Общество

Мыццё і прасаванне бялізны, адзення — гэта тыя справы, якія кожная гаспадыня штотыдзень вымушана рабіць дома. А вось у жанчын, што працуюць у пральні Валожынскага РКБА, яны сталі службовымі абавязкамі. І работнікі пральні прыходзяць на дапамогу ў першую чаргу тым прадстаўніцам прыгожай паловы, хто з-за напружанага працоўнага графіка не паспявае з гэтым спраўляцца самастойна.

Попыт на паслугі пральні быў заўсёды вялікі. Сёння, акрамя выканання прыватных заказаў,  пральня абслугоўвае райбальніцу, гарадскую гасцініцу, усе дзіцячыя сады, летнікі і нават некаторыя агратурыстычныя сядзібы. У летні перыяд заказаў, безумоўна, больш, аднак і цяпер пяць пральных машын-аўтаматаў працуюць амаль на поўную загрузку. Аператары В. І. Жылінская, Т. І. Шакалава і Т. М. Сакалоўская за змену перамываюць да 250 кілаграмаў бялізны. Такую ж колькасць неабходна акуратна прапусціць праз прасавальны каток. Месячная вага бялізны нярэдка дасягае 7,5 тоны. Толькі за лістапад работнікамі пральні было зароблена 66 мільёнаў рублёў.

Загадчыца Марыя Іванаўна ХІРВІ, якая сем гадоў узначальвае гэты невялікі, але працавіты і дружны жаночы калектыў, упэўнена, што іх паслугі будуць заўсёды запатрабаваныя, бо яны значна аблягчаюць жыццё дзелавым і занятым сучасным жанчынам. Ды і кошт пакуль што задавальняе кліентаў: наўрад ці дома памыць і папрасаваць рэчы абыдзецца танней. Словы падзякі ў свой адрас жанчыны чуюць і ад індывідуальных наведвальнікаў, і ад кіраўніцтва ўстаноў, якія абслугоўваюць.

Тэкст і фота Святланы СУХАДОЛЕЦ.

 



Добавить комментарий