СПАБОРНІЧАЛІ І АДПАЧЫВАЛІ

Общество

Мінулы тыдзень для аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў, што існуе пры ТЦСАН, быў насычаны разнастайнымі мерапрыемствамі, прымеркаванымі да міжнароднага Дня інвалідаў і пяцігоддзя з моманту адкрыцця ўпершыню ў раёне самой установы для гэтай катэгорыі грамадзян.

Аўторак у плане пазначаўся як спартыўны дзень. У спартыўнай зале ДЮСШ прайшла спартландыя «Таленты, на старт!». І было тут усё па-сапраўднаму: суддзя, журы, групы падтрымкі.

Як патрэбна сонца, паветра, вада для ўсяго жывога на зямлі, так патрэбны любоў, падтрымка, разуменне, клопат, пяшчота дзіцяці, ды і любому чалавеку, асабліва калі ён у нечым абмежаваны. Сёння аддзяленне наведваюць 20 інвалідаў рознага ўзросту і ступені страты здароўя. Усе яны добрыя і ветлівыя, з першых дзён сябруюць паміж сабой і даўно ўжо сталі адной зладжанай камандай. Нават калі падзяліліся на дзве дзеля ўдзелу ў спартландыі, усё роўна шчыра падтрымлівалі адзін аднаго.

Паўдзельнічаць у спартыўным мерапрыемстве пажадалі і некаторыя маці дзяцей-інвалідаў, што наведваюць аддзяленне. А. І. Барбашынская і Г. З. Борыс дапамагалі пераадольваць складаныя спартыўныя выпрабаванні сваім дзецям і адначасова ўдзельнічалі самі.

Толькі той, хто насамрэч сутыкнуўся з бядой, даглядае інваліда або мае такога сярод сваякоў, разумее, наколькі важна не застацца сам-насам з праблемай. Як прыемна і радасна на душы, калі тваё дзіця становіцца актыўным, уключаецца ва ўсеагульнае дзейства, шчыра ўсміхаецца і весяліцца, нават па меры магчымасцей стараецца не падвесці сяброў. Не засталіся ў баку і работнікі аддзялення, якія разам з іншымі пераадольвалі эстафеты, кідалі мячы, скакалі ў даўжыню, прыносілі камандам балы ў дартсе. Нягледзячы на тое, што адна з каманд аказалася крыху мацнейшай, тут не было пераможцаў і пераможаных. Усе дружным вясёлым натоўпам рушылі піць гарбату і есці смачныя тарты, якія ў якасці прызоў уручыў камандам аддзел фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама.

У гэты ж дзень усім інвалідам аддзялення, а таксама тым дзевяці, што абслугоўваюцца на доме, былі ўручаны прадуктовыя наборы, сродкі на якія, а гэта 4 мільёны 60 тысяч рублёў, былі выдаткаваны з раённага бюджэту.

Святлана СУХАДОЛЕЦ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *