СЛАВУТЫЯ АСОБЫ

Люди и судьбы

РАГОЙША Вячаслаў Пятровіч

Нарадзіўся 5 чэрвеня 1942 года ў Ракаве. Скончыў Ракаўскую СШ (1958), філфак Белдзяржуніверсітэта і аспірантуру пры ім. Працаваў у інстытуце паліталогіі і сацыяльнага кіравання (Вышэйшая партыйная школа, 1988-1991, дацэнт кафедры культуры); з 1991 г. – намеснік дырэктара Нацыянальнага навукова-асветнага цэнтра імя Ф. Скарыны. З 1994 г. – загадчык кафедры тэорыі літаратуры Белдзяржуніверсітэта. Крытык, літаратуразнавец, перакладчык. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1969 года.

У 1993 годзе ў Маскве ў Інстытуце сусветнай літаратуры імя А. Горкага абараніў доктарскую дысертацыю па тэме: «Беларуская паэзія ХХ стагоддзя ў кантэксце ўсходнеславянскіх літаратур: Тыпалогія, рэцэпты, мастацкі пераклад».

Аўтар паўтара дзясятка кніг.

СТЭЛЬМАХ Вячаслаў Фаміч

СТЭЛЬМАХ Вячаслаў Фаміч

Нарадзіўся 17 верасня 1939 года ў вёсцы Дамінава. У 1961 годзе скончыў фізічны факультэт Белдзяржуніверсітэта, затым – аспірантуру. Працаваў гл. інжынерам Праблемнай лабараторыі паўправадніковай тэхнікі БДУ, ст. выкладчыкам кафедры фізікі паўправаднікоў. У 1970 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю. Арганізаваў і ўзначаліў у НДІ ПФП лабараторыю спектраскапіі паўправаднікоў, з 1979 па 1997 гады ўзначальваў кафедру фізікі паўправаднікоў. Арганізатар і каардынатар Рэспубліканскай праграмы па новым навуковым накірунку «Нізкаразмерныя сістэмы», па якім падрыхтаваў больш 20 кандыдатаў навук. Працаваў навуковым сакратаром савета Белдзяржуніверсітэта па абароне дысертацый. Аўтар больш 300 навуковых публікацый, 200 вынаходніцтваў.

Арганізаваў серыйную вытворчасць і шырокае практычнае выкарыстанне малагабарытных спецыялізаваных аналізатараў ЭПР. Узнагароджаны 4 залатымі і 2 сярэбранымі медалямі ВДНГ СССР. Заслужаны вынаходнік СССР. Выдатнік адукацыі Беларусі.

 

РУСАК Ніна Аляксандраўна

Беларускі навуковец-эканаміст. Доктар эканамічных навук, прафесар.

Нарадзілася 14 жніўня 1937 года ў вёсцы Яршэвічы.

У 1962 годзе скончыла тагачасны інстытут народнай гаспадаркі імя В. Куйбышава.

Усё яе працоўнае жыццё было звязана з кафедрай бухгалтарскага ўліку, аналізу і аўдыту ў прамысловасці БДІНГ-БДЭУ. Займалася навукова-метадычнай працай, унесла значны ўклад у развіццё беларускай школы эканамічнага аналізу.

Упершыню абгрунтавала методыку аналізу затрат сыравіны ў кандытарскай і цукровай прамысловасці, прапанавала методыку аналізу чыстага прыбытку з улікам фактараў, характэрных для рыначнай эканомікі. Практычнае прымяненне яе метадалагічныя распрацоўкі знайшлі ў сферы прагназавання прыбытку і фінансавага стану прадпрыемства, а таксама рэкамендацыі па развіцці аператыўнага аналізу з выкарыстаннем ПЭВМ. Аўтар больш 100 навуковых публікацый, у тым ліку сямі манаграфій і чатырох падручнікаў. Падрыхтавала 12 кандыдатаў эканамічных навук.

 

КРУПО Сяргей Маратавіч

КРУПО Сяргей Маратавіч

Нарадзіўся 23 красавіка 1966 года ў Вішневе.

У 1990 годзе скончыў Вышэйшае пагранічнае ваенна-палітычнае вучылішча Камітэта Дзяржаўнай Бяспекі СССР. У 1999 годзе – Міжнародны незалежны эколагапаліталагічны універсітэт.

Значны час працаваў у органах унутраных спраў. Назначаны начальнікам упраўлення кадравай сацыяльнай і рэгіянальнай палітыкі Федэральнага агенцтва па атамнай энергіі Расіі.

 

 

 

СУХАДОЛЕЦ Валянцін Іванавіч

СУХАДОЛЕЦ Валянцін Іванавіч

Нарадзіўся ў Сакаўшчыне.

Пачатковую музычную адукацыю атрымаў у Валожынскай музычнай школе па класе “баян”. У 1985 годзе скончыў дырыжорска-харавое аддзяленне музычнага вучылішча ў Маладзечне. Затым працягваў навучанне як дырыжор хору ў Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі.

У 1992 годзе паступіў на вакальны факультэт Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі, дзе падчас навучання з’яўляўся стыпендыятам Расійскага фонду культуры «Новыя імёны».

У 1998 годзе з адзнакай скончыў Маскоўскую кансерваторыю. У тым жа годзе паступіў у Маскоўскі музычны тэатр «Новая Опера», дзе выконваў вядучыя партыі тэнаровага рэпертуару. Прадоўжыў музычную адукацыю ў аспірантуры Амстэрдамскай кансерваторыі ў Галандыі. З 2003 па 2008 год з’яўляўся салістам арт-групы «Хор Турэцкага».

Жыве і працуе ў Маскве. Удала працягвае сольную кар’еру. Выконвае творы розных музычных жанраў: оперныя арыі, брадвейскія мюзіклы, легендарныя поп-хіты, рускія рамансы і народныя песні.

 

БАГІНА Уладзімір Антонавіч

Нарадзіўся 4 лістапада 1934 года ў вёсцы Карнюткі Залескага сельсавета.

Пасля заканчэння Белдзяржуніверсітэта накіраваны на працу на Палессе, у Беларускую кантору разведвальнага свідравання. Пасля адкрыцця першага ў Беларусі Рэчыцкага радовішча нафты (1964) і арганізацыі трэста «Белнафтагазразведка» быў прызначаны галоўным геолагам Рэчыцкай нафтаразведвальнай экспедыцыі глыбокага свідравання. Пазней працаваў намеснікам начальніка Упраўлення геалогіі пры Савеце Міністраў БССР, пераўтворанага ў РУП «Белгеалогія», затым – загадчыкам лабараторыі нафтагазаноснасці БелНДГРІ.

Пры непасрэдным удзеле У. А. Багіны былі адкрыты і разведаны першыя, а затым шэраг іншых радовішчаў нафты ў Беларусі.

Кандыдат геолага-мінералагічных навук, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1978), член-карэспандэнт Беларускай інжынернай акадэміі.

 



Добавить комментарий