СВЯТА ЎСЁ БЛІЖЭЙ І БЛІЖЭЙ…

Официально

«Гарачая пара» ў работнікаў валожынскага ўнівермага пачынаецца зімой. Напярэдадні Новага года клопатамі і мітуснёй ахопленыя не толькі пакупнікі, але і прадаўцы. Чаго толькі каштавала калектыву гандляроў святочна аформіць два паверхі гандлёвага будынка!

Зараз продаж кіпіць ва ўсіх аддзелах. Шмат клопатаў у прадаўцоў Ніны Андрэеўны Рай і яе маладой калегі Ганны Белановіч: у іх аддзеле рэалізуецца навагодняя атрыбутыка.

У святочным навагоднім асартыменце больш за 60 штучных ёлак. Хвойныя штучныя дрэўцы рознай вышыні: ад 25-сантыметровых “малышоў” да 2-метровых “гігантаў”. Да іх рэалізоўваюцца яркія пластыкавыя цацкі-шары. Але, на жаль, тут не знайсці непаўторных шкляных цацак. Як патлумачылі прадаўцы, такія цацкі каштуюць не танна, з-за чаго значна саступаюць у попыце не менш прывабным і трывалым пластыкавым “сабратам”.

На закупку ёлачных упрыгажэнняў райспажыўтаварыства  выдзеліла 25,5 мільёна рублёў. Мішуры заказана на суму больш за 15 мільёнаў.

Кожны пакупнік універмага знаходзіць тут патрэбную рэч на свой густ і кашалёк. Папулярнасцю карыстаюцца карнавальныя маскі і гарнітуры для дзяцей і дарослых.

Каб зрабіць сваё свята памятным, жыхары раёна набываюць электрагірлянды, бенгальскія агні і хлапушкі.  Хтосьці заходзіць сюды за навагоднімі сувенірамі і паштоўкамі.

Навагоднія гулянні наперадзе, таму святочны асартымент універмага горада Валожына працягвае папаўняцца новай прадукцыяй…

Фота і тэкст Алены ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий