СІЛУЭТЫ МОДЫ З ВАЛОЖЫНА

Общество

На адзін дзень памяняць прафесію прыйшлося некаторым работнікам Валожынскага Дома быту. Яны зведалі на сабе ўсе цяжкасці мадэльнай справы, дэфіліруючы па подыуме перад цікаўнай публікай і ўспышкамі фотаапаратаў. Пераўвасобіцца прыйшлося дзеля ўдзелу ў абласным конкурсе мадэльераў і дызайнераў адзення “Сілуэт моды”.

На творчае спаборніцтва ў Слуцк з’ехаліся дэлегацыі камбінатаў бытавога абслугоўвання з 19 раёнаў. Нашы землякі прывезлі на конкурс калекцыю “Восеньскі вернісаж” з дванаццаці вырабаў і самі ж прадэманстравалі публіцы гэтыя ўборы.

Намеснік дырэктара Дома быту Іна Сівая і закройшчыца Ірына Таўгень (дарэчы, яна ж і дызайнер данай калекцыі) прадставілі журы дэмісезонныя паліто, а інжынер Аляксандр Сякочус – пінжак. Экспертам былі паказаны і восем трыкатажных сукенак. Падтрымаў сваіх падначаленых і дырэктар РКБА Леанід Васільевіч Акотчык, які дэфіліраваў па сцэне ў стыльным чорным паліто.

Над калекцыяй адзення працавала дружная каманда швачак – Ала Чэрня, Алена Кушаль, Ларыса Капылова і Алена Мышлён.

Усе выхады валожынскай каманды на імправізаваны подыум упрыгожваліся музыкай у суправаджэнні паэтычных радкоў, падабраных спецыяльна да кожнага камплекта адзення. Аўтарам лірычных вершаваных куплетаў была Данута Стэфаноўская, прыёмшчыца заказаў КПП “Бабровічы”.

Валожынскі Дом быту хоць і не заняў прызавога месца – перамаглі слуцкія майстры, – але пакарыў журы сваёй дружнай, згуртаванай камандай. Нашы землякі ўзнагароджаны дыпломам і падзякай за высокі ўзровень майстэрства ў намінацыі “Pret-a-porte”.

Па словах намесніка дырэктара КБА І. Л. Сівай, уборы, прадстаўленыя камбінатам на конкурсе, будуць укараняцца ў вытворчасць і рэалізоўвацца ў комплексных прыёмных пунктах раёна.

Алена ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара і РКБА.

 

Слуцкія дзяўчаты-мадэлі дэманструюць сукенкі, пашытыя валожынскімі майстрыхамі.

Швачка А. З. Чэрня ўпэўнена: такое паліто абавязкова знойдзе свайго пакупніка.

 

 



Добавить комментарий