ХУТКІ СТАРТ – І ЧАРГОВЫЯ ПЕРАМОГІ

Спорт

Напрыканцы лістапада ў сталіцы прайшло адкрытае першынство спартыўнай дзіцяча-юнацкай школы “Атлет” па лёгкай атлетыцы.

Удзельнічалі ў ім каманды амаль з усіх раёнаў вобласці, запрасілі сюды і баранавіцкіх спартсменаў (Брэсцкая вобласць), не пакінулі без увагі спаборніцтвы і гаспадары-мінчане.

Валожынскія лёгкаатлеты – выхаванцы трэнераў Аляксандра Чарняўскага і Анастасіі Паталей – выступілі ў трох узроставых групах на дыстанцыях 600 і 1000 метраў. Самыя малодшыя спартсмены-івянчане 2001 года нараджэння заваявалі 5 узнагарод. Дзіяна Сакалоўская стала залатым прызёрам у бегу на 600 метраў і з другім вынікам пераадолела 1000-мятровую дыстанцыю. “Золата” і “серабро” заваяваў і Яўген Бурачэўскі, а Юлія Адамовіч, прабегшы кіламетр, замкнула тройку лідараў.

У сярэдняй узроставай групе святкаваў перамогу Уладзімір Княжэвіч, на абодвух дыстанцыях у яго першыя месцы. Дзевяцікласнік Івянецкай сярэдняй школы на гэтых спаборніцтвах упершыню выканаў нарматыў II дарослага разраду. Яго паплечніцы Сняжана Бурачэўская і Марына Бубен, пераадолеўшы 1000 метраў, занялі на п’едэстале гонару 3-ю і 4-ю пазіцыі адпаведна. Старэйшую ўзроставую групу прадставіў Сяргей Халапук. Ён і перамог на дыстанцыі 600 метраў з вельмі высокім вынікам – 1 хвіліна 27,7 секунды.

Наперадзе ў спартсменаў-івянчан вельмі складаны старт у Маладзечне на спаборніцтвах “Залатая міля”. Удзел у гэтых спаборніцтвах пацвердзілі многія каманды з Беларусі, будуць там і госці з расійскага Калінінграда. Пажадаем жа нашым землякам такіх жа хуткіх секунд і пабольш медалёў!

Сяргей САДОЎСКІ.

 



Добавить комментарий