СУПРАЦЬ КАРУПЦЫЙНЫХ ПРАЯЎ

Закон и порядок

Як вядзецца барацьба са злачыннасцю і карупцыяй на тэрыторыі раёна, якімі шляхамі павышаецца эфектыўнасць дзейнасці дзяржаўных органаў па іх выяўленні і спыненні – гэтыя і іншыя пытанні разглядаліся на мінулым тыдні на каардынацыйнай нарадзе, якую правёў пракурор раёна В. С. Пяркоўскі сумесна са старшынёй райвыканкама, праваахоўнымі органамі і іншымі службамі.

18 праверак у адносінах службовых асоб гаспадарчых суб’ектаў раёна і дзяржслужачых па фактах рэалізацыі жывёлы, закупкі запасных частак і сельгастэхнікі, налічэння заработнай платы, прыпісак малака, атрымання крэдытаў у банкаўскіх установах, выдзялення зямельных участкаў і інш. праведзена сёлета РАУС. Дзякуючы гэтаму быў выяўлены шэраг карупцыйных злачынстваў. Хоць іх узровень і не перавысіў мінулагодні – 7 выпадкаў, аднак усе яны па-ранейшаму сведчаць пра тое, што даўно існуючыя заганы грамадства: хабарніцтва, крадзеж дзяржаўных таварна-матэрыяльных каштоўнасцей, незаконныя выплаты грошай, так званыя ценявыя махінацыі ў абыход законаў пакуль цалкам не ўдаецца выкараніць. Тры выпадкі тычацца перадачы грошай у якасці хабару загадчыкамі магазінаў інспектару-метадысту сталічнага ГА «Спажывец». Работнік маслазавода чамусьці вырашыў, што ён можа па ўласным жаданні распарадзіцца 16-цю мяшкамі сухой сыроваткі. Дырэктар адной з кампаній на тэрыторыі раёна выплаціў сабе вялікую фінансавую дапамогу на будаўніцтва, не ўзгадніўшы гэта пытанне з іншымі заснавальнікамі таварыства. Страхавы агент прыдумала незаконную схему атрымання дадатковых грошай і інш. У адносінах некаторых асоб узбуджаны крымінальныя справы, іншыя закрыты, бо злачынцы кампенсавалі матэрыяльны ўрон. Улада пайшла насустрач грамадзянам, змякчыла пакаранне, а ўспрымаецца гэта як слабасць улады, таму многія зноў вяртаюцца да сваёй «справы». У якасці дзейснага сродку прафілактыкі і папярэджвання такіх правапарушэнняў было прапанавана праводзіць выязныя пасяджэнні суда, грамадскія абмеркаванні ўчынкаў.

За апошнія гады зменшылася колькасць злачынстваў маёмаснай накіраванасці. На працягу 10 месяцаў зафіксаваны 174 крадзяжы маёмасці грамадзян, у пераважнай большасці на тэрыторыі дачных кааператываў, і 27 – грамадскай маёмасці. Узрасла і іх раскрываемасць. Аднак злачынствы адбываюцца і па віне саміх жа людзей, якія катэгарычна не жадаюць ахоўваць сваё жыллё, напрыклад, паставіць на тую ж сігналізацыю. У раёне 84 дачныя кааператывы, больш за 11 тысяч домаўладанняў, і толькі 37 у сельскай мясцовасці знаходзяцца пад аховай. Не спяшаецца ўстанаўліваць кнопкі трывожнай сігналізацыі ў магазінах і райспажыўтаварыства, асабліва ў тых, якія гандлююць спіртнымі напіткамі. А гэта вялікая спакуса для нядобранадзейных грамадзян. З 69-ці гандлёвых кропак знаходзяцца пад аховай Валожынскага аддзялення Дэпартамента аховы толькі 31. Найбольш напружанымі і небяспечнымі з’яўляюцца тэрыторыі Ракаўскага, Гародзькаўскага, Вішнеўскага сельсаветаў. У Ракаўскім, большасць злачынстваў учыняецца грамадзянамі Мінскага раёна.

Яшчэ адной вялікай бядой, і пра гэта таксама гаварылася на нарадзе, з’яўляецца самагонаварэнне і п’янства насельніцтва, і як вынік – беспрацоўе і злачынствы. У кожным сельсавеце такія жыхары ўзяты на асаблівы ўлік, з імі праводзіцца прафілактычная работа.

Святлана СУХАДОЛЕЦ.

 



Добавить комментарий