У РЫТМЕ ТАНЦАЎ

Официально

Сучасныя хлапчукі любяць не толькі “пагружацца” ў віртуальны свет, гадзінамі прападаючы за камп’ютарам. Многія знаходзяць для сябе больш захапляльныя і карысныя заняткі. Цікава правесці вольны час можна ў Валожынскім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. 

Тут працуе больш за 30 гурткоў. У пашане ў хлопчыкаў “Юны аўтамабіліст”, “Настольны тэніс”, “Баскетбол”, “Масцярок”, “Спартыўны турызм”, “Гітара для ўсіх”. Вельмі крэатыўныя і творчыя хлопчыкі праяўляюць сваю фантазію ў дэкаратыўна-прыкладных гуртках. Хтосьці вучыцца жывапісу і лепцы ў выяўленчай студыі Валожынскай школы мастацтваў. Хтосьці асвойвае скрыпку і піяніна. А некаторыя хлопчыкі вучацца мастацтву танца.

Напрыклад, Мар’ян Прыёмка і Мікіта Рубан з задавальненнем бегаюць на рэпетыцыі дзіцячага ўзорнага калектыву танца “Раніца” раённага Цэнтра культуры.

Тут пад кіраўніцтвам танцмайстра Кацярыны Брылеўскай займаюцца 23 школьнікі. Дзеці асвойваюць шматлікія танцавальныя “па” і “рэверансы”, вучацца ўзаемавыручцы і дружнаму жыццю ў калектыве, выступаюць з харэаграфічнымі нумарамі на раённых святах, ствараючы з танца сапраўдны міні-спектакль.

Алёна ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий