Восеньскі кірмаш прысмакаў прыпас

Официально

Зрабіць штосьці сваімі рукамі, паспрабаваць рэалізаваць, а выручаныя сродкі ахвяраваць на дабрачыннасць. Такі спосаб даўно ўзялі на ўзбраенне выкладчыкі, вучні і бацькі СШ № 1 райцэнтра. 

Чарговы восеньскі дабрачынны кірмаш правялі яны напярэдадні Дня інвалідаў. Самі ж былі і пакупнікамі, а прапаноўвалі тое, што спяклі і прыгатавалі ўласнымі рукамі. Якіх толькі кулінарных дзівосаў тут не было: духмяныя пірагі і булачкі, кексы і вафлі, пончыкі і пячэнне… Знайшліся і тыя, хто пажадаў пакаштаваць хатніх сокаў і кампотаў, фруктаў. Пачэснае месца на імправізаваных прылаўках занялі і прыгожыя восеньскія кампазіцыі з садавіны і агародніны, прыроднага матэрыялу. Кожны клас праявіў максімум выдумкі і фантазіі, каб упрыгожыць сваё «гандлёвае» месца і прывабіць больш пакупнікоў. Адпаведны «кірмашовы» настрой стваралі касцюміраваныя персанажы – Несцерка, Цярэшка, Гандлярка, Скамарохі, якія сустракалі гасцей на парозе школы, і вясёлая народная музыка. Нездарма амаль усе прысмакі былі хутка распрададзены.

Выручка ад сёлетняга кірмашу, які праводзіўся ў рамках раённага дабрачыннага марафона «Працягні руку дапамогі», склала 4 мільёны 448 тысяч рублёў. Значная частка сродкаў, як зазначылі арганізатары, будзе пералічана Валожынскаму цэнтру карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.

Святлана СУХАДОЛЕЦ.

Фота Сяргея БОБРЫКА.

 



Добавить комментарий