ЦІ НЕ ЗАНЯНЬЧЫЛІ?..

Культура

“…Алё, добры дзень. Наша сям’я знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, таму вы павінны (!) аказаць нам матэрыяльную дапамогу…” На жаль, падобныя заявы ў рабоце органаў сацыяльнай абароны не рэдкасць. Асобныя прадстаўнікі з ліку нашых падапечных ужо пачынаюць бессаромна карыстацца сваім сумніўным статусам у надзеі атрымаць гуманітарную, адрасную дапамогу, дровы на зіму, бясплатна адрамантаваць электраправодку і гэтак далей. І працуюць абы як, не кажучы ўжо пра клопаты пра сваіх дзяцей.

Трэба заўважыць, што практычна ўсе гэтыя людзі адносна маладыя і здаровыя – улічваючы колькасць выпіваемага імі спіртнога. Вось і атрымліваецца, што калі адны ледзь прадзіраюць вочы пасля тыднёвага запою, іншыя прывозяць ім на дом усемагчымыя віды дапамогі, рыхтуюць іх дзяцей у школу, нават рамонты робяць. І якімі б прадуманымі не былі дзеянні дзяржавы і сацыяльных служб, “нядбайнікі” ўсё адно могуць знайсці выгаднае для сябе выйсце.

Адна з матуль-выпівох прыбыла ў Валожын па чарговую адрасную дапамогу. Па прычыне ганебнай залежнасці ад алкаголю тую дапамогу ёй аказалі не грашамі, а прадуктамі, вопраткай, сродкамі гігіены – на 1,4 мільёна рублёў. Задаволеную жанчыну пасадзілі ў аўтобус, адправілі дадому: “Дзякаваць Богу, цяпер дзеткі будуць і накормленыя, і апранутыя”. Як бы не так! Высветлілася, што “прадпрымальная” мама ўсе закупленыя тавары па дарозе дадому паспела абмяняць на спіртное. Праз некалькі дзён яе дзяцей змясцілі ў прытулак.

Не дзіва, што сярод людзей, якія з сіл выбіваюцца, каб забяспечыць неабходным свае сем’і, расце абурэнне. Чаму нехта можа дазволіць сабе жыць лёгка, ні пра што і ні пра каго не клапаціцца і мець пры гэтым усё “на талерцы з блакітнай каёмкай”, а камусьці даводзіцца ўсё жыццё напружвацца? Чаму трэба трымаць на сваіх плячах людзей, якія не прыносяць ні карысці, ні хоць якой мінімальнай аддачы грамадству?

Нехта можа сказаць: “Што з іх возьмеш, хворыя яны, іх неабходна лячыць ад алкагольнай залежнасці”. НЕ! Далёка не ўсе з гэтых людзей пакутуюць ад прагі да чаркі, дэпрэсій, псіхозаў. Дыягназ у іх іншы – безадказнасць у адносінах да дзяцей, грамадства, духоўная лянота, эмацыянальная пустэча. Піць можа кінуць кожны – галоўнае гэтага шчыра захацець. Вядома ж, куды прасцей круціцца ў п’яным віры, чакаючы – а часам і патрабуючы – дапамогі ад дзяржавы, якой няма нічога аддаць узамен…

Алена ЖДАНЮК,

псіхолаг ДУ “Валожынскі ТЦСАН”.

 



Добавить комментарий