У САЛОНЕ ВЫБАР БАГАТЫ

Общество

Дзеці растуць хутка, а адзенне для іх каштуе не танна. Як быць у такой сітуацыі шматдзетным і малазабяспечаным сем’ям? Каб апрануцца бясплатна “з галавы да пят” – пачынаючы ад кофты і курткі і заканчваючы штанамі і ботамі – дастаткова зазірнуць у салон “Міласэрнасць”, які працуе па вуліцы Набярэжнай райцэнтра.

Гэты пункт дапамогі людзям, якія маюць патрэбу, робіць добрыя справы ўжо дзявяты год. Адкрыты салон пры Валожынскім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Сюды за дапамогай звяртаюцца таксама апякунскія і няпоўныя сем’і. Кампетэнтны спецыяліст па сацыяльнай рабоце Раіса Віктараўна Барада і сацыяльны работнік Ала Бенядзіктаўна Бітэль заўсёды ўлічваюць пажаданні наведвальнікаў салона, са спагадай адклікаюцца на чужыя праблемы, даюць слушныя парады ў выбары адзення.

Усе рэчы тут – гуманітарная дапамога з Германіі. Хоць гэтае адзенне і з “чужога пляча”, але выгляд мае вельмі дыхтоўны. Да таго ж, калі сям’я апынулася ў складанай фінансавай сітуацыі, то і такія “абноўкі” – істотная эканомія для сямейнага бюджэту.

Падабраць гардэроб сабе і дзецям у салоне “Міласэрнасць” можна і самастойна. Высокія стэлажы стракацяць футболкамі, блузкамі, спадніцамі і штанамі, сярод якіх нямала і новых рэчаў. Ёсць і паліто, плашчы, курткі, а таксама скураны абутак – туфлі, чаравікі, боты.

За дзесяць мінулых месяцаў за гуманітарнай дапамогай сюды звярнуліся 3177 жыхароў раёна.

Ёсць у салоне і бясплатная паслуга пракату сродкаў тэхнічнай рэабілітацыі: інвалідныя каляскі, мыліцы і іншае.

Алена ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий