ЧАЛАВЕК, ЯКІ ЗАХОЎВАЕ ПАМЯЦЬ

Культура

Гаспадар сядзеў на невялічкай лаве каля плоту, задуменна ўглядаючыся ў восеньскае неба. Сакавітыя яблыкі блішчэлі на голлі старых яблынь сярод парадзелага, кранутага восенню лісця. Руды конік нетаропка скубаў траву ў садку, раз-пораз уздымаючы вочы на пажылога гаспадара. Але ж той не звяртаў увагі ні на яго, ні на ўвесь астатні свет. Перад яго ўнутраным поглядам праносіліся ўспаміны. А ўспомніць Вячаславу УНУЧАКУ было пра што.

 

Вандруючы па наваколлі сагрэтых апошнімі прамянямі восеньскага сонейка Сугваздаў, я натрапіў на адзінокую магілку, што стаяла не дзесьці на старых могілках, а на выездзе з Будраўшчыны, прытуліўшыся да разлапістай старой рабіны ўскрай дарогі. «У вайну там нешта здарылася, – адказала на маё пытанне аб незвычайным размяшчэнні пахавання сугваздаўская бабуля. – Але ж я нават і не ведаю што. Гэта вам трэба Славіка Унучака спытаць, ён раскажа. А больш ніхто і не ўспомніць».

Вячаслаў Дзмітрыевіч сустрэў мяне так, як быццам ужо ведаў аб маім хуткім візіце. «Раённая газета? – перапытаў ён. – А я ўжо даўно вас чакаю. Ну, хадземце, раскажу аб нашай сям’і». І мы рушылі ў простае жытло чалавека, які больш за семдзесят гадоў ашчадна захоўваў сямейную памяць.

ВЯЧАСЛАЎ, У СВЯТЫМ ХРЫШЧЭННІ – ФЕЛІКС…

Літаральна за некалькі гадоў да пачатку вайны на свет нарадзіўся Вячаслаў – малодшы ў вялікай сям’і Унучакаў. У хуткім часе надышла пара хрысціць дзіцятка, і бацькі рушылі з немаўлём у валожынскі касцёл. Там і атрымаў наш герой з вуснаў ксяндза, які ладзіў чын, сваё другое імя – Фелікс.

У 1956 годзе сямнаццацігадовы чалавек з двума імёнамі скончыў мясцовую сямігодку і вырашыў шукаць свой уласны шлях у жыцці. Папулярная ў той час хваля закінула юнака ў далёкі Казахстан на цаліну. Дапоўніўшы адукацыю поўным курсам мясцовага вучылішча механізацыі, Вячаслаў-Фелікс амаль да канца 1960 года працаваў у адным з цалінных саўгасаў з гучным і крыху зацёртым ад частага скарыстання імем «Дружба».

Наступныя тры гады жыцця прайшлі нечакана далёка – за Палярным кругам, у ваколіцах горада Севераморска. Ажно да 1963 года прыняла хлопца ў свае суровыя абдымкі славутая ваенна-марская база «Граміха», пункт базіравання атамнага падводнага флоту. Акрамя паўночнага ззяння і палярнай ночы засталіся ў памяці цяжкая праца, цёплыя адносіны «сяброў па зброі» і чамусьці – візіт генеральнага сакратара кампартыі Мікіты Сяргеевіча Хрушчова…

Пасля арміі Вячаслаў вярнуўся дадому. Спачатку ўслед за старэйшымі братамі і сёстрамі хацелася з’ехаць кудысьці ў далёкі горад. Але ж ёсць такая добрая славянская традыцыя – малодшы сын павінен дагледзець старых бацькоў. І бравы марак-севераморац застаўся ў роднай Будраўшчыне. Пабудаваў новую хату. Некалькі дзесяцігоддзяў працаваў у калгасе імя Гастэлы, паспытаўшы за гэты час нялёгкага хлеба камбайнера, загадчыка збожжавага склада, гаспадара калгаснай запраўкі. Неўзабаве надышоў час заслужанай пенсіі…

КЛОПАТ І ГОНАР ГАННЫ АНДРЭЕЎНЫ

Вячаслаў Унучак распачаў расповед са слоў аб сваіх бацьку і маці, не адступаючы ад спрадвечнай агульнаславянскай традыцыі будаваць светапогляд менавіта на пашане да продкаў. «Мой бацька Дзмітрый Вікенцьевіч Унучак быў з Капусціна, а маці Ганна Андрэеўна – тутэйшая, з Будраўшчыны, – гаворыць ён, раскладаючы на стале нешматлікія дакументы былых часоў, за выцвілымі радкамі якіх хаваюцца вехі сямейнай гісторыі. – Абодва нарадзіліся дзесьці каля 1890 года, яшчэ да рэвалюцыі».

Я бяру ў рукі прыгожы, з гербамі і каліграфічнымі буквіцамі дакумент за подпісам старшыні Прэзідыуму Вярхоўнага Савета СССР. «Таварышу Унучак Ганне Андрэеўне. Прэзідыум Вярхоўнага Савета Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік сваім Указам ад 28 верасня 1945 года прысвоіў Вам, маці, якая нарадзіла і выхавала адзінаццаць дзяцей, пачэснае званне «Маці-гераіня» – гаворыць папера.

Гаспадар жа расказвае аб кожным са сваіх братоў і сясцёр.

Старэйшая з дзяцей, Юзэфа, якая нарадзілася ў 1919 годзе, з’ехала ў паўночны расійскі горад Петразаводск. Другая – Ядвіга – была забіта бандэраўцамі ў Заходняй Украіне ў апошнія дні вайны. Сястра Гунэфа з’ехала ў Мінск. Брат Эдуард трапіў служыць на Далёкі Усход ды там і застаўся на ўсё жыццё. Ганна пасялілася ў Беразіно, Ірына – у Мамонах Маладзечанскага раёна…

Вячаслаў Унучак працягвае пералічваць імёны і геаграфічныя кропкі, раскіданыя ледзь не па ўсім свеце, а я, крыху заблытаўшыся, задумваюся аб тым, колькі ж клопатаў, трывог і ў той самы час радасцей давялося перажыць іх маці, каб атрымаць прыгожую грамату з гербам, за якой стаіць цэлае чалавечае жыццё. І раптам заўважаю несупадзенне – мой суразмоўца расказвае пра дванаццаць дзяцей, тым часам як у грамаце Вярхоўнага Савета ўзгадваюцца толькі адзінаццаць…

МАГІЛКА НА СОТКАХ

«Грамату давалі пасля вайны, – тлумачыць Вячаслаў Дзмітрыевіч. – Тады ўжо не было Ванды…» Ванда была чацвёртым дзіцем, нарадзілася ў 1930 годзе. У лета сорак чацвёртага года ёй было чатырнаццаць. Літаральна за некалькі дзён да тых сумных падзей сям’я была вымушана пакінуць роднае гняздо. Прайшла пагалоска, што ўзлаваныя адступленнем немцы, рыхтуюць карную аперацыю. Калі ж падышлі савецкія войскі, з палёгкаю рушылі дадому. Так хацелася вярнуцца ў родную хату! Двор чакаў гаспадароў некрануты, але ж…

На наступную раніцу сям’я прачнулася ад знаёмага непрыемнага свісту артылерыйскіх снарадаў прама над дахам хаты. Аказалася, што процілеглыя бакі акапаліся ў суседніх вёсках – у Лесніках, што ў двух кіламетрах ад Будраўшчыны, немцы, у зусім жа блізкіх Сугваздах – свае. Сям’я ж Унучакаў аказалася, нібыта ў той прымаўцы паміж молатам і кавадлам, заціснутай паміж двух пазіцый.

Свісту таго снарада, які перапыніў жыццё дзяўчынкі, ніхто не чуў. Толькі раптоўны выбух адзначыў канец яе жыццёвага шляху. Данесці Ванду, непрытомную, з перабітай спінай, да санітарнай часці, якая па чутках размяшчалася дзесьці за Сугваздамі, не было ні часу, ні магчымасці. Гэтак сама, як і данесці яе труну, зробленую з дошак ад разабраных дзвярэй у гумно, да вясковых могілак…

Вось і стаіць па-дзявочаму сціплая магілка Ванды Дзмітрыеўны Унучак на ўскрайку вёскі, нагадваючы кожнаму падарожніку, што аказваецца побач, аб непрадказальнасці і крохкасці чалавечага жыцця.

ЗА НЕКАЛЬКІ ДЗЁН ДА ПЕРАМОГІ…

Смерць Ванды не была адзінай ахвярай, якую запатрабавала вайна. Ваеннае жыццё закінула прыгажуню Ядвігу Унучак (па мужы – Мянцюк) ў Заходнюю Украіну. Да Вялікай Перамогі заставалася ўсяго чатыры дні, але ж рок не зважае на даты. Бандэраўская куля напаткала яе, дваццацігадовую медсястру, якая прайшла ўсю вайну без адзінай драпінкі, недалёка ад Львова.

Сям’я чакала вестачак ад Ядвігі ўвесь май, пачатак чэрвеня. Усё, што пакінула пасля сябе адважная медсястра з Будраўшчыны, змясцілася ў невялічкі пакунак, да якога прыкладаўся кароткі афіцыйны спіс асабістых рэчаў, якія перасылаліся сям’і загінуўшай.

Пашарэлае чарніла па жоўтай ад часу паперы, якая ледзь не рассыпаецца ў руках. Роўны, прыгожы почырк. «21 дня мая месяца 1945 года мы, ніжэй падпісаўшаяся камісія ў складзе лейтэнанта медслужбы Аўчаровай, сяржантаў медслужбы Галавацюк і Шумакова, склалі дадзены акт аб тым, што былі адпраўлены сям’і рэчы памерлай Я. Д. Мянцюк у складзе з ніжэйпералічанага…» І далей – спіс з дваццаці пунктаў у дзве раўнюткія калонкі.

Канешне ж, ні шаўковая сукенка, ні шарсцяная спадніца, ні паношаныя валёнкі не маглі ніяк зменшыць болю бацькоў ад страты яшчэ адной дачкі. Але ж мінуў час, пакінулі гэта жыццё старыя, па ўсім свеце разляцелася сям’я, а старэнькі лісток, напісаны ў медсанчасці ля падножжа Карпат, і сёння нагадвае пра дзівосны і сумны чалавечы лёс.

ЗАМЕСТ ЭПІЛОГА

Гісторыя цэлай вялікай сям’і праплыла перад вачыма, нібыта кадры аматарскага кіно. Дзясяткі нашчадкаў Дзмітрыя Вікенцьевіча Унучака будуюць сваё жыццё, рассыпаныя па свеце. І толькі адзін чалавек жыве захавальнікам памяці ў старой бацькавай хаце. Ён выходзіць раз-пораз з роднага двара, сядае на ўлюбёную лаву ў садку і доўга глядзіць удалечыню, чакаючы ці то раптоўнага госця-сваяка, ці то зусім чужога чалавека, якому падасца цікавай гісторыя яго сям’і…

Даўней на надмагільных камянях не пісалі імёнаў. Лічылася, што памяць жыве да таго часу пакуль памятаюць жывыя пра сваіх памерлых. А калі забыліся – то памерла і сама памяць, вярнуць якую не зможа ніякі надпіс.

Калі я пакідаў утульную Будраўшчыну, мне чамусьці падумалася, што пакуль Вячаслаў Унучак нясе сваю «вахту» на старой лаве, памяць яго роду будзе надзейна захавана.

Андрэй ЗАХАРАНКА.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий