ПАД ЗНАКАМ ДОБЛЕСЦІ І ПАМЯЦІ ЎДЗЯЧНАЙ…

Люди и судьбы

24 лістапада ў Багданаве прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя 25-й гадавіне гераічнай гібелі ўраджэнца вёскі Зарэчная Валожынскага раёна, воіна-інтэрнацыяналіста Паўла Падрэза.

Арганізатары, а гэта ў першую чаргу прадстаўнікі Дзяржаўнага пагранкамітэта Рэспублікі Беларусь, аператыўнай пагранічнай  групы ФСБ Расіі ў Рэспубліцы Беларусь, не выпадкова выбралі гэтую дату. Яна супала з Днём архангела Міхаіла – пакравіцеля воінаў-пагранічнікаў. У мерапрыемствах прынялі ўдзел саюзы ветэранаў вайны ў Афганістане Беларусі, Расіі і Украіны, сярод якіх было шмат саслужыўцаў Паўла Падрэза. Удзельнікі мерапрыемства наведалі маці воіна-інтэрнацыяналіста Яніну Юльянаўну, з якой, дарэчы, на працягу 25 гадоў падтрымліваюць сувязь. Затым на могілках пры ўдзеле роты ганаровай варты і ваеннага аркестра прайшло ўскладанне вянкоў і кветак.

Падрыхтаваліся да гэтага знамянальнага дня вучні і настаўнікі Багданаўскага комплексу “Дзіцячы сад-сярэдняя школа”. У двары навучальнай установы прайшоў мітынг, падчас якога была адкрыта мемарыяльная дошка ў памяць аб воіне-героі. А затым усіх прысутных запрасілі на “Урок мужнасці”. Юнакі і дзяўчаты расказвалі аб сваім земляку, аб яго такім кароткім лёсе, аб рабоце, якую яны вядуць дзеля таго, каб зберагчы памяць аб тых далёкіх падзеях. Вельмі кранальным быў момант, калі былы камандзір Паўла перадаў Яніне Юльянаўне знак “Выдатнік пагранвойскаў 1-й ступені”. Да гэтай узнагароды салдат быў прадстаўлены яшчэ пры жыцці, але атрымаць яе не паспеў.

Пранікнёныя словы школьнікаў, суровыя твары тых, хто сам зведаў пекла Афганскай вайны, слёзы на вачах жанчын… Усё гэта стварыла шчымлівую атмасферу і пачуццё прысутнасці тых хлопцаў, якія назаўжды застануцца для нас маладымі.

Былыя саслужыўцы Паўла Падрэза, большасць з якіх грамадзяне Расіі і Украіны, з павагай заўважылі, што ў Беларусі патрыятычнае выхаванне знаходзіцца на значна больш высокім узроўні, чым у іх на Радзіме. Дарэчы, у Багданаўскай школе існуе Куток памяці ў гонар Паўла Падрэза. Штогодні раённы турнір па футболе сярод моладзі таксама носіць яго імя. Аб гэтым стала вядома і воінам-інтэрнацыяналістам з Расіі, яны перадалі школе футбольныя мячы і кубак, які стане пераходнай узнагародай для пераможцаў турніру. Вельмі прыемна, што ўсе пералічаныя мерапрыемствы, нягледзячы на тое, што арганізатараў было шмат і прыехалі яны з розных краін, прайшлі пры поўным узаемаразуменні. Лейтматывам гэтага дня стала вялікая павага не толькі да памяці аб канкрэтным героі, але і да гістарычнай памяці брацкіх народаў увогуле, якія былі і застаюцца адной вялікай сям’ёй.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий