ШАШЫСТЫ Ў БЕЛЫХ ХАЛАТАХ

Общество

Ніхто не выклікае большага здзіўлення, чым чалавек, заспеты за зусім нязвыклым для яго заняткам. Даўно сфарміраваныя стэрэатыпы падказваюць, што настаўнікі павінны вучыць, урачы – лячыць, будаўнікі – будаваць, повары – гатаваць… І мы нечакана здзіўляемся, калі, напрыклад, тыя ж будаўнікі прыгожа і таленавіта раскрываюць сябе ў мастацкай самадзейнасці на сцэне, а повары могуць хутка прабегчы лыжную дыстанцыю. 

Менавіта такое здзіўленне можна было ўбачыць на тварах усіх, хто ў мінулы чацвер пасля абеду наведаў райпаліклініку. Многіх ужо добра знаёмых урачоў і медсясцёр убачылі валожынцы не ў аддзяленнях і на прыёмах, а заспелі за… гульнёй у шашкі. У бальніцы праходзіў шашачны турнір сярод медработнікаў. Дзесяць з іх, хто найбольш упэўнена адчувае сябе на чорна-белым полі, пажадалі памерацца сіламі з калегамі. Турнір доўжыўся больш за тры гадзіны, бо кожны з удзельнікаў павінен быў згуляць папарна з усімі астатнімі. Судзіў спартыўнае мерапрыемства і падлічваў набраныя ачкі настаўнік фізічнай культуры з гімназіі В. В. Ажарэльеў. Хваляваліся і шчыра падтрымлівалі ўдзельнікаў і балельшчыкі.

Усе прызавыя месцы падзяліла паміж сабой моладзь райбальніцы. Урач-рэнтгенолаг Павел Аляксандравіч Дрожжа набраў 15 ачкоў, урач-гінеколаг Уладзімір Уладзіміравіч Бянько – 13, тэхнік-масажыст Юрый Часлававіч Юшкевіч – 12. Сярод жанчын найлепшы вынік паказала медыцынская сястра палатная інфекцыйнага аддзялення Галіна Мікалаеўна Скурановіч, на рахунку якой 11 ачкоў. А падарункі, падрыхтаваныя прафкамам райбальніцы, стануць добрым стымулам да новых перамог.

Святлана СУХАДОЛЕЦ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий