Общество

У памяшканні Валожынскага краязнаўчага музея плануецца адкрыць экспазіцыю «Прырода і экалогія», дзе будзе прадстаўлена ўнікальная прырода прыгожага і багатага краю Налібоцкай пушчы ў розныя поры года, а таксама шматлікія экспанаты флоры і фаўны. Пакуль на першым паверсе створана так званая «восеньская» яе частка. 20 мільёнаў рублёў для гэтага выдаткавала ўпраўленне культуры Мінаблвыканкама.

 

Вядомы вынікі раённага конкурсу-атэстацыі спецыялістаў сельгаспрадпрыемстваў па штучным асемяненні буйной рагатай жывёлы. Прадстаўнікі гэтай прафесіі трымалі перад кампетэнтнай камісіяй сапраўдныя іспыты сваіх ведаў, практычных навыкаў. Пераможцамі сталі Юрый Равяка з СВК “Пяршаі-2003”, Ніна Клякоўкіна з СГУ “Бабровічы” УП “Мінскаблгаз” і асемянатар ААТ “Агра-Дубінское” Франц Бітэль.

 

У раённай дзіцячай бібліятэцы адкрыўся куток-выстава «Дарога да храма душы», дзе прадстаўлена літаратура духоўна-рэлігійнага характару. На паліцах можна знайсці дзіцячую Біблію, «Праваслаўны буквар», духоўныя кнігі Лідзіі Чарскай і інш. Новымі прыгожымі выданнямі з серый дзіцячай літаратуры «Любімая кніга малыша», «Вялікая серыя для маленькіх» і «Хутка ў школу» папоўнілася і чытальная зала «Малышок».

 

Гэтай восенню пабачыў свет другі зборнік вершаў «Ад жыцця» валожынскага паэта-самавука, члена літаратурна-мастацкага аб’яднання «Рунь» РЦК Вацлава Аляксандравіча Харука. Выдадзена літаратурна-мастацкае выданне ў Нясвіжскай друкарні імя Сымона Буднага тыражом 500 экзэмпляраў і складаецца з 7 тэматычных раздзелаў. Адкрывае зборнік аўтабіяграфія ў вершаванай форме «Мае ўніверсітэты».

 

Інстытут беларускай гісторыі і культуры выдаў насценны каляндар на 2013 год, прысвечаны падзеям Айчыннай вайны 1812 года. У афармленні выкарыстана фатаграфія нашага земляка, шчырага аматара гістарычнай рэканструкцыі Лявона Касабуцкага. У якасці ж ваяроў 17-га ўланскага палка выступілі ўдзельнікі конна-гістарычнага клуба «Залатая шпора», размешчанага ў вёсцы Міжрэчча Ракаўскага сельсавета.

 

Чатыры каманды — з лясгаса, ДРСУ-167, мясцовай воінскай часці і жылкамунгаса прынялі ўдзел у спаборніцтве па стрытболе, якое праходзіла ў рамках раённай круглагадовай спартакіяды сярод калектываў фізічнай культуры арганізацый на базе гімназіі. Абсалютную перамогу на гэты раз святкавалі лясгасаўцы, вайскоўцы занялі ганаровае другое месца, на трэцім – каманда ДРСУ-167.

 

Чарговы выпадак шаленства жывёлы зарэгістраваны ў вёсцы Асінавіца Гародзькаўскага сельсавета. У сувязі з гэтым прынята рашэнне райвыканкама накласці на гэты населены пункт каранцін тэрмінам на два месяцы. Спецыялісты раённых службаў за гэты перыяд ліквідуюць ачагі небяспечнай хваробы.

 



Добавить комментарий