ПРАЗ ГАДЫ І АДЛЕГЛАСЦІ

Общество

Ад гэтага знакамітага чалавека аднойчы я аказалася на адлегласці выцягнутай рукі. І нават страпянулася ад нечаканасці: «Адкуль гэтаму касманаўту ды раптам аказацца ў нашым Валожыне?!»

У маім поглядзе было, відаць, столькі нечаканасці і здзіўлення, што ён першым кіўнуў галавой. Па інерцыі, відаць, такім чынам павітаўся з выпадковым прахожым. Касманаўт даўно прывык, што яго пазнаюць на вуліцы. “Няўжо гэта і сапраўды сусветна вядомы Георгій Грэчка ўласнай персонай?!”– такая думка назойліва круцілася ў галаве. Я ў кароткай разгубленасці нейкі час стаяла ля пешаходнага перахода насупраць раённага Цэнтра культуры. І ўсё ж гэта, відаць, не ён, а чалавек-двайнік. Бо людзей падобных паміж сабой сустракаецца ў свеце нямала. Гадоў з пяць таму нават раённая газета вяла папулярную рубрыку пра жыхароў раёна, якія сваёй знешнасцю, тыпажам нагадваюць знакамітасцей. Але вось Георгія Грэчкі, дакладна памятаю, у той раённай калекцыі асоб-двайнікоў не было…

Пацвердзіць факт рэальнага знаходжання лётчыка-касманаўта, двойчы Героя Савецкага Саюза Георгія Міхайлавіча Грэчкі ў нашым Валожыне дапамог паслужлівы інтэрнэт. Аказваецца, касманаўт, які жыве ў Маскве, сапраўды наведваў Беларусь. Пабываў летам на Віцебшчыне, адкуль родам яго маці. Наведаў Гродзеншчыну, а па дарозе на Мінск зазірнуў у Вішнева, а таксама і ў Валожын, каб паглядзець сусветна вядомую іешыву…

Замежныя турысты не толькі ў разгар адпускной кампаніі вандруюць па нашай рэспубліцы. Наш гарадскі краязнаўчы “брэнд” – шэсць гістарычных кропак, размешчаных паблізу: іешыва, каталіцкі і праваслаўны храмы, і, вядома ж, палацы-двайнікі былой рэзідэнцыі Тышкевічаў, і куды больш сціплы будынак таго часу, дзе цяпер знаходзіцца рэдакцыя раёнкі. Названыя месцы бяспройгрышна становяцца аб’ектам павышанай увагі прыезджых фотааматараў. У гэтым пераканалася і вечарам 6 лістапада бягучага года, вяртаючыся дадому з працы…

На плошчы Свабоды заўважыла двухпавярховы пасажырскі аўтобус. Густа сыпаў надакучлівы халодны дождж. На вуліцы і без таго было сцюдзёна. Але турысты, большасць без парасонаў, дружна высыпалі на плошчу з цёплага аўтобуса. Пачалося кароткае знаёмства з нашым горадам. Хто свядома не адставаў ад экскурсавода, а нехта вандраваў у адзіночку. Яны з інтарэсам рабілі на памяць фота мясцовых гісторыка-культурных помнікаў, здымалі і прыгожыя ліхтары на плошчы Свабоды, што разлівалі наўкола мяккае, жаўтаватае святло. Найбольш камунікабельныя турысты ўступалі ў дыялог з жыхарамі райцэнтра, што стаялі на прыпынку ў чаканні рэйсавага пасажырскага аўтобуса. Высветлілася, што гэта група з Масквы. Напярэдадні свята Кастрычніцкай рэвалюцыі ў расіян былі чатыры законныя выхадныя. І група турыстаў вырашыла наведаць Беларусь. Многія з іх у нашай краіне ўжо не ўпершыню. Але любоў да нашай рэспублікі не мяняецца. Мяняюцца толькі маршруты. На гэты раз масквічы выбралі гродзенскі накірунак з заездам у старажытны Валожын.

Да Мінска дабіраюцца цягніком, а ў беларускай сталіцы заказваюць аўтобус і адпраўляюцца на экскурсіі. Мы засталі масквічоў у іх завяршальны дзень. Да адпраўлення цягніка з Мінска ў іх было ў запасе толькі некалькі гадзін. Нават пяці хвілін размовы на плошчы хапіла, каб зразумець, якая вялікая настальгія ў людзей старэйшага пакалення па той краіне, калі 15 рэспублік былі разам. Любоў да Беларусі ў сэрцах масквічоў не змянілася, яе не стала менш. Тая ж шчырасць, тая ж дабрыня рускай адкрытай душы. За пяць хвілін масквічы нам сказалі столькі ўхвальных слоў за чысціню і парадак у беларускіх гарадах і вёсках, за тое, што шануецца ў краіне гістарычная спадчына. Наперабой расхвальвалі беларускія прадукты. Без гэтых гасцінцаў у Маскву ніхто з іх не вяртаецца. З ахвотай набываюць і нашу касметыку, сувеніры, ільняныя вырабы. Пачулі мы ад іх і такую выйгрышную асаблівасць нашай рэспублікі. Беларусь, па меркаванні маскоўскіх турыстаў, захавала некрануты светлы славянскі вобраз, яна прыцягвае сваёй этнічнай выразнасцю. Васільковыя вочы, русыя косы… А вось у Маскве цяпер на вуліцах вельмі шмат замежных грамадзян, якія ўжо па колеры скуры адразу адрозніваюцца ад карэнных жыхароў. Масква ператварылася ў мегаполіс з планетарнай расавай разнастайнасцю.

…Мы заўсёды стараемся гасцям паказаць сябе з лепшага боку. І гэта праяўляецца нават у дробязях. Пакуль на плошчы быў часова прыпаркаваны турыстычны аўтобус, адзін з мясцовых вадзіцеляў легкавушкі, праціскаючыся паміж шматлікага транспарту, упэўнена накіраваўся да сметніцы. У адной руцэ мужчына трымаў пустую пластыкавую бутэльку, у другой –  шкляную ад спіртнога. Гэта нехта з недысцыплінаваных валожынцаў ачысціў салон сваёй легкавушкі ад лішняга хламу. Але знайшоўся акуратны чалавек, які гэту пустую тару хуценька ўбраў. Злавіўшы на сабе дапытлівыя погляды людзей, ён пачаў апраўдвацца: “Гэта не маё! Вырашыў прыбраць. Бо ў цемнаце нехта яшчэ можа і кола ў машыне прабіць. Тады клопатаў не абярэшся…”

Вадзіцель, які вёз турыстаў-расіян, назіраючы за гэтай сітуацыяй, спагадліва ўсміхнуўся з кабіны свайго аўтобуса. Колы яго “NEOPLANа” цяпер стопрацэнтна будуць цэлыя. І масквічы не спозняцца на свой цягнік. А значыць пра Валожын у іх і на гэты раз застануцца толькі добрыя ўспаміны…

Ірына ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий