ПРА ЧЫТАЦКІ ІНТАРЭС…

Молодежный курьер

Што чытаюць сучасныя дзеці? – задалася я пытаннем і адправілася ў Валожынскую дзіцячую бібліятэку. Фонд гэтага кнігасховішча – 13 тысяч тамоў. Наведваюць бібліятэку 1300 дзяцей.

Тут у чытальнай зале сустрэла дзевяцігадовую Іру Кадырку і даведалася пра любімую кнігу, што называецца, з першых вуснаў. Іра аддае перавагу казкам, яе любімая – “Не плюй у калодзеж, прыйдзецца вады напіцца”. Дзяўчынка хоча стаць мастаком, каб ілюстраваць дзіцячыя кніжкі добрымі і радаснымі малюнкамі, таму што, як мяркуе юная чытачка, многія кнігі казак сучасных аўтараў перапоўненыя ілюстрацыямі, якія нібы перакачавалі на старонкі з фільмаў жахаў…

Паліцы ў зале бібліятэкі стракацяць рознакаляровымі кніжнымі карашкамі і яркімі маляўнічымі вокладкамі. А важкія і стрыманыя ў афармленні тамы чамусьці спачываюць у кнігасховішчы. Там на стэлажах прапісаліся кнігі Жуль Верна, Сцівенсана, Дзюма, Дзікенса, Бяляева і іншыя. Многія з тых твораў ужо забыліся, калі апошні раз траплялі ў дзіцячыя рукі. У пакалення next у фаворы яркая “абгортка” і дынамічны сюжэт. Зацікавіць тынэйджараў, напрыклад, кнігамі Лідзіі Чарскай альбо Фрыды Вігдаравай складана, але было б карысна.

Нядаўна бібліятэкары правялі анкетаванне на тэму “Мая любімая кніга”. У пісьмовым апытанні прынялі ўдзел дзеці ад 10 да 13 гадоў. Вынік анкетавання прымушае задумацца.

Яўнага фаварыта сярод літаратурных твораў няма. Адказы ў анкетах наступныя: “Пэгі Сью і прывіды”, “Піраты не ведаюць літасці”, “Каханне пад знакам Задыяка”, “Прывід школы”, “Замова на каханне”, “Віця Малееў у школе і дома”, “Каханне ў нарэзку”, “Папялушка ў бікіні”, “6 “Б” і яго тусоўкі”, “Шалёныя бабкі”, “Гары Потэр”, “Вялікая кніга жахаў”,“Група падтрымкі. Новае зло”, “Фея на дачы”, “Спатканне на даху”, “Сакрэт Чорнай Дамы”, “Бочка са злавеснай меткай” і іншыя такога ж кшталту.

І толькі некалькі адказаў, здалося, былі ў гэтым “вінегрэце” зусім недарэчы: Р. Фрайерман “Дзікая сабака Дзінга, ці Аповесць пра першае каханне”, і зусім неспадзявана – М. Твэн “Прынц і жабрак”, Талстой “Дзяцінства” і “Пётр I” Льва Мікалаевіча (мабыць, хтосьці тут вырашыў пажартаваць).

Задалі дзецям і такое пытанне: “Якую кнігу ты чытаеш сёння?”

Адказы тут – “блізняты” папярэдніх: “Дзённікі вампіра”, “Дом тысячы страхаў”, “Заначка старога графа”, “Мара ідэальнай дзяўчынкі”, “Вядзьмарка Пачкуля і помста гоблінаў” і іншыя. Якімсьці цудам, хутчэй за ўсё са школьнай праграмы, апынуліся тут “Герой нашага часу” Лермантава, Бяляеў “Старая крэпасць”, Пушкін “Аповесці Белкіна”, Грын “Пунсовыя ветразі”, Гогаль “Тарас Бульба”.

Цікава, што ў анкеце амаль ніхто не указаў аўтара любімай кнігі. Дзеці памятаюць толькі тых пісьменнікаў, з творчасцю якіх знаёмяцца ў школе.

Дзеці, як tabyla rasa – чыстая грыфельная дошка, або пусты сасуд, будуць несці тое, чым іх запоўніш. Таму нельга адносіцца абыякава да таго, што чытаюць нашы дзеці. Бо і з духоўнага калодзежа калісьці прыйдзецца напіцца…

Алёна ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий