводзіць маніторынг практыкі прымянення кантрактнай формы найму: 26% ці 1210 работнікаў з 4602 працуюць па кантрактах, і пакуль толькі са 197-мю з іх кантракты заключаны на 3 і больш гадоў. Дадатковы водпуск прадастаўляецца, як правіла, на 1 дзень, і толькі 271-му работніку – на 5 дзён. Пры павышэнні тарыфнай стаўкі наймальнікі падыходзяць больш дыферэнцыравана. Незадаволенасць людзей выклікае аплата працы. Сярэднямесячная зарплата ў сельскай гаспадарцы раёна склала 2027 тыс. рублёў. Яе памер на 17% ніжэйшы за сярэднераённы, хоць працаваць даводзіцца ў спецыфічных умовах, часта пад адкрытым небам. Нізкі ўзровень назіраецца ў 11 гаспадарках з 18, сярод якіх УП «Івянецкая крыніца», ААТ «Агра-Вішнеўскі», МАУП «Падбярэззе». Таму пры распрацоўцы калектыўнага дагавора прафкам заўсёды ставіць задачу павелічэння зарплаты, паляпшэння ўмоў працы і быту. Распрацавана праграма па падтрымцы маладых спецыялістаў АПК, праводзяцца конкурсы аператараў машыннага даення, на лепшага маладога работніка льнокамбіната, спартакіяды. Сотні людзей штогод атрымліваюць узнагароды па выніках раённага спаборніцтва ад райкама і абкама прафсаюза работнікаў АПК.

Віктар ГІДЛЕЎСКІ,

старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК.

 



Добавить комментарий