ТЭЛЕФОН МІЛІЦЫІ — 102

Закон и порядок

Доказ з рукава.

Трыццацісямігадовы жыхар Валожына быў затрыманы нядаўна супрацоўнікамі міліцыі па падазрэнні ў спажыванні наркатычных рэчываў. Мужчыну даставілі для медыцынскага агляду ў Цэнтральную раённую бальніцу, дзе той, як быццам выйшаўшы ў туалет, выкінуў з рукава курткі ў сметніцу поліэтыленавы пакет з рэчывам расліннага паходжання. Як высветлілі эксперты, затрыманы спрабаваў такім чынам пазбавіцца ад так званай макавай саломкі, натуральнага наркатычнага сродку агульнай вагой каля 130 грамаў. Па факце ўзбуджана крымінальная справа.

Па-суседску?

Пяцідзесяцідзевяцігадовы пенсіянер з вёскі Пяршаі звярнуўся ў міліцыю з заявай аб тым, што з яго дому зніклі 250 тысяч рублёў. Праведзеная супрацоўнікамі крымінальнага вышуку праверка ў хуткім часе высветліла вінаватага. Ім аказаўся аднавясковец пацярпеўшага, што нідзе не працуе, які патрапіўшы да суседа на госці вырашыў паправіць сваё фінансавае становішча за яго кошт. Законным вынікам гэтага сталі падпіска аб нявыездзе і распачатая крымінальная справа.

Бабёр у канаве

Тушку бабра знайшоў інспектар ДПС раённай ДАІ ў прыдарожнай канаве непадалёк ад вёскі Замасцяны Івянецкага сельсавета. Акрамя забітай жывёліны былі таксама знойдзены мяшок, некалькі адзінак мужчынскай вопраткі, боты, дыванок з аўтамабільнага багажніка. Нягледзячы на тое, што ў час знаходкі сезон палявання на бабра быў ужо адкрыты, знойдзены трафей быў здабыты без дазволу і ў неўстаноўленым месцы. У выніку матэрыяльныя страты, нанесеныя рэспубліканскаму дзяржаўна-грамадскаму аб’яднанню «БТПР», складаюць ажно 70 базавых велічынь. Раённае аддзяленне следчага камітэта ўзбудзіла па факце крымінальную справу.

Кошт памылкі

Чарговае дарожнае здарэнне адбылося колькі часу таму на дарозе Ракаў-Івянец каля вёскі Курдуны. Вадзіцель аўтамабіля «Субару-Імпрэза», дваццацівасьмігадовая жыхарка сталіцы, няправільна выбрала хуткасць руху, не ўлічыла тое, што з-за туману дарожная паверхня зрабілася вільготнай, у выніку чаго і адбылася аварыя. Спачатку машыну на закругленні дарогі пачало заносіць, а потым увогуле выкінула на сустрэчную паласу, па якой рухаўся аўтамабіль МАЗ з прычэпам. У выніку сутыкнення пасажыр «Субару», трыццацісямігадовы жыхар Мінска быў дастаўлены ў хірургічнае аддзяленне Валожынскай ЦРБ з закрытым касым пераломам бядра са зрухам абломкаў, шматлікімі дробнымі траўмамі твару. Пацярпелы знаходзіўся ў траўматычным шоку. Іншыя ўдзельнікі здарэння не пацярпелі.

Матэрыял да друку па міліцэйскіх зводках падрыхтаваў

Андрэй ЗАХАРАНКА.

 



Добавить комментарий