СНЕГУ НАВАЛІЛА!

Общество

Зіма ўладарна заявіла пра сябе: шчодрыя снегапады абрушыліся на зямлю.

Прырода нібы выпрабоўвае чалавека на гаспадарлівасць, а камунальныя, дарожныя службы – на арганізаванасць. Белыя горы снегу выраслі літаральна за некалькі сутак.

Багаты арсенал тэхнікі задзейнічаны ў горадзе, у населеных пунктах, на цэнтральных і прасёлкавых шляхах. Робіцца ўсе, каб звыклы паўсядзённы рытм жыцця раёна не парушаўся…

Дарожнікам, камунальнікам даводзіцца ўставаць цяпер ні свет ні зара, каб да пачатку новага дня і пешаходам, і шматлікаму транспарту стварыць і сапраўды “безбар’ернае” асяроддзе. Калі таго патрабуе сітуацыя, не спыняюцца ўборачныя работы і ў начны час.

Толькі з тэрыторыі горада Валожына за некалькі дзён было вывезена амаль 200 тон снегу. Як у сваёй стыхіі адчувае сябе ў гэтыя дні ў барацьбе з гэтай прыроднай стыхіяй Казімір Іосіфавіч ТРУБАЧ, які працуе на РУП “Валожынскі жылкамунгас”. На манеўраным, магутным “Амкадоры” вопытны механізатар заўсёды выходзіць пераможцам у барацьбе са снежнымі заносамі.

Гэта Казіміру Іосіфавічу і яго шматлікім калегам мы павінны быць удзячныя за камфорт і зручнасць на вуліцах і дарогах у зімовы сезон.

Паважаныя кватэра- і домаўладальнікі! Па магчымасці асабісты транспарт у гэтыя зімовыя дні пакідайце ў гаражах. А калі гэта немагчыма і ён “начуе” на вуліцы, то прыпаркоўвайце свае аўто на аптымальнай адлегласці ад пад’ездаў жылых дамоў. Памятайце, што ваш транспарт не павінен стаць перашкодай у выпадку неабходнасці для руху машын хуткай дапамогі, газавай, электрычнай, пажарнай і іншых аварыйна-выратавальных службаў.

 

У адносінах да парушальнікаў устаноўленых правілаў паркоўкі могуць быць прыменены штрафныя санкцыі. Праяўляйце дысцыплінаванасць!

Фота Сяргея БОБРЫКА.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *