НОВЫ БРЭНД – «ВЕНСКІЯ СЫРАВЭНДЖАНЫЯ»

Общество

Нядаўна на прылаўках магазінаў з’явіліся мясныя прысмакі пад назвай «Венскія сыравэнджаныя», якія тут жа займелі сваіх прыхільнікаў. Гэта паляндвіца, кумпячок і палачкі да піва. Новай прадукцыяй парадаваў нашых пакупнікоў перад навагоднімі і каляднымі святамі цэх па вытворчасці каўбасных вырабаў і паўфабрыкатаў, што існуе пры аддзеле прамысловасці райспажыўтаварыства.

Першую партыю мясной прадукцыі цэх выпусціў у далёкім 1983 годзе. І вось ужо без малога трыццаць гадоў невялікае па аб’ёмах выпускаемай прадукцыі, але дастаткова стабільна і якасна працуючае прадпрыемства не толькі стварае добры імідж раённай спажыўкааперацыі, але і штогод прыносіць немалы прыбытак. Толькі за два апошнія месяцы было перапрацавана 36,9 тоны мяса, выпушчана і прададзена 12,7 тоны паўфабрыкатаў, 7,6 тоны каўбасных і 5,4 тоны мясных вырабаў. З пачатку года прыбытак ад рэалізаванай прадукцыі склаў 1 мільярд 100 мільёнаў рублёў.

Сыравіну ў цэх, а гэта ў пераважнай большасці мяса буйной рагатай жывёлы, па-ранейшаму пастаўляюць сельгаспрадпрыемствы раёна: КСУП «Сакаўшчына-агра» і «Сугвазды агра», ААТ «Лоск» і «Агра-Дубінское», МАУП «Падбярэззе», СГУ «Бабровічы», КУП «Сівіца», і толькі каля 30 працэнтаў у агульнай колькасці адводзіцца сыравіне насельніцтва. Свініну прадпрыемства закупляе ў ААТ «Агра-Вішнеўскі» і «Агра-Дубінское», зрэдку – у Пяршаях. У перыяд, калі ў нашым раёне з сыравінай адчуваліся перабоі, былі заключаны пагадненні на пастаўку з Мядзельскім, Стаўбцоўскім і Ашмянскім раёнамі. Ва ўсіх магазінах райспажыўтаварыства і нават у некаторых камерцыйных крамах можна набыць сёння сыравэнджаную, варанавэнджаную і сыравяленую каўбасную прадукцыю, свежыя, толькі што вырабленыя паўфабрыкаты – фарш, выразку, грудзінку, рагу, іншыя ахалоджаныя або замарожаныя мясныя прадукты. Усяго каля 70 відаў. Самымі любімымі мяснымі прысмакамі валожынцаў, з’яўляюцца сыравэнджаныя каўбасы «Дзяржынская», «Іванаўская», «Мотальская», салямі «Дачная» і «Панская экстра». А каўбаса «Ад бабулі» насамрэч нагадвае смакату хатняга прыгатавання. Штомесяц асартымент прадукцыі абнаўляецца.

Святлана СУХАДОЛЕЦ.

 



Добавить комментарий